viasna on patreon

Гародня: здзейсненая правакацыя супраць актывіста Саляніка. Фотафакт

2019 2019-12-13T09:05:59+0300 2019-12-13T09:05:59+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/salianik0301.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Салянік у судзе.

Мікалай Салянік у судзе.

У Гародні супраць мясцовага грамадскага актывіста Мікалая Саляніка перад правядзеннем 15 снежня несанкцыянаванай уладамі акцыі ўчынена правакацыя. Уваход у кватэру, дзе жыве грамадскі актывіст, залеплены клеем, і замок залеплены так, каб не было магчымасці патрапіць у кватэру.

Журналістам Беларускага Радыё Рацыя Мікалай Салянік распавёў наступнае:

– З жонкай ехалі з лецішча. Прыкладна былі 4 гадзіны. Прыязджаем, каля пяці гадзін вечара дахаты, бачым – сапсаваны замок, заткнулі дрэвам і пасадзілі гэтае дрэва на клей. Нават столькі ўлілі клею, што пацякло па дзвярах. Я зноў паспрабаваў сам выкалупаць – не здолеў, выклікаў міліцыю, прыязджала міліцыя, потым участковы, склалі паперы.

Мікола Салянік лічыць, што праблемы з двярыма – гэта правакацыя, зробленая невядомымі асобамі: – Мы ні з кім з суседзяў не лаяліся, нават не ўсіх ведаем, як зваць. Таму прыйшлося майстрам высвідроўваць замок і ставіць новы. Гэта ўжо другі раз. Першы раз гэта было зроблена 29 кастрычніка, як я збіраўся ехаць на ўшанаванне памяці расстраляных паэтаў. Я лічу, што гэта самая сапраўдная правакацыя.

Нагадаем, гарадзенскі актывіст Мікалай Салянік запрасіў грамадзян 15 снежня ўзяць удзел у акцыі „Ланцуг салідарнасці” ўздоўж ходнікаў Старога моста праз Нёман і на адыходзячых ад яго вуліцах.

Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Акцыя ў падтрымку незалежнасці Рэспублікі Беларусь, на яго думку, павінна распачацца а 15.00, паведамляе „Радыё Рацыя”.

Салянік лічыць, што там можна будзе сустрэць гарадзенцаў, якія заклапочаныя магчымай “паглыбленай інтэграцыяй” Беларусі і Расіі.

Грамадскі актывіст Сяргей Верамеенка лічыць, што галоўная мэта акцыі – паказаць, што гарадзенцы падтрымліваюць незалежнасць сваёй краіны:

Акцыя ў Гародні адбудзецца за некалькі дзён да так званай «паглыбленай інтэграцыі», якая адкладзена на 20 снежня і можа прывесці да страты незалежнасці Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства