viasna on patreon

У абаронцаў Курапатаў патрабуюць дэмантаваць 13 крыжоў

2018 2018-10-30T15:43:10+0300 2018-10-30T16:02:47+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kryzhy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Крыжы у Курапатах. Фота: svaboda.org

Крыжы у Курапатах. Фота: svaboda.org

Праваабаронцам стала вядома, што 29 кастрычніка КУП “Мінскаблдарбуд” накіраваў абаронцам Курапатаў Сяргею Чайко, Зміцеру Дашкевічу, Ягору Лаўрухіну, Сяргею Масюку і Валеру Рабцаву прэтэнзіі з патрабаваннем у тэрмін да 31 кастрычніка дэмантаваць 13 крыжоў, усталяваных актывістамі ва ўрочышчы “Курапаты”.

Калі за тры дні актывісты не выканаюць патрабаванні КУП, то “несанкцыявана усталяваныя крыжы будуць дэмантаваны самастойна КУП з далейшым выстаўленнем рахунка”. Арыентыровачная сума аднаго толькі дэмантажа складае 733 руб., не лічачы аднаўленне паласы адводу да першапачатковага належнага стану, пазначаецца ў прэтэнзіі. І ў такім выпадку КУП паведамляе, што мае намер звярнуцца ў суд.

Прэтэнзія была складзена на падставе пастановаў аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 18.35 КаАП Рэспублікі Беларусь (пашкоджанне або забруджванне аўтамабільнай дарогі ці іншага дарожнага збудавання), якія былі вынесены ў дачыненні да актывістаў. Абаронцаў Курапатаў аштрафавалі за тое, што яны групай асобаў “у паласе адводу аўтамабільнай дарогі Н-9031 Каладзішчы-Заслаў’е выконвалі работы па самавольнай усталёўцы крыжоў у колькасці 13 штук без неабходных узгадненняў”.

Актыўны абаронца Курапатаў, Валер Мінец, вядомы тым, што прывозіў на грузавіку крыжы ў Курапаты, з-за якіх напрыканцы чэрвеня адбыўся канфлікт з Дзяржаўтаінспекцыяй і Ленінскім РУУС, пракаментаваў гэтыю сітуацыю:

“Супрацьстаяць неабходна ў першую чаргу выкарыстоўваючы законныя сродкі. Мяркую, што рашэнне аб дэмантажы неабходна абскарджваць у судзе, на перыяд разгляду ў судзе справы дэмантаж мусіць быць спынены. Грошы збіраліся талакою, усёй грамадзянскай супольнасцю, таму прычыненне шкоды крыжам будзе нічым іншым, як валюнтарыскім захадам дзяржавы па захопу і знішчэнню Народнага Мемарыялу. Калі хоць неяк можна прыняць усталёўку дзяржаўнага помніка ахвярам рэпрэсій, то знішчэнне крыжоў - гэта ёсць крок адкрытага супрацьстаяння з усім грамадствам Беларусі. На такі крок можа ісці толькі акупанцкая ўлада”.

Сёння адзін з ініцыятараў усталёўкі крыжоў Зміцер Дашкевіч у фэйсбуку адзначыў, што на выраб і перавозку 70 крыжоў у Курапатах было сабрана дзесяць тысяч беларускіх рублёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства