viasna on patreon

112 дзён без свежага паветра і душа. У ІЧУ Светлагорска чацвёрты месяц у жорсткіх умовах чакае дэпартацыі ром

2022 2022-03-11T11:23:41+0300 2022-03-11T19:57:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ivs-1280x720.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У ізалятары часавага ўтрымання Светлагорска знаходзіцца ром Арсэн Яновіч. Яго затрымалі 19 лістапада мінулага года як асобу без грамадзянства да дэпартацыі, аднак калі і куды яна адбудзецца — няясна. З дня затрымання мужчыну ні разу не вадзілі на прагулку і ў душ, а ў камеры няма стала і ўмывальніка. Дома без падтрымкі Арсэна засталіся трое дзяцей і цяжарная жонка. Былы сукамернік Арсэна распавёў "Вясне" пра нечалавечыя ўмовы ўтрымання, у якіх знаходзіцца мужчына амаль чатыры месяцы.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

"Адказу з Літвы няма, сказалі, што і не будзе"

Як кажа былы сукамернік Арсэна, "паводле нацыянальнасці ён цыган", яму трошкі больш за 40 гадоў. Да затрымання працаваў рабочым на пілараме ў Светлагорску. Больш за пяць гадоў мужчына афіцыйна працаўладкаваны.

"За пяць апошніх гадоў супрацьпраўных дзеянняў наогул не здзяйсняў", — расказвае пра яго сукамернік.

У сям'і Яновічаў трое дзяцей і цяжарная жонка. Арсэн фінансава забяспечваў сваю сям'ю. А цяпер жонка носіць яму перадачы і камунікуе з міграцыйнай службай.

Арсэн быў затрыманы 19 лістапада мінулага года без пратаколу і без прад'яўлення абвінавачванняў. Прычына — адсутнасць грамадзянства. Мужчыну змясцілі ў ІЧУ Светлагорска, дзе ён утрымліваецца ўжо амаль чатыры месяцы, хоць ізалятары не прызначаныя для доўгатэрміновага знаходжання людзей.

Паводле начальніка аддзела міграцыі Светлагорскага РАУС, накіраваны запыт у Літву, дзе пражывае маці Арсэна.

"Адказу адтуль няма і там сказалі, што не будзе", — распавядае "Вясне" экс-сукамернік мужчыны ягоную гісторыю.

У міграцыйнай службе жонцы Арсэна нічога наконт справы не кажуць.

"Без выстаўлення абвінавачвання чалавека проста забіваюць там"

Як распавядае былы сукамернік Арсэна, мужчына ўсе месяцы ўтрымліваецца ў "пякельных умовах":

"У камеры няма ўмывальніка і стала. Ядуць з падлогі. На адным узроўні з падлогай унітаз. Замест зліву са сцяны тырчыць кавалак трубы. Ваду ўключае міліцыя з агульнага калідора. З камеры затрыманых на прагулкі не выводзяць наогул. Яновіч больш за 100 дзён без свежага паветра. За гэты час яго ні разу не вадзілі нават у душ. Бялізну не мянялі 70 дзён. Прасціна развальваецца ад бруду. Хіба гэта не катаванні? Без выстаўлення абвінавачвання чалавека проста забіваюць там".

Мужчына адзначае, што ў чатырохмясцовай камеры, дзе ўтрымоўваліся ён і Арсэн, былі яшчэ дзевяць чалавек. На прагулку і ў душ Яновіча не водзяць з моманту затрымання — з 19 лістапада.

Як распавядае былы сукамернік Арсэна, перадачы прымаюць, але не заўсёды да яго даходзіць усё перададзенае.

"Лекі — толькі аспірын"

Яновіч перахварэў два разы на COVID-19, што адбілася на ягоным здароўі:

"Здароўе падарванае. Калі хварэў на каранавірус, хуткую не выклікалі, дапамогу не аказвалі. Там медык сумяшчае пасады медыка і бухгалтара. Лекі — толькі аспірын".

Паводле мужчыны, Яновіч намагаецца не падаць духам:

 "Арсэн трымаецца, але нервы, вядома, ужо здаюць".

Утрыманне асобаў без грамадзянства ў ІЧУ — жорсткае і зневажальнае чалавечую годнасць абыходжанне

Згодна з ПВКаАП Беларусі, чалавек, у дачыненні да якога ўжытая дэпартацыя ці высылка, з санкцыі пракурора можа быць затрыманы на тэрмін, неабходны для выканання пастановы аб дэпартацыі ці высылцы. У Беларусі фактычна няма асобных цэнтраў часовага ўтрымання замежнікаў, таму людзі ў чаканні дэпартацыі трапляюць у цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў або ў ізалятар часавага ўтрымання. Былі выпадкі, калі замежнікі ў чаканні выдварэння з Беларусі праводзілі ў ІЧУ па паўгода — без сувязі з роднымі, без перадач, а значыць, без неабходнага адзення і сродкаў гігіены.

Адна з такіх апошніх гучных гісторый — пра кубінца Раберта Вальдэс Касануэва, які больш за год правёў у ізалятары на Акрэсціна і ў лістападзе 2021 года быў дэпартаваны на Кубу. Касануэву затрымалі на пратэсным маршы 8 лістапада 2020 года і асудзілі на 15 сутак арышту. Пасля гэтага мужчына не выйшаў з ізалятара на Акрэсціна — больш за год ён правёў у чаканні дэпартацыі. 10 лістапада 2021 года яго дэпартавалі на радзіму.

Праваабаронцы звяртаюць увагу: ні ЦІП, ні ІЧУ непрыдатныя для ўтрымання людзей працяглы тэрмін, бо ўмовы там прадугледжаныя толькі для кароткатэрміновага зняволення (да 15 сутак). Таму ўтрыманне замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства ў ЦІП і ІЧУ праваабаронцы расцэньваюць як жорсткае і зневажальнае чалавечую годнасць зняволенне і абыходжанне.

«Пайшоў прэч!», ці Што такое высылка, дэпартацыя, экстрадыцыя?

У лікбезе ад “Вясны” разбіраемся, у чым розніца паміж высылкай, дэпартацыяй і экстрадыцыяй, а таксама, што рабіць, калі вас ці вашых блізкіх больш не хочуць бачыць у краіне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства