viasna on patreon

Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні шасці новых палітвязняў

2021 2021-12-29T12:29:00+0300 2021-12-29T12:17:36+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/amap_14_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

29 снежня 2021 г.

У сувязі з інфармацыяй аб прад'яўленні абвінавачванняў і заключэнні пад варту:

  • па ч. 2 арт. 293 КК ("Масавыя беспарадкі") Аляксандра Зялюткіна;
  • па арт. 342-2 КК (Неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) Аляксандра Кутаса;
  • па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак") Паўла Белавуса, Мікалая Сяргеенкі, Уладзіміра Мельніка, Марыны Неўдах, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і масавых беспарадках як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

У гэтай сувязі мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Аляксандра Зялюткіна, Паўла Белавуса, Аляксандра Кутаса, Мікалая Сяргеенку, Марыну Неўдах, Уладзіміра Мельніка і спыніць іх крымінальны пераслед.
  • Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Lawtrend;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі ПЭН-цэнтр.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства