Параўнаем? Падлік галасоў ва Украіне і Беларусі Відэа
Ва Украіне скончыўся другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Паводле афіцыйных звестак Цэнтрвыбаркама Украіны, Уладзімір Зяленскі перамог з вынікам 73,22 адсотка галасоў. Цяпер у краіне адбываецца падрыхтоўка да інаўгурацыі новага прэзідэнта.
Беларускія журналісты і праваабаронцы прысутнічалі на падліку галасоў 21 красавіка на адным з выбарчых участкаў г. Кіева. Яны адзначылі адкрытасць і празрыстасць украінскай працэдуры падліку галасоў.
Юрыст ПЦ “Вясна” Алег Пашкевіч, які таксама прысутнічаў пры падліку галасоў на ўчастку №800583 г. Кіева, падкрэсліў, што падлік праводзіўся празрыста:
“Усе прысутныя маглі спраўдзіць дадзеныя падліку. Назіральнікі і прадстаўнікі прэссы маглі бачыць змест кожнага бюлетэня, весці фота- і відэаздымку без перашкодаў. Пры гэтым варта адзначыць, што каміссія трошкі адышла ад вызначанай законам працэдуры. Пры падліку бюлетэняў са стосаў кожнага з кандыдатаў кожны бюлетэнь не дэманстраваўся асобна, але спраўдзіць пазнакі ў бюлетэні можна было падчас сартавання. Стосы пералічваліся некалькі разоў. У падліку ўдзельнічалі ўсе сябры камісій. Назіральнікі ў гэты час сядзелі за сталом разам з сябрамі камісій. Усе спрэчныя пытанні па зместу бюлетэняў вырашаліся галасаваннем”.
Працэдура падліку галасоў на ўкраінскіх выбарах можа быць прыкладам для ўрэгулявання гэтага пытання ў беларускім заканадаўстве, адзначае Алег Пашкевіч.
Прапаноўваем паглядзець відэа і параўнаць, як адбываецца падлік галасоў у Беларусі і Украіне. Як праводзіцца падлік галасоў падчас выбараў прэзідэнта ў Беларусі ў 2015 годзе зняла на відэа замежная журналістка на адным з выбарчых участкаў у Мінску. На другім відэа бачна, як адбываецца падлік галасоў на прэзідэнцкіх выбарах у суседняй краіне.