viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: ХІІІ. Аюб распавядае пра свой арышт і пра тое, як “сьведка”-наркаман не пазнаў яго на апазнаньні

2019 2019-05-04T16:05:55+0300 2019-05-04T16:25:40+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/titev_aub_sud1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аюб Ціціеў у судзе

Аюб Ціціеў у судзе

Аюб памаўчаў і працягнуў:

“Уся гэтая справа сфабрыкаваная з-за дзейнасьці маёй арганізацыі. Была вялізарная колькасьць пагрозаў пасьля таго, як прыкладна дваццаць чалавек у Чачні зьнікла. Зь лета 2017-га году за офісам было ўстаноўленае пастаяннае назіраньне. Зь верасьня ў двары заўсёды дзяжурылі двое супрацоўнікаў паліцыі. Машына стаяла тая самая, толькі нумары на ёй мяняліся. Мяне, калі выходзіў і заходзіў у офіс, здымалі на тэлефон.

Старшыня парламенту выступіў перад Новым годам і абвінаваціў праваабаронцаў: перашкаджаюць працаваць кіраўнікам рэспублікі. Я зразумеў, што размова ідзе пра нас. Потым былі вялікія выходныя на Новы год. Пасьля сьвятаў я зьбіраўся папярэдзіць супрацоўнікаў, я разумеў, што нас будуць перасьледваць, але да офісу не даехаў. Ніколі за 17 гадоў праваабарончай працы я не лічыў, што знаходжуся ў бясьпецы”.

На наступны дзень пасьля затрыманьня сілавікі шукалі ягонага сына 28-гадовага Бекхана, але не знайшлі. Уся сям’я: жонка і сыны, адзін зь якіх быў яшчэ непаўнагадовы, падхапіліся, як быццам бы ўжо сядзелі на валізах, і зьніклі з Курчалоя, а затым выехалі і з Расіі. А праз пару тыдняў улады разбурылі іхні дом. У Курчалоі, як і ў іншых гарадах Чачні, вырашылі пабудаваць свой Курчалой-сіці і дом Аюбавай сям’і патрапіў пад знос. Пагаджаюцца людзі ці не, ім плоцяць кампенсацыю і – “до свіданія”, паспрабуй запярэчыць.

“Нейкі вар’яцкі дом, – думаю я. – Мала што самога пасадзілі, дык і сям’і ўжо тут няма, і хаты. Сапраўднае разбуранае гняздо”.

Аюб працягвае гаварыць далей. Падзеі разьвіваліся хутка. 17 студзеня невядомыя падпалілі офіс Мемарыялу ў Назрані, 22 студзеня спалілі машыну мемарыяльцаў у Махачкале. 19 студзеня прайшоў вобшук у офісе Мемарыялу ў Грозным па адрасе: вул. Карла Лібкнехта, 21-12.

На балконе знайшлі дзьве цэлыя цыгарэты зь нейкім рэчывам.  Ю. шэпча: “Ляжалі беленькія, чакалі вобшуку, а на вуліцы – слата, дождж. Ніхто з супрацоўнікаў офіса не паліў. Мабыць падкінулі з суседняга балкону”.

І тут вуліца Карла Лібкнехта, як у Менску, – думаю я, – толькі што ў нас яшчэ наркотыкі не падкідваюць”.

Аюб гаворыць і гаворыць. У паперы не зазірае. Трымае ўсё ў галаве. Першага ягонага адваката Султана Цельхігава спрабавалі выкрасьці. У студзені ён неадкладна выехаў з Чачні, дзе зараз знаходзіцца – невядома.

Зразумела, што адбываецца зь людзьмі падчас такіх выкраданьняў. Яны зьнікаюць, калі гэта малавядовыя маладзёны, у якіх няма ўплывовых сваякоў, ці знаходзяцца праз некалькі дзён, і пад запіс на відэа прызнаюць усе свае “памылкі”. Выбар невялікі: ці быць забітым, ці пад катаваньнямі ці пагрозай для родных прызнацца ва ўсіх грахах. Я думаю, добра, што Бекхан пасьпеў выехаць з дому. Прынамсі няма магчымасьці зараз ціснуць на Аюба праз яго. Я згадаў, як супакоіўся я, седзячы ў СІЗА на Валадарцы, калі даведаўся, што мой сын Адам неўзабаве пасьля майго арышту выехаў вучыцца ў Польшчу. Гэта зрабіла мяне мацнейшым. У турме пажадана адказваць толькі за сябе.

І я адразу ж згадаў яшчэ аднаго Адама, зь якім я сустракаўся паўтары месяцы таму ў кастрычніцкай Празе на Форуме 2000, – сына майго калегі, праваабаронцы з Бахрэйну Набіля Раджаба. Набіль сядзеў у турме: у 2017 годзе яму далі два гады за “ілжывую інфармацыю” і “дэскрэдытацыю дзяржавы”, потым улетку 2018-га дадалі яшчэ пяць за “абразу дзяржаўнага органу” і “распаўсюд ілжывых чутак падчас вайны”.

“Перадавай бацьку прывітаньне”, – папрасіў я Адама. Той радасна пагадзіўся, мабыць таксама чуў пра мяне.

“Ты дзе зараз жывеш?” – спытаўся я.

“У Англіі, вучуся”, – адказаў Адам.

“Такі лёс дзяцей праваабаронцаў, – з сумам падумаў я. –  Часта яны расплочваюцца за актыўнасьць сваіх бацькоў “дабраахвотна-прымусовым” выгнаньнем з сваёй радзімы. І мой сын, і сын Набіля, і сын Аюба – усе зьехалі. Цяжка сказаць, як складзецца далей іхняе жыцьцё, але пэўна, што бяз гэтых акалічнасьцяў яно складалася б зусім па-іншаму”.

Адам Раджаб і ягоная сястра Маляк прыехалі ў Прагу, бо Набіль Раджаб увайшоў у кароткі сьпіс намінантаў праваабарончай прэміі Вацлава Гавэла. У гэты сьпіс ўвайшоў таксама і Аюб Ціціеў.  З трох намінантаў – два мае калегі – Аюб і Набіль, якія сядзелі ў турме.  

maliak_adam_radzab.jpg
Маляк, Адам Раджаб і Алесь Бяляцкі

Пераможцу прэміі 2018 года абвясьцілі на адкрыцці сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ў Страсбургу 8 кастрычніка, за тыдзень перад нашай сустрэчай з Адамам у Празе. Ім стаў Аюб. А першым лаўрэатам гэтай прэміі ў 2013 годзе стаў я, калі сядзеў у бабруйскай калоніі.

Я выхаджваў па лакалцы сваю вызначаную сабе самому для праходкі гадзіну, як начальнік атраду, які дзяжурыў тады на “ўзьлётцы”, агульнай паміж атрадамі тэрыторыі, і тупаў насупраць мяне па другі бок жалезнага плата, хітравата так сказаў:

“Ізноў вам, Віктаравіч, прэмію далі”.

Я няўцямна паціснуў плячыма. Ня весьці ж мне зь ім шчырыя размовы. Зэк начальніку атраду – не сябра і не таварыш.

“Шанцуе вам, Віктаравіч, працягнуў начальнік атраду. Вы тут сядзіце пад наглядам, а вам прэміі даюць”.

“Ну дык а чаго ж вы, Барысавіч, не пайшлі ў праваабаронцы,адказаў я. Пасадзілі б вас, і на вас бы тады прэміі сыпаліся”.

Пасьля мяне гэтую прэмію атрымаў мой калега з Азербайджану Анар Мамадлі, які ў той час сядзеў у азербайджанскай турме, а ў 17-м годзе турэцкі журналіст і праваабаронца Мурат Арслан, які таксама сядзеў у турэцкай турме.

“Нейкая нешчасьлівая прэмія гэтая, Вацлава Гавэла”, думаю я.

І тое што адвакат Аюба Султан выехаў-уцёк таксама добра. Яму, чачэнцу, пасьля таго, як узяўся бараніць Аюба, пры гэтай уладзе ўжо тут было ня жыць. У нас у Беларусі у 2011 годзе, калі пазвальнялі адвакатаў, якія баранілі палітычных вязьняў, было ўсё ж крыху лягчэй. Прынамсі іх хоць не выкрадалі і не пагражалі іхнім жыцьцям. Майго адваката, які бліскуча бараніў мяне на судзе, і, саме галоўнае, падтрымліваў мяне маральна, падтрымліваў толькі тым, што – быў, маладога і амбітнага Зьміцера, прымусілі напісаць заяву “па ўласным жаданьні”, так што апеляцыяй займалася ўжо іншая адвакатка. Большасьць з несправядліва звольненых беларускіх адвакатаў тады пайшлі ў праваабарону і ўмацавалі нашыя шэрагі. Не было шчасьця для праваабаронцаў, дык няшчасьце дапамагло.

Аюб распавядае далей. 26 студзеня адвакат Пётр Заікін, які пачаў рэгулярна езьдзіць па крымінальнай справе ў Грозны з Масквы, убачыў, як Аюба вядуць на вочную стаўку басанож і зрабіў заўвагу сьледчаму. Той хацеў адгаварыцца, але паасьцярогся, што вочная стаўка будзе зьняпраўджаная, збуў з сябе чаравікі і аддаў Аюбу абуцца на час апазнаньння. У выніку, сьведка абвінавачваньня нейкі Басханаў, залежны наркаман, не пазнаў Аюба.

novikau_zaikin.jpg
Адвакаты Аюба Ціціева Ілля Новікаў і Пётр Заікін

Сьледчы на наступны дзень прыйшоў на сустрэчу з Аюбам пабіты, з сінякамі на твары. Правал у вочнай стаўцы “дырыжоры” справы звалілі на некампетэнтнасьць сьледчага. Неўзабаве ён адмовіўся весьці гэтую справу і праходзіў па ёй ужо як сьведка. І толькі на другой вочнай стаўцы усё той жа Басханаў “пазнаў” Аюба.

Зала абуранна гудзіць, слухаючы гэтую гісторыю. Суддзя ня робіць аніводнай заўвагі зале, сядзіць – спакойная-спакойная. У нас бы ўжо таго-сяго суддзя павыстаўляла б з залы. Вось жа вытрымка ў гэтай Мадзіны: ці гэта абыякавасьць, ці ўстаноўку ёй такую далі – не разабраць.


Чытайце таксама:  

I. Аюб і Натальля

ІІ. Расійская амбасада, менскі аэрапорт і Акзам

III. Парыж, Шарамецьева, Рамзан Кадыраў і Алег Арлоў

IV. Андрэй Белы, Кастусь Каліноўскі і прафесар Марзалюк

V. “Грозны – цэнтр міру!” Мянялы і Грозны-сіці

VI. “Сэрца Чачні”, праспект Пуціна, вуліца Назарбаева, завулак Лукашэнкі

VII. Грозьненскі музей і прагулкі з Сьвятланай Ганнушкінай па беразе Сунджы

VIII. Дзень другі. “Сонца хілілася на захад, а немцы рваліся да Грознага”

IX. Паездка ў Шалі. Белоруссия ці Беларусь

Х. Суд над Аюбам Ціціевым

XI. Суд у Шалі. Чачня – гэта Еўропа

XII. Выступ Аюба Ціціева ў судзе

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

14 ліпеня 2021 года Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў межах крымінальнай "справы Вясны" і з таго часу знаходзіцца пад вартай. Алесю было прад'яўленае абвінавачванне ў несплаце падаткаў (арт. 243 КК), ён быў прызнаны палітычным зняволеным.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства