viasna on patreon

Спецдакладчыкаў ААН праінфармавалі пра адвольнае затрыманне выдаўца Янушкевіча

2022 2022-06-07T16:34:45+0300 2022-06-07T18:29:35+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/yanushkevich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Янушкевіч

Андрэй Янушкевіч

Юрысты “Вясны” сумесна з Беларускім ПЭН накіравалі зварот да Спецыяльных дакладчыкаў і ў Працоўныя групы ААН у сувязі з пераследам выдаўца і дырэктара крамы “Кнігаўка” Андрэя Янушкевіча.

Да спецдакладчыка па пытанні аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, спецдакладчыка ў галіне культурных правоў Аляксандры Ксантакі, спецдакладчыка па пытанні аб свабодзе меркаванняў і іх свабоднаму выказванню Ірэн Хан, а таксама Працоўнай групе па адвольных затрыманнях і Працоўнай групе па бізнэсе і правам чалавека было даведзена, што 16 траўня ў першы працоўны дзень у краму “Кнігаўка” спачатку прыйшлі прапагандысты з падкантрольных уладам тэлеканалаў, а адразу пасля іх – супрацоўнікі міліцыі, якія зладзілі ператрус, канфіскавалі 200 кніг, а ўладальніка крамы Андрэя Янушкевіча затрымалі.

Суд прызначыў Андрэю Янушкевічу спачатку 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Аднак пасля іх адбыцця выдавец на волю не выйшаў, а быў перазатрыманы і асуджаны яшчэ на 10 сутак. Вядома, што трэці суд над Янушкевічам адбыўся 6 чэрвеня. Гэтым разам мужчыне прысудзілі восем сутак арышту.

Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, Янушкевіч нібыта вёў перапіску з офісам Святланы Ціханоўскай, а супрацоўнікі выдавецтва “мелі дачыненне да рэдагавання некаторых дэструктыўных тэлеграм-каналаў”.

Праваабаронцы адзначаюць, што ціск на выдавецтва пачаўся яшчэ ў пачатку 2021 года, калі Янушкевіч быў затрыманы, у офісе канфіскаваная тэхніка і кнігі, а рахункі выдавецтва былі заблакаваныя на паўгода. У сакавіку бягучага года Янушкевіча змусілі тэрмінова з’ехаць з офіса.

Нагадаем, выдавецтва “Янушкевіч” займаецца падрыхтоўкай і выданнем разнастайнай кніжнай прадукцыі, у асноўным на беларускай мове. Кнігу Альгерда Бахарэвіча “Сабакі Эўропы”, якая выйшла ў выдавецтве ў 2021 годзе, 17 траўня прызналі экстрэмісцкай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства