Спецдакладчыца ААН прадставіла на сесіі Савета па правах чалавека даклад па сітуацыі ў Беларусі
28 чэрвеня ў Жэневе на 50-й сесіі Савета па правах чалавека Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы у галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн прадставіла даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Пасля прэзентацыі адбыўся інтэрактыўны дыялог са Спецдакладчыцай. Дэлегацыя Беларусі на пасяджэнні не прысутнічала.
У дакладзе, падрыхтаваным Анаіс Марэн, прааналізаваны перыяд з 1 красавіка 2021 году па 31 сакавіка 2022 году. У дакладзе аналізуюцца падзеі і тэндэнцыі, што былі зафіксаваныя пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года, вынікі якіх былі аспрэчаныя. Спецдакладчыца апісвае працяглае падаўленне палітычнага іншадумства, далейшае абмежаванне свабоды меркаванняў і іх выказвання ў краіне, а таксама рост колькасці выпадкаў адвольнага затрымання і ўтрымання пад вартай паводле палітычных матываў.
"Пакласці канец атмасферы рэпрэсій і страху". Спецдакладчыца ААН падрыхтавала новы даклад па правах чалавека ў Беларусі
Падчас дыялогу пасля прэзентацыі даклада прадстаўнікамі Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT) былі ўзгаданыя зняволеныя праваабаронцы "Вясны".
"Усяго праз два тыдні мы будзем адзначаць гадавіну адвольнага затрымання лідараў Праваабарончага цэнтра "Вясна" - Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча. Чацвёра іншых сябраў "Вясны" таксама знаходзяцца ў зняволенні, а таксама па меншай меры 30 журналістаў і работнікаў СМІ і чатыры адвакаты. У Беларусі налічваецца больш за 1200 палітвязняў. Катаванні і жорсткае абыходжанне ў дачыненні да палітычных зняволеных, так і іншых зняволеных па-ранейшаму шырока распаўсюджаныя", - адзначаецца на сайце арганізацыі.
Відэазапіс прэзентацыі і дыскусіі можна знайсці на сайце ААН.