viasna on patreon

Міліцыянты спынілі дзве адміністрацыйныя справы супраць Барыса Хамайды

2019 2019-06-04T17:21:55+0300 2019-06-04T17:21:56+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/hamaida-2019.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ад пачатку 2019 году актывіста Барыса Хамайду затрымлівалі каля “сіняга дому” ў Віцебску тройчы – напярэдадні Дня Канстытуцыі, на Дзень Волі і 30 красавіка, піша "Віцебская Вясна". Ва ўсіх трох выпадках на яго складалі пратаколы за загрувашчванне вуліцы (арт. 21.14 КаАП). Як стала вядома, дзве адміністрацыйныя справы супраць Хамайды ўжо спыненыя.

Барыс Хамайда. Фота:

Як расказаў Барыс Хамайда, 2 чэрвеня ён атрымаў паведамленне з Чыгуначнага РАУС Віцебску аб скасаванні адміністрацыйнай справы ад 25 сакавіка. З якіх прычынаў справу спынілі – у паперы не тлумачылася.      

“Мне стала цікава, і я схадзіў у РАУС, каб даведацца, чаму спынілі. Паглядзеў справу. Аказалася, міліцыянты некалькі разоў накіроўвалі яе ў адміністрацыйную камісію Чыгуначнага раёну і абодва разы ім яе вярнулі назад – з той прычыны, што недастаткова доказаў”, – патлумачыў Хамайда.

Распавёў, што ў другі раз міліцыянты далучылі да пратаколу сем фотаздымкаў, зробленых у розных ракурсах, на якіх Барыс Хамайда стаіць ля “сіняга дому” і трымае сцяг Віцебску і плакат з цытатай Буніна (“Город Витебск древний и нерусский”).

Але камісіі, каб прыцягнуць Хамайду да адказнасці гэтага аказалася мала. Міліцыянтам адказалі, што з тых фотаздымкаў зусім незразумела, у які час і ў якім месцы яны рабіліся, а таксама – хто канкрэтна парушаў заканадаўства. Больш доказаў міліцыянты не знайшлі і справу спынілі.

Барыс Хамайда паведаміў таксама, што супрацоўнікам Чыгуначнага РАУС не ўдалося давесці да канца і справу, распачатую супраць яго 14 сакавіка (перад Днём Канстытуцыі). Адміністрацыйную справу скасавалі пасля таго, як яе вярнулі ў РАУС на дапрацоўку з адміністрацыйнай камісіі, а дадатковых доказаў вінаватасці Хамайды міліцыянты прад’явіць не змаглі.

Тое, што апошнія справы супраць яго былі скасаваныя, сам Барыс Ханонавіч тлумачыць тым, што “і ў адміністрацыях сядзяць ня дурні”.

“Можа, нам падаецца, што змены недзе вельмі далёка. Але можа так апынуцца, што гэтыя змены недзе зусім побач. Ну людзі ж там таксама не дурныя, разумеюць жа, што трэба і далей будзе жыць. Прыйдзе новая ўлада, ну што ж – ім гэта залічыцца, я мяркую…” – кажа Барыс Хамайда.  

Функцыі старшыні адміністрацыйнай камісіі пры адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску выконвае Марына Смолікава.

Адзначым, што адна адміністрацыйная справа, распачатая ў дачыненні Хамайды 30 красавіка, пакуль не скасаваная. Тады міліцыянтаў выклікала кіраўнічка крамы “Веста” №87 (вул. Леніна, 28), перад якой звычайна стаяў Барыс Хамайда. Цяпер ён распаўсюджвае беларускую сімволіку і літаратуру адразу за рогам гэтага ж будынку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства