viasna on patreon

Каб агучыць колькасць загінулых на акцыях пратэсту, пракурору трэба правесці "аналітычную працу"?

2020 2020-09-09T20:50:51+0300 2020-09-09T22:58:07+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/boinja-2020-08-09-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Разгон мірнай дэманстрацыі ў Мінску 9 жніўня. Фота Радыё Свабода

Разгон мірнай дэманстрацыі ў Мінску 9 жніўня. Фота Радыё Свабода

Пракурор горада Мінска адказаў на скаргу юрыста ПЦ "Вясна" Паўла Сапелкі аб непрадстаўленні звестак аб колькасці загінулых і параненых падчас падаўлення мірных пратэстаў 9-13 жніўня.

Нагадаем, раней Павел Сапелка звяртаўся ў пракуратуру і прасіў узбудзіць крымінальную справу па шматлікіх фактах злачынстваў, якія падпадаюць пад ч. 3 арт. 426 КК (Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў) і ч. 3 арт. 455 КК (Злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады альбо бяздзейнасць улады), учыненых супрацоўнікамі міліцыі і вайскоўцамі. А таксама прасіў даць дадзеныя аб колькасці паведамленняў аб раненні і смерці асобаў з прычыны прымянення фізічнай сілы, спецсродкаў, зброі, баявой і спецыяльнай тэхнікі на мірных акцыях пратэстаў, якія паступілі ў гарадскую і раённыя пракуратуры па Мінску.

Аднак пракуратура ў чарговы раз паслужыла "паштовым аддзяленнем", перанакіраваўшы звароты ў іншыя дзяржведамствы, а сама адмовілася даваць запытаную інфармацыю юрысту.

Пракуратура адмаўляецца паведамляць інфармацыю аб раненнях і смерцях на мірных акцыях пратэсту

Юрыст «Вясны» Павал Сапелка атрымаў адказ на свой зварот у пракуратуру Мінска наконт непрапарцыйнага прымянення фізічнай сілы, зброі і спецыяльных сродкаў, катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага абыходжання супрацоўнікамі сілавых ведамстваў да затрыманым ўдзельнікам мірных акцый пратэсту.

Гэтую адмову праваабаронца "Вясны" абскардзіў пракурору горада Алегу Лаўрухіну, указаўшы, што інфармацыя пра смерці і раненні з'яўляецца агульнадаступнай, згодна з Законам "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі".

Цяпер жа пракурор у адказе на скаргу спасылаецца на тое, што "агульнадаступная інфармацыя можа не прадастаўляцца на падставе звароту ў выпадку, калі для атрымання запытваемай інфармацыі патрабуецца правядзенне аналітычнай працы, непасрэдна не звязанай з абаронай правоў і законных інтарэсаў асобы, якая звярнулася".

І менавіта такую аналітычную працу неабходна правесці пракуратуры для ўстанаўлення колькасці паведамленняў аб смерцях і раненнях мірных дэманстрантаў.

Павел Сапелка пракаментаваў адказ сталічнай пракуратуры.

"У пракуратуры горада Мінска няма звестак аб колькасці выпадкаў прымянення зброі на вуліцах горада ў працэсе разгону пратэстных акцый. Або пракуроры па звычцы хлусяць – мне, сваім начальнікам, самім сабе. Можна, вядома, раздзімаць шчокі і строіць з сябе ўплывовы наглядальны орган, але тады варта ведаць, колькі выбухаў і стрэлаў пачулася на вуліцах сталіцы, колькі чалавек забіта і паранена людзьмі з МУС, КДБ і Міністэрства абароны", – падкрэсліў юрыст "Вясны".

Ён адзначае, што відавочка, Алег Лаўрухін не гатовы прарабіць "аналітычную працу", таму што мяркуе, што запытаныя праваабаронцам звесткі не звязаныя з абаронай яго правоў і законных інтарэсаў.

"Што ж, гэта ўжо другі варыянт "законнага рашэння": намеснік пракурора лічыў, што гэтая ж інфармацыя з'яўляецца інфармацыяй абмежаванага распаўсюджвання, для службовага карыстання. Яго больш галоўнага калегу я змог пераканаць спасылкай на закон, што такая інфармацыя не можа быць абмежаваная да распаўсюджвання, таму ён прыдумаў свой, такі ж пераканаўчы довад.

Вядома, калі б я быў упэўнены, што пракуроры чытаюць і ведаюць закон, умеюць вырабляць нескладаныя арыфметычныя разлікі, то я б пагадзіўся – навошта мне ўсе гэтыя веды?

Але пакуль наша пракуратура сляпая, безыніцыятыўная і баязлівая, калі тысячы ахвяраў міліцэйскай жорсткасці засталіся безабаронныя, а злачынцы – беспакараныя, ці вам разважаць аб абароне маіх законных інтарэсаў? Я жыву ў гэтым горадзе і хаджу па яго вуліцах – гэтага дастаткова, каб закон і права на падкантрольнай пракуратуры тэрыторыі былі маёй справай", – сказаў Павел Сапелка.

Праваабаронца плануе абскарджваць адказ пракурора горада.

"І мне цікава, у Генеральнай пракуратуры таксама лічаць складанне "аналітычнай працай"? Ці ў іх будзе свой аргумент, як адмовіць грамадзянам у праве ведаць, што адбываецца ў краіне, і як іх правы бачыць сабе яшчэ адна група чыноўнікаў?", – задаецца пытаннямі Павел Сапелка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства