viasna on patreon

Палітвязень Іван Комар распачынае галадоўку

2020 2020-06-16T11:42:18+0300 2020-06-16T12:24:14+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vanya.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Іван Комар. Фота: ПЦ "Вясна"

Іван Комар. Фота: ПЦ "Вясна"

Як піша "Новы час", анархіст Іван Комар паведаміў, што з 16 чэрвеня абвяшчае галадоўку. Гэтым актам ён "жадае выказацца ў падтрымку Мікіты Емяльянава, а таксама ўсіх без выключэння палітвязняў Беларусі, у тым ліку і тых, каго вераломна прысудзілі да адміністрацыйных арыштаў і ў гэты самы момант падвяргаюць катаванням". Пра цвёрды намер абвясціць галадоўку Іван Комар паведаміў сваёй сяброўцы, піша суполка dissidentby.

29 траўня Мікіта Емяльянаў быў пераведзены на строгі рэжым турэмнага зняволення. 9 чэрвеня ён этапаваны ў турму №4 г. Магілёва. Нагадаем, 12 лютага 2020 года суд Савецкага раёна Мінска асудзіў 19-гадовых анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара на сем гадоў пазбаўлення волі кожнага ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Іх асудзілі за дзве акцыі: Мікіта Емяльянаў кінуў лямпачку з чырвонай фарбай у будынак Мінгарсуда, дзе ў той дзень мусіў пачацца суд на Дзмітрыем Паліенкам. А пазней двойчы кідаў «кактэйль Молатава» ў дзверы ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Іван Комар у гэты момант быў у суседнім скверы.

Свой учынак анархісты патлумачылі тым, што яны выступаюць супраць пераследу палітычных зняволеных. Абодвух прызналі вінаватымі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: артыкул 341, частка 1 артыкула 14, частка 2 артыкула 218, частка 2 артыкула 295-3. 27 сакавіка Мінскі гарадскі суд змяніў прысуд суда Савецкага раёна: Емяльянаву – 4 гады пазбаўлення волі, Комару – 3 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі. Праваабарончая супольнасць прызнала Мікіту Емяльянава і Івана Комара палітычнымі вязнямі.

Падтрымаць вязняў можна лістамі і паштоўкамі:

Іван Комар: вул. 1-я Заводская, д.8, ПК-17, 213004 г. Шклоў, Беларусь.

Мікіта Емяльянаў: турма №4, вул. Крупскай, 99а, 
 212011 г. Магілёў, Беларусь.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства