viasna on patreon

IndustriALL заклікае адміністрацыю Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі супраць незалежных прафсаюзаў

2022 2022-04-15T16:08:25+0300 2022-04-15T16:08:25+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/rep_prafsajuz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Генеральны сакратар глабальнай федэрацыі прафсаюзаў IndustriALL Атле Хое напісаў ліст кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Ігару Сергяенку. Глабальны саюз заклікае адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі супраць незалежных прафсаюзаў.

"Мы глыбока занепакоеныя нядаўнім абуральным нападам на незалежны прафсаюзны рух у Беларусі", — адзначаецца ў лісце.

7 красавіка 2022 года Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі прыняў рашэнне аб прызнанні Беларускага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) экстрэмісцкай арганізацыяй і забароне яго дзейнасці.

Прафсаюз РЭП уваходзіць у Глабальны саюз IndustriALL. РЭП быў заснаваны ў 1990 годзе і з тых часоў заўсёды змагаўся за правы працаўнікоў у Беларусі. Прафсаюз мае свае мясцовыя структуры ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, у тым ліку ў Мінску, і прызнаны незалежным прафсаюзам міжнародным працоўным рухам.

"Беларусь ідзе па ілжывым шляху, прыгнятаючы свае дэмакратычныя працоўныя арганізацыі і тым самым парушаючы свае міжнародныя абавязальніцтвы, у тым ліку Канвенцыю МАП № 87 аб свабодзе асацыяцыі і абароне права на арганізацыю, ратыфікаваную Беларуссю.

У апошнія месяцы мы працягвалі атрымліваць трывожныя паведамленні ад сяброўскіх арганізацый IndustriALL, Беларускага прафсаюзу працаўнікоў радыё і электроннай прамысловасці (РЭП), Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП) і Свабоднага прафсаюзу металістаў (СПМ). У гэтых паведамленнях выразна паказана, што іх лідары, актывісты і шараговыя сябры па-ранейшаму зазнаюць няспынны ціск і рэпрэсіі з боку ўлад і працадаўцаў за сваю дзейнасць у абарону правоў працаўнікоў", — адзначае генеральны сакратар Атле Хое.

Апошнім часам пачасціліся допыты прафсаюзных актывістаў, шырокі распаўсюд атрымала незаконная ўсталёўка відэа і падслухвальных прыстасаванняў у офісах прафсаюзу, ціск на сябраў прафсаюзу з мэтай прымусіць іх выйсці з яго.

Чарговы напад на незалежны прафсаюз РЭП адбыўся ў Брэсце. Міліцыя жорстка ўварвалася ў дом да Зінаіды Міхнюк, старшыні Брэсцкай абласной арганізацыі прафсаюзу, ветэранкі прафсаюзнага руху і былой старшыні прафсаюзу РЭП, і правяла вобшукі ў ейным доме і ў брэсцкім офісе прафсаюзу; Зінаіда Міхнюк затрыманая.

Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама паведаміла, што Брэсцкае абласное аддзяленне РЭП выключана з рэестру структур прафсаюзаў, зарэгістраваных у вобласці.

"Гэтыя парушэнні павінны быць неадкладна спынены. Глабальны саюз IndustriALL заклікае спыніць рэпрэсіі супраць незалежных прафсаюзаў, іх лідараў і сябраў, выключыць Беларускі прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці са спісу экстрэмісцкіх арганізацый і дазволіць РЭП працягнуць сваю прафсаюзную дзейнасць.

Мы паведамляем пра гэтыя выпадкі надзвычайных рэпрэсій супраць сябраў, лідараў і актывістаў прафсаюзаў у Міжнародную арганізацыю працы (МАП), дзе Беларусь знаходзіцца пад асаблівым кантролем у сувязі з працягам парушэнняў правоў працаўнікоў і ўмяшаннем у справы прафсаюзаў", — заявіў Атле Хое.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства