viasna on patreon

7 сутак арышту. Як асудзілі журналістку Анастасію Захарэвіч

2020 2020-09-07T19:40:07+0300 2020-09-07T20:01:51+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/2020-09-07_zaharevich_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Цэнтральнага раёна горада Менска прайшло судовае паседжанне над журналісткай-фрылансеркай Анастасіяй Захарэвіч. Паказанні сведкі Цітова (міліцыянта Цэнтральнага РУУС) не супалі з пратаколам і рапартам, падпісаным яго імем, аднак гэта не перашкодзіла суддзі Шабуне вынесці рашэнне аб арышце ў 7 сутак (частка 1 артыкула 23.34 КаАП).

Перад судовым пасяджэннем сакратар змясціла кампутар з трансляцыяй Анастасіі Захарэвіч такім чынам, што гледачы не маглі яе бачыць
Перад судовым пасяджэннем сакратарка змясціла кампутар з трансляцыяй Анастасіі Захарэвіч такім чынам, што гледачы не маглі яе бачыць

У судовым пасяджэнні Анастасія Захарэвіч удзельнічала праз відэаканферэнцсувязь з дапамогай праграмы Skype. На дадзены момант яна знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання (1-ы завулак Акрэсціна). Затрымалі журналістку пятага верасня ў 16.45, згодна са складзеным пратаколам. Таксама ў пратаколе пазначана, што Анастасія наўмысна парушыла закон Аб масавых мерапрыемствах, паўдзельнічаўшы ў вулічным шэсці ў перыяд часу з 15.30 да 16.30 па маршруце ад вуліцы Веры Харужай, 8 да праспекта Незалежнасці, 47. Сама Анастасія патлумачыла на судзе, што сапраўды знаходзілася там, аднак лозунгі не выкрыквала, не мела ніякай атрыбутыкі і вялікую частку часу ішла ў баку ад калоны. Яна рабіла фатаграфіі шэсця, каб пасля частку з іх размясціць на сваёй старонцы facebook, а ў выпадку цікавасці да іх з боку СМІ – прадаставіць іх ім. Анастасія з'яўляецца журналісткай-фрылансеркай і апошнія тры гады працуе па дамове падраду, актыўна супрацоўнічае з TUT.BY і "Экадом".

Сведка Андрэй Цітоў (па сумяшчальніцтве супрацоўнік Цэнтральнага РУУС) у сваім выступе праз відэасувязь нечакана заявіў, што затрымаў Насту каля шасці вечара. Гэта высветлілася пасля пытанняў да сведкі з боку адваката Захарэвіч:

— Калі вы бачылі Захарэвіч?

— У палову шостага.

— А затрымалі?

— Каля шасці.

— Вы добра памятаеце падзеі?

—Не вельмі.

— Чаму менавіта яе затрымалі? Там было каля 1000 чалавек.

— Цяжка адказаць.

— Як доўга назіралі Захарэвіч?

— Нядоўга.

—  Вы ўпэўненыя, што яна ўдзельнічала?

— Удзельнічала

— З чаго гэта вынікае?

— Рухалася ў складзе калоны.

— Я ж пытаюся, ці доўга вы назіралі? Вы адказалі, што нядоўга.

— Гэта паняцце няпэўнае.

— Канкрэтна можаце сказаць, што рабіла Захарэвіч?

— Не.

— Час затрымання ў пратаколе пазначаны дакладна?

— Думаю, што так.

Суддзя Шабуня вырашыла зачытаць рапарт Цітова, з якога вынікае, што ён бачыў, як пятага верасня група грамадзян ішла па марштруце ад вуліцы Веры Харужай, 8. Сярод іх была Захарэвіч. Затрыманьне адбылося ў 16.45. Аднак сведка на гэта нічога не змог патлумачыць.

Сама Анастасія Захарэвіч адзначыла, што мае магчымасць аплаціць штраф, калі такім будзе рашэнне суда.

"Я вельмі моцна замерзла пасля двух сутак у ізалятары і мне патрэбна медыцынская дапамога", — сказала яна падчас судовага паседжання.

Як распавяла маці Анастасіі, яе дачка мае патрэбу ў штодзённым прыёме лекаў, аднак у ізалятары ёй іх не хопіць. Сакратарка не дала пагутарыць маці з дачкой пасля суда, адразу зачыніўшы экран кампутара. Маці Анастасія адправілася ў ІЧУ на Акрэсьціна, каб паспрабаваць перадаць лекі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства