Навіны на тэму: выбары-2008
26.09.2008 Пракуратура сочыць за назіральнікам
Ельская раённая пракуратура завяла адміністрацыйную справу пра парушэньне заканадаўства аб выбарах супраць актывіста АГП і назіральніка з Калінкавічаў Дзяніса Рабянка.
26.09.2008 Гародня: Моладзь гоняць на датэрміновае галасаванне
Сёння давераная асоба Сяргея Антусевіча Сяргей Мальчык у Педагагічным Коледжы Гародні сутыкнуўся з групай актывістаў БРСМ, якія вылоўлівалі студэнтаў і цягнулі іх на выбарчыя ўчасткі, каб тыя прагаласавалі датэрмінова.
26.09.2008 Зьміцер Прэдка затрыманы з улёткамі пра выбары
Сябра ГА БНФ "Адражэньне" Зьміцер Прэдка распаўсюджваў у адным зь інтэрнатаў Зялёнага Лугу незалежную інфармацыю аб выбарах з вытрымкамі з выбарчага заканадаўства. У памяшканьні інтэрната Зьміцер быў груба затрыманы дружынай, якая дзейнічала ў адпаведнасьці з загадам кіраўніка інтэрнатаўскай дружыны і ідэоляга Дзмітрыя Фёдаравіча Кузьняцова, які зьяўляецца сябрам акруговай выбарчай камісіі па Ўсходняй выбарчай акрузе № 107.
26.09.2008 Глыбокае: Берніковіч правёў пікет на ганку райвыканкаму
Кандыдат ад Партыі БНФ па Глыбоцкай выбарчай акрузе № 22 Яраслаў Берніковіч у рамках сваёй агітацыйнай кампаніі правёў аднаасобную акцыю пратэсту супраць недэмакратычных мэтадаў, якія выкарыстоўваюцца падчас гэтых выбараў. Акцыя адбывалася ў цэнтры Глыбокага, а гледачамі былі шматлікія мінакі.
26.09.2008 У мікрараёне Сухарава міліцэйскі патруль затрымаў актывіста Руху “За Свабоду” Карэна Акопава.
Актывіст затрыманы нібыта за распаўсюд налепак позна вечарам 25 верасня. Яго адвезлі для разбіральніцтва ў гарадскі аддзел міліцыі № 2, што на вул. Адзінцова. Як вядома, у сувязі з выбарамі, на гэтым тыдні беларуская міліцыя працуе ва ўзмоцненым рэжыме.
26.09.2008 Баранавіцкай недзяржаўнай газеце адмовілі ў інфармацыі пра датэрміновае галасаванне
Прадстаўнікі акруговых выбарчых камісій г. Баранавічы і Баранавіцкага раёна адмовіліся прадаставіць карэспандэнту недзяржаўнай мясцовай газеты «Intex-press» Руслану Гарбачову інфармацыю пра колькасць выбаршчыкаў, што прагаласавалі датэрмінова.
26.09.2008 На Гарадзеншчыне здымаюцца кандыдаты
Барацьбу за 110 дэпутацкіх мандатаў працягваюць 263 кандыдаты. Гэту лічбу “Свабодзе” назвалі сёньня ў Цэнтральнай выбарчай камісіі.
26.09.2008 Акцыя 28 верасня забаронена
Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт не дазволіў правядзенне 28 верасня на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску акцыі пратэсту.
25.09.2008 Шклоў: Новыя выбарчыя тэхналогіі?
На адным з выбарчых участкаў Шклоўскай выбарчай акругі №90, які знаходзіцца ў вёсцы Гавяды, 25 верасня “выпрабавалі” новую тэхналогію галасавання: без старшыні і членаў выбарчай камісіі, без міліцыі, але з адкрытымі для галасавання скрынямі.
25.09.2008 Гародня: прадстаўнікам БХК даюць адпіскі і прапаноўваюць азнаёміцца з вынікамі выбараў толькі 29 верасня
Як паведаміў прадстаўнік РПГА “Беларускі Хельсінскі Камітэт” па Гродзенскай вобласці Раман Юргель, сябры БХК накіравалі ў акруговыя камісіі афіцыйныя запыты з просьбай прысутнічаць на паседжаннях акруговых камісій, дзе яны зарэгістраваныя назіральнікамі і забяспечыць магчымасць азнаямлення з вынікамі выбараў у пратаколах участковых выбарчых камісій увечары 28 верасня.
25.09.2008 Слуцк: Настаўнікаў прымушаюць галасаваць датэрмінова
Фотаздымак абвесткі, якая вісіць у настаўніцкай Слуцкай гімназіі №1 змясціў у сваім блогу baradzied.livejournal.com
25.09.2008 Гародня: Змяніліся паводзіны кіраўніцтва ўчастковых камісій
Давераныя асобы дэмакратычных кандыдатаў і незалежныя назіральнікі адзначаюць істотныя зьмены ў паводзінах кіраўніцтва ўчастковых камісій па Гарадзенскіх выбарчых акругах. Калі ў аўторак прадстаўнікі участковых камісій ахвотна ішлі на кантакт і прадастаўлялі афіцыйную інфармацыю, то ў сераду іх нібы падмянілі. Абумоўлена гэта тым, што па некаторых даных у аўторак, пасля выступу напярэдадні Аляксандра Лукашэнкі і яго заяваў датычна таго, хто павінен быць сапраўдным гаспадаром на выбарчых участках, у Гарадзенскім аблвыканкаме прайшла нарада, на якой кіраўніцтва камісіямі атрымала новыя адпаведныя інструкцыі.
25.09.2008 Барысаў: Журналісты пад назіраннем
Журналісты міжнароднага тэлеканала кругласутачнага вяшчання "France 24" сёння раніцай пабывалі ў Барысаве, дзе здымалі рэпартаж аб агітацыйнай кампаніі кандыдата ў дэпутаты па Барысаўскай гарадской выбарчай акрузе №62, кіраўніка зарэгістраванай ва Украіне кампаніі "За вольнае развіццё прадпрымальніцтва" Віктара Гарбачова.
25.09.2008 Магілёў: Праваабаронцы Барысу Бухелю адмаўляюць у прысутнасці падчас перадачы ўчастковымі выбарчымі камісіямі пратаколаў у акруговую выбарчаю камісію №86
“Учора я патэлефанаваў у акруговую выбарчую камісію №86, - гаворыць Барыс Бухель, - і выказаў жаданне прысутнічаць у якасці назіральніка падчас перадачы ўчастковымі выбарчымі камісіямі пратаколаў з вынікамі галасавання ў акруговую выбарчаю камісію”. “Слухалку зняла сакратарка гэтай камісіі Надзея Мыджына і сказала мне, што прысутнічаць падчас гэтага працэсу я не маю права, бо гэта не паседжанне акруговай выбарчай камісіі, а тэхнічная праца па прыёмцы пратаколаў. Спадарыня Мыджына падкрэсліла, што прысутнасць назіральнікаў падчас гэтага працэсу не прадугледжана законам”, - працягвае праваабаронца.
25.09.2008 «Ня дай сябе загнаць!» -- акцыя студэнтаў супраць датэрміновага галасавання
Моладзевая ініцыятыва “СтудФармат” з 22 верасня пачала кампанію “Не заганяйся!”. Ідэя - заклік не галасаваць датэрмінова, а таксама паведамляць пра “загоны” ва ўніверсітэтах, каледжах, студэнцкіх інтэрнатах.