Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік год "на хатняй хіміі"
Год таму – 24 жніўня 2018 – суд Савецкага раёна вынес прысуд па крымінальнай справе старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка.
Абодвух прызналі вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса) і пакаралі абмежаваннем волі тэрмінам на 4 гады без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу, без канфіскацыі маёмасці і забаронай займаць кіруючыя пасады на 5 год.
Акрамя таго суд пастанавіў спагнаць з абвінавачаных 47 560 рублёў, а таксама судовыя выдаткі ў памеры 1400 рублёў.
Пасля абвяшчэння прысуду беларуская праваабарончая супольнасць выступіла з заявай, у якой заклікала ўлады перагледзець прысуд і спыніць крымінальны пераслед Фядыніча і Комліка, а таксама спыніць ціск на незалежны прафсаюзны рух і адмовіцца ад неправамернага ўмяшання ў яго дзейнасць.
Міжнародная супольнасць стала на абарону лідэраў прафсаюза РЭП. Так Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў палічыла, што дзеянні ўладаў парушаюць міжнародныя абавязацельствы Беларусі ў галіне правоў чалавека і сваю ўласную Канстытуцыю, і таму абвінаваўчы прысуд павінен быць адменены ў выніку апеляцыі.
На думку міжнароднай праваабарончай арганізацыі Front Line Defenders пераслед прафсаюзных лідараў звязаны выключна з іх мірнай і законнай працай ў галіне абароны правоў чалавека. Таму ўлады Беларусі павінны неадкладна адмяніць прысуды супраць кіраўнікоў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка і цалкам аднавіць іх свабоду.
З патрабаваннем адмяніць пакаранне лідарам незалежнага прафсаюзу РЭП звярнуліся да прэзідэнта Беларусі Глабальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў(МКП).
Аднак Мінскі гарадскі суд 9 лістапада пакінуў прысуд Генадзю Фядынічу і Ігара Комліку без зменаў, а апеляцыйную скаргу без задавальнення.
Цяпер праваабаронцы «Вясны» падрыхтавалі дакументальны фільм “Адзін дзень “хіміка” Фядыніча”, які будзе прэзентаваны на наступным тыдні.
Нагадаем, Генадзь Фядыніч быў затрыманы 2 жніўня 2017 года. На яго кватэры і па месцы працы адбыліся ператрусы, канфіскаваныя носбіты інфармацыі, дакументы. На офіс арганізацыі быў накладзены арышт. Пазней Фядыніч быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе за межы краіны.
Крымінальная справа таксама была ўзбуджаная ў дачыненні да Ігара Комліка, галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП. Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь правялі ператрусы дома ў Ігара Комліка, Генадзя Фядыніча і Наталлі Пічужкінай, а таксама ў офісе прафсаюза РЭП і цэнтральным офісе Беларускага незалежнага прафсаюза ў Салігорску. Канфіскаваныя камп’ютарная тэхніка і фінансавыя дакументы.
Паводле афіцыйнай інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».
Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня 2017 году па 2 кастрычніка 2017 году. Яго таксама вызвалілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.
Па інфармацыі, якую распаўсюдзіў Следчы камітэт, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра. Паводле разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў склала 22867,1 рубля.
Як адбываўся судовы працэс?
Падрабязна аб тым, што адбывалася на судзе ў першы дзень.
Падрабязна аб тым, што адбывалася на судзе ў другі дзень.
Суд па “справе прафсаюзаў”: допыт сведак і праслухоўванне тэлефонаў.
Суд па “справе прафсаюзаў”: што не сказаў супрацоўнік ДФР?
Суд па “справе прафсаюзаў”: непераканаўчая доказная база і палова тома ананімак
Суд па "справе прафсаюзаў": што пачуем у панядзелак?
Суд па “справе прафсаюзаў”: пра афіцыйныя запыты Літве, Швецыі, Даніі
Суд па “справе прафсаюзаў”: паўторны выклік сведкаў і таямнічы буран
Суд па “справе прафсаюзаў”: допыт Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка
Пракурор па "справе прафсаюзаў": "Спагнаць з Фядыніча і Комліка 22 867.10 рублёў"
Суд па “справе прафсаюзаў”: суддзя бярэ тайм-аут
“Справа прафсаюзаў”: працяг праслушкі і вынікі пракурорскай праверкі
Суд па “справе прафсаюзаў”: пракурорка запрасіла па 5 год "хатняй хіміі". Прысуд - праз тыдзень
Прысуд па “справе прафсаюзаў”: абмежаванне волі на 4 гады без канфіскацыі і затрыманні
Тэкст абвінаваўчага прысуду Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку, вынесенага 24 жніўня 2018 года