TikTok "Зеркало" дадалі ў спіс "экстрэмісцкіх фармаванняў": хроніка пераследу 17 снежня Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 17 снежня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Буйны мінскі моладзевы чат быў прызнаны "экстрэмісцкім"
Гаворка пра "МИНСК || ВСЕ О ТЕБЕ", ягоны чат, канал "ПЕРЕХОДНИК МИНСК" і профіль "Андрюха Модельер". Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёну Мінска.
У Telegram-чаце "Минск все о тебе ЧАТ" амаль 1600 удзельнікаў, большасць з якіх звычайныя школьнікі. Палітычныя тэмы там абмяркоўваюцца зрэдку, але можна ўбачыць паведамленні ад моладзі з высмейваннем Лукашэнкі.
Таксама "экстрэмісцкі спіс" папоўнілі старонка ў "Х" "рамонак флаўэрс", TikTok-акаўнт "kukuha98" і Viber-чат "ГГПТКЭ".
МУС дапоўніла спіс "экстрэмісцкага фармавання" "Люстэрка" пяццю старонкамі ў TikTok
Як паведаміла медыя, гаворка пра "Зеркало | Новости", "Зеркало | Еще новости", "Зеркало | Судебные истории", "Зеркало | Регионы", "Зеркало | Подробно".
Таксама ў адпаведным спісе з'явіліся прозвішчы, якія, паводле ведамства, маюць дачыненне да СМІ — Эльбаум Аляксандра, Прус Іван, Цярэшка Анастасія, Цюлюпава Наталля, Новік Вольга, Пытлева Кацярына, Шрайбман Арцём.
МУС прызнала "Люстэрка" "экстрэмісцкім фармаваннем" 9 ліпеня 2023 года. Тады ў спіс патрапіў сайт, сацсеткі (акрамя TikTok) і лагатып медыя.
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі Instagram-старонка "belarus_tbilisi_krakov", старонкі ў Facebook "Sweda Ales", "Ігар Маслоўскі", старонка ва "Укантакце" "Игорь Масловский", старонкі ў "Х" "зефірык", "Кузьма Рыжы" і старонка ў TikTok "kukuha98".