Блог Алеся Бяляцкага: XVII. Чачэнскі лорд
У мяне ёсьць хвіліна, я заходжу ў інтэрнэт, пакуль нам не прынесьлі ежу. Даўдаў Магамед, паганяла – Лорд. На фатаздымку – малады яшчэ чачэнец з барадой, адтапыранымі баксёрскімі вушамі і адвязаным позіркам, у гарнітуры і кашулі з гальштукам, якія сядзяць на ім як сядло на карове, і зоркай героя Расіі. Яму – 38 гадоў.
З 14-ці гадоў ваяваў за незалежнасьць Чачні ў першай вайне. Напачатку другой вайны дваццацігадовым ізноў ваяваў, выглядае, што напачатку – на баку незалежнікаў, а потым ужо на баку федэральных войскаў. У 22 гады пачаў служыць у службе бясьпецы Ахмата Кадырава, камандзірам якой быў Рамзан Кадыраў. У 24 гады стаў камандзірам батальёна міліцыі тут, у Шалі. У 26 – начальнікам штабу рэспубліканскага АМАПу ў Грозным, затым у 28 гадоў ізноў вяртаеццца ў Шалі на пасаду начальніка паліцыі раёна. Даслужваецца да палкоўніка, мае багата ардэноў. У 27 гадоў “за мужнасьць і гераізм” атрымлівае званьне героя Расійскай Федэрацыі. Ясна за што. Усе тыя гады ішла бязьлітасная вайна на зьнішчэньне чачэнскай партызанкі. Як пра гэта пісалі ў СМІ, адбылася “чачэнізацыя канфлікту”. Мілая для Масквы справа – чачэнскімі ж рукамі наводзіць крамлёўскі парадак у Чачні.
Гэта як Янка Купала некалі пісаў пра беларусаў:
У беларускім вольным краі,
Зь ярэмнай збрыўшы стараны,
Царыць чужынец, а ў паслугах
Хто?
– Беларускія сыны!
Тое ж, па вялікім рахунку, адбылося і з чачэнцамі, калі адныя зь іх, дзеля ўлады, пачалі забіваць іншых.
Усе гэтыя гады Магамед Даўдаў зьяўляецца набліжаным да Рамзана Кадырава, “ягоным чалавекам”. Калі Рамзан становіцца кіраўніком Чачні, Магамед Даўдаў прызначаецца кіраўніком ягонай адміністрацыі. А ў 2015 годзе, у 35 гадоў яго “абіраюць” старшынём парламенту Чачні. Як пісалі СМІ, Магамед неаднойчы выконваў “сьпецыяльныя даручэньні” свайго шэфа, быў замешаны ў катаваньнях, зьбіцьці і нават забойстве няўгодных Рамзану Кадыраву людзей.
У прыватнасьці, ён у лёхах сваёй адміністрацыі зьбіваў грамадзкага актывіста Руслана Кутаева, пра якога ў сваёй прамове сёньня казаў Аюб. Ён адыгрываў цэнтральную ролю ў арганізацыі кампаніі перасьледу гомасэксуалаў у Чачні ў 2017 годзе, калі незаконна былі затрыманыя больш за сто “вылічаных” сілавікамі геяў, якіх катавалі, зь якіх зьдзекваліся, а некаторых нават забілі. Частка зь ахвяраў, калі іх выпусьцілі “на рукі” сем’ям, уцякла на захад.
“Нецярпімасьць, якая ня мае межаў, – думаю я, – амаль заўсёды пераходзіць з адных “ворагаў” і “збачэнцаў” на другіх”.
Менавіта таму ў гітлераўскіх канцлагерах разам сядзелі як гомасэксуалы, так і камуністы, і сацыял-дэмакраты, і хрысьціянскія дэмакраты, і сьвятары. Яны ўсе для “прававерных” фашыстаў былі адной масьці.
“Класны” гэты Магамед Даўдаў, цэлы старшыня чачэнскага парламенту і “герой” Расіі, думаю я, як бы яго гэтак падалікатней назваць. Як пачаў ваяваць з 14-ці гадоў, так і дасюль спыніцца ня можа. Гэта ён 25 сьнежня, напярэдадні арышту Аюба, нярвова і пагрозьліва адрэагаваў на паўторнае “забаньваньне” ў Інстаграме акаўнта Рамзана Кадырава:
“Адказна заяўляю, што аднымі з тых, хто стаіць за сітуацыяй, зьвязанай з санкцыямі і блакіроўкай акаўнтаў кіраўніка Чачэнскай рэспублікі ў сацыяльных сетках, зьяўляюцца праваабаронцы, якія працуюць ва ўсялякіх “камітэтах” і “цэнтрах”… Думаю, што нашых ворагаў, тых, каму не падабаецца моцная Расія, час адправіць да сваіх гаспадароў “за бугор”ці аддзяліць ад здаровага грамадства. Калі б у Расіі ня дзейнічаў мараторы, дык з ворагамі народа трэба было б “Салам Алейкум” і ўсё”.
Я адрываюся ад тэлефону і думаю, што вось зараз, “аддзяленьнем” Аюба ад “здаровага грамадства” і займаецца Шалінскі суд. Рамзан са сваімі джыгітамі, ветэранамі нядаўніх войнаў, выбудаваў такога тыпу аўтарытарную сістэму, дзе для праваабаронцаў увогуле месца не прадугледжана.
У Беларусі ж крыху мягчэйшы лад. Ён таксама аўтарытарны, але ж… Думаю, што ў Беларусі праваабаронцы ва ўладаў выклікаюць прыкладна такія ж эмоцыі, як у хворага горкія лекі. Моршчацца, плююцца, але ж неяк церпяць. У краіне нашае месца вызначанае гэтымі ўладамі “пад лаўкаю”. Нас не прызнаюць, піхаюць, балюча шчыкаюць, б’юць, праўда ж, хоць не стралаюць, наркотыкі з патронамі не падкідваюць, пакуль што.
Ды і мы не здаемся за так, не пагаджаемся з цуглямі, накінутымі на нас, гучна гаворым, часам лямантуем, так што нас чуваць, пралазім ня ў дзьверы, дык у вакно. Адным словам, правы чалавека не спыніць!
Адвакаты палуднуюць разам з намі. Падчас абеду забягае павітацца малады румяны, увесь у кудзерках, калега нашых адвакатаў. Яны паміжсобку знаёмыя. Ён вітаецца і хутка сыходзіць. Адвакацкая троіца разслабляецца падчас абеду, інстыктыўна мабыць стараюцца ня думаць пра гэты цяжкі і няпросты працэс, імкнуцца крыху адпачыць, гавораць пра штосьці сваё, ім вядомае, затым пераходзяць на свайго маладога калегу, сьмяюцца, цьвеляцца: малады, кучаравы, з Болдзіна родам, дзе быў маёнтак Пушкіна. Таму і кучаравы. Дык і Пушкін быў такім самым – арабчонак. Тут ужо я сьмяюся сам сабе над абаронцамі праваабаронцаў.
Паабедаўшы, мы дзякуем сёстрам Аюба і вяртаемся ў суд, заходзім у перадпакой: у судовую залу яшчэ не пускаюць, там ідзе нейкае кароткае слуханьне па іншым працэсе, разгарнуццца няма дзе. Мы ўздымаемся на другі паверх, тут можна перачакаць. Стаяць пару крэслаў, на дзьвярах кабінету напісана, што тут судовы архіў. Усё часова, усё чакае пераезду. Што ўжо там за новы суд будуюць у Шалі? Да нас з Сяржуком падыходзіць адзін з адвакатаў Аюба. Размаўляем пра Беларусь. Ён бараніў кагосьці з беларускіх грамадзянаў па экстрэміцкім артыкуле. Я распавядаю, што ў нас за “экстрэмізм” яшчэ няма крымінальнай адказнасьці, толькі адміністратыўная, але так як яно ідзе, дык хутка можа і быць. У Расіі так імкліва ўсё пагаршаецца, што непаваротлівае беларускае рэпрэсіўнае заканадаўства следам не пасьпявае. Вось ужо і адвентысты сёмага дня ў Расіі прызнаныя экстрэмісцкай сектаю, і за веру сотні людзей ужо пайшлі ў турму.
Я дзіўлюся сьмеласьці адвакатаў, якія бароняць Аюба. Яны працягваюць традыцыі Соф’і Калістратавай і Дзіны Камінскай, адвакатак, якія ў савецкія часы адважна баранілі тагачасных дэсідэнтаў. Адвакаты ў тыя часы рызыкавалі кар’ерай, ліцэнзіяй, якія ў іх урэшце камуністычныя ўлады і пазабіралі. Гэтыя ж – сёньня, рэальна, як той жа забіты Станіслаў Маркелаў, рызыкуюць жыцьцём. Зайсьці ў палітычны працэс у Чачні ды яшчэ годна бараніць такога чалавека як Аюб, можна сказаць, ворага Рамзана і ягонай кампаніі, якая на крыві трымае тут ўладу – гэта вам ня цацкі-пэцкі, лёгка можна згубіць галаву. Падымаюцца на другі паверх таксама двое другіх адвакатаў, і яны адыходзяць у кут параіцца.
Мы спускаемся на першы паверх. Унізе чакаюць Сьвятлана Міхайлаўна, Ю. і сёстры Аюба. Мы яшчэ маем час і я задаю Ганнушкінай банальнае і фундаментальнае пытаньне:
“Дык якая ж будучыня ў Расіі?”
Сьвятлана Міхайлаўна катэгарычная. Спачатку пазначае сваю пазіцыю:
“Я – касмапалітка”.
Затым адказвае на пытаньне: “Расія разваліцца”.
І сама сабе задае наступнае: “А дзе тады – Расія?”
Я ізноў пытаюся, іранізуючы і доўга ня думаючы: “Па Урал?”
Ю. хутка і спалохана каментуе:
“Вой! Ня трэба пра гэта казаць! Я думаць пра гэта не хачу!”
Я сьмяюся:
“Так як Сьвятлана Міхайлаўна ня хоча думаць пра Сабчак”.
Чытайце таксама:
ІІ. Расійская амбасада, менскі аэрапорт і Акзам
III. Парыж, Шарамецьева, Рамзан Кадыраў і Алег Арлоў
IV. Андрэй Белы, Кастусь Каліноўскі і прафесар Марзалюк
V. “Грозны – цэнтр міру!” Мянялы і Грозны-сіці
VI. “Сэрца Чачні”, праспект Пуціна, вуліца Назарбаева, завулак Лукашэнкі
VII. Грозьненскі музей і прагулкі з Сьвятланай Ганнушкінай па беразе Сунджы
VIII. Дзень другі. “Сонца хілілася на захад, а немцы рваліся да Грознага”
IX. Паездка ў Шалі. Белоруссия ці Беларусь
XI. Суд у Шалі. Чачня – гэта Еўропа
XII. Выступ Аюба Ціціева ў судзе
ХІІІ. Аюб распавядае пра свой арышт і пра тое, як “сьведка”-наркаман не пазнаў яго на апазнаньні
* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў