Генадзь Фядыніч: Звязалі па руках і нагах
На рэжыме “дамашняй хіміі” лідары прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік адбываюць пакаранне ўжо каля двух месяцаў. Яны распавялі сайту palitviazni.info пра тое, з якімі нязручнасцямі даводзіцца ім сутыкацца падчас знаходжання ў такім статусе.
У дачыненні да Ігара Комліка абмежаванні пачалі дзейнічаць з 19 снежня мінулага году, да Генадзя Фядыніча – з 4 студзеня гэтага году.
Ігар Комлік: Нават з унукамі у выхадныя не пагуляеш у парку
– За ўвесь час адбыцця пакарання, пачынаючы з 19 снежня, міліцыянер прыйшоў на кватэру праверыць, ці знаходжуся я дома, усяго адзін раз. Акрамя таго, аднойчы наведалася і паштальёнка, прынесла ў выхадны дзень ліст з паведамленнем. Не выключаю, што гэта таксама адзін з метадаў праверкі, ці не парушаю я рэжым.
Увогуле, правесці ўсе выхадныя ў кватэры, не выходзячы нават на вуліцу (а гэта забараняецца), у пэўнай ступені невялікае катаванне. Ды і ў бытавым плане нязручнасцей хапае. Напрыклад, жонка хоча, каб у суботу ці нядзелю я разам з ёй схадзіў у магазін, а мне гэта нельга рабіць.
Акрамя таго, не магу з унукамі пагуляць на вуліцы ў выхадныя – схадзіць з імі на якое-небудзь мерапрыемства альбо проста прайсціся ў парку.
Але і ў адмоўным заўсёды можна знайсці нешта станоўчае. Таму, калі не маю магчымасці пакінуць межы кватэры, раблю ўборку, займаюся нейкімі працоўнымі справамі.
– А калі вам неабходна з’ездзіць у камандзіроўку па працы?
– Пакуль ні я, ні Фядыніч у камандзіроўках не былі, а таму і не звярталіся з гэтай нагоды за дазволам. Але ведаю, што Генадзь Фядыніч выходзіў некалькі разоў на працу па суботах. Пры гэтым, натуральна, ставіў у вядомасць пэўныя інстанцыі.
– Наколькі вядома, вы падалі наглядную скаргу на прысуд старшыні Мінскага гарадскога суда. Ці ёсць ужо адказ?
– Мы адразу сказалі, што, калі будзе абвінаваўчы прысуду, то пройдзем усе ступені абскарджвання. І пасля таго, як Мінскі гарадскі суд пакінуў у сіле рашэнне раённага суда, 1 лютага намі і насамрэч была пададзена наглядная скарга на ім старшыні гарадскога суда. Але адказу яшчэ не маем, чакаем яго ў бліжэйшыя дні. Спадзяванні, натуральна, невялікія, але, тым не менш. Атрымаем адмову – далей будзе абскарджванне ў Вярхоўным судзе.
Генадзь Фядыніч: Звязалі па руках і нагах
– “Дамашняя хімія” – гэта, безумоўна, не турэмны рэжым, але і не той графік працы, які павінен быць у саветніка кансультанта (такая ў мяне зараз пасада) прафсаюза РЭП. Часам працы, як кажуць, вышэй даху, а трэба яшчэ перажываць, каб да 19.00 дома апынуцца.
Альбо пайшоў у краму ці паліклініку і таксама трэба глядзець на гадзіннік. Хаця ў той жа паліклініцы нікога не цікавіць, што ты знаходзішся на “дамашняй хіміі”, талон могуць выдаць на любы час. І што рабіць у такім выпадку?
А ў мінулую пятніцу памерла мая суседка. У суботу было з ёй развітанне. Аднак я не змог прысутнічаць ні на развітанні, ні на пахаванні ў нядзелю, бо ў гэтыя дні не змог датэлефанавацца да тых, хто кантралюе мой рэжым адбыцця пакарання. Яны, відаць, адпачывалі. Адным словам, гэтым рэжымам ты звязаны па руках і нагах, хаця сітуацыі бываюць самыя непрадказальныя.
– Гэта праўда, што некалькі разоў у суботу вы выходзілі на працу, хаця ў выхадныя павінны быць дома?
– Калі не хапае часу, каб зрабіць усю працу у буднія дні, то наш прафсаюз працуе і па суботах. У студзені, напрыклад, былі тры працоўныя суботы, у лютым – адна. Таму прафсаюз РЭП рыхтаваў пра гэта адпаведныя паперы, а я затым перадаваў іх у міліцыю, і тыя былі пастаўлены ў вядомасць. Мы ўсё зрабілі па законе, але маглі праверыць у любы момант, ці знаходжуся я на працы.
Адным словам, тут шмат нюансаў, але пакуль з тых, хто адбывае пакаранне на “дамашняй хіміі”, толькі я задаю нязручныя пытанні. Дарэчы, толькі ў маім Цэнтралым раёне Мінска на такім рэжымі знаходзяцца 120-130 чалавек. Але ўсе яны маўчаць. Хаця, нават калі чалавек адбывае пакаранне, то ён таксама мае свае правы. І гэтыя правы ніхто не павінен парушаць.
– Калі прафсаюз будзе праводзіць нейкія акцыі, ці зможаце ў іх удзельнічаць?
– Парушэння рэжыму не будзе, калі акцыі будуць дазволеныя ўладамі. У адваротным выпадку могуць вынесці папярэджанне.
Нагадаем, што 9 лістапада мінулага года ў Мінскім гарадскім судзе лідары прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік абскарджвалі прысуд ад 24 жніўня 2018 года, паводле якога яны прызнаны вінаватымі па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры). Суд Савецкага раёна асудзіў кіраўнікоў прафсаюза РЭП на 4 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу. Мінскі гарадскі суд пакінуў рашэнне раённага ў сіле.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96