viasna on patreon

Праваабаронцы паведамілі Спецдакладчыкам ААН пра парушэнні правоў затрыманых па “справе Зельцэра”

2021 2021-11-16T16:30:44+0300 2021-11-16T17:19:56+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/aan_zajava2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы “Вясны” ў інтарэсах затрыманых па “справе Зельцэра” звярнуліся да спецдакладчыкаў ААН па пытанні жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з імі пасля затрымання і падчас утрымання ў Жодзінскай следчай турме №8.

28 верасня ў Мінску адбылася перастрэлка паміж супрацоўнікамі КДБ і Андрэем Зельцэрам, у кватэру да якога з ужываннем спецсродкаў ламіліся сілавікі. У выніку Зельцэр і адзін з КДБэшнікаў загінулі, што выклікала рэзананс у карыстальнікаў сацыяльных сетак. У наступныя дні прэс-служба КДБ паведаміла, што за каментары ў сацсетках пад публікацыямі пра загінулых было затрымана каля 200 чалавек, у дачыненні да іх былі ўзбуджаныя крымінальныя справы па арт. 130 і 369 Крымінальнага кодэкса. 6 кастрычніка праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала 73 чалавекі з ліку затрыманых – палітзняволенымі.

Па інфармацыі ад родных, для затрыманых ні ў ІЧУ, ні ў следчай турме №8 не прымалі перадачы на працягу больш за 1,5 месяца. Акрамя таго, іх абмяжоўваюць у ліставанні, атрыманні пасылак і ў некаторых выпадках – сустрэчах з адвакатамі. Прычынай такіх абмежаванняў супрацоўнікі жодзінскай турмы называюць – каранцін па каранавірусу. Пры гэтым жорсткія абмежаванні тычыліся толькі затрыманых па “справе Зельцэра”, а ўмовы іх утрымання наўмысна пагаршаліся.

“Утрыманне пад вартай да суда павінна быць неабходным і абгрунтаваным. У дадзенай сітуацыі няма падстаў меркаваць што затрыманне каля 200 чалавек па ўсёй краіне за каментары ў інтэрнэце такім з'яўляецца.

Ніхто не можа быць падвергнуты крымінальнаму пераследу за крытыку, уключаючы крытыку службовых асобаў, калі гэтая крытыка не накіравана на падбухторванне да гвалту. У дачыненні да як мінімум 73 затрыманых, якія былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі, няма звестак аб тым, каб названыя асобы заклікалі да гвалтоўных дзеянняў па нацыянальных, этнічных, расавых, рэлігійных прыкметах. Характар дзеянняў абвінавачаных быў следствам шматлікіх і паўсюдных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, недаверу да праваахоўнай сістэмы дзяржавы, выкліканага адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяр жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона для абароны парушаных правоў грамадзян”, – падкрэслівалі праваабаронцы.

4 лістапада яны накіравалі зварот да Спецдакладчыкаў ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, па пытанні аб катаваннях і іншых формах бесчалавечага і зневажальнага абыходжання Нілса Мелзэра, па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Ірэн Хан, а таксама ў працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях.

15 лістапада стала вядома, што ў жодзінскай турме знялі каранцін для затрыманых па “справе Зельцэра”. Пра гэта паведамілі сваякі затрыманых у чатах па ўзаемадапамозе. Паўтары месяцы зняволеныя сядзелі ў тым адзенні, у якім іх затрымалі, без сродкаў гігіены і цёплых рэчаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства