viasna on patreon

"Палітыка нагнятання страху, закліканая вымусіць пакінуць краіну": даклад Спецдакладчыцы ААН — пра беларусаў у выгнанні

2022 2022-08-25T16:43:40+0300 2024-01-18T23:10:08+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/uun_pict.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На сайце ААН апублікаваны даклад Спецыяльнай дакладчыцы па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн. Тэмай дакладу стала становішча беларусаў і беларусак у выгнанні, якія былі вымушаны пакінуць сваю краіну і не маюць магчымасцяў бяспечна вярнуцца дадому. "Іх міграцыя наўпрост злучаная з палітыкай, што праводзіць урад Беларусі, і практыкай, што ён ўжывае, а таксама з мэтанакіраваным стварэннем варожай абстаноўкі, якая перашкаджае бяспечнаму вяртанню", — адзначае Анаіс Марэн у дакладзе. Спецдакладчыца выносіць рэкамендацыі ўраду Беларусі, а таксама прапануе шэраг мер для іншых дзяржаў, міжнароднай супольнасці і міжнародных арганізацый.

"Гэта можа быць раўназначна злачынству дэпартацыі"

Спецдакладчыца прыходзіць да высновы, што паслядоўны характар парушэнняў правоў чалавека сведчыць пра тое, што дзяржава ажыццяўляе адмысловую стратэгію, накіраваную на выкараненне любога іншадумства і спыненне любых выклікаў цяперашняму кіраўніцтву краіны і дзяржаўнаму кіраванню. Адзначаецца, што пасля падзей 2020 года і ягоных наступстваў вялікая колькасць людзей пакінула Беларусь. Хоць дакладнай статыстыкі няма, розныя крыніцы сведчаць пра маштабную міграцыю беларусаў у суседнія краіны за апошнія два гады. Месцам прызначэння для шматлікіх беларускіх грамадзян сталі Польшча, Літва, Латвія, Германія, Чэхія, Эстонія і іншыя дзяржавы, што ўваходзяць у Еўрапейскі Саюз. У 2020 і 2021 гадах асноўным месцам прызначэння была Украіна. Аднак праз распачатую ў гэтай краіне 24 лютага 2022 года вайну беларускім грамадзянам давялося зноў пераязджаць у іншыя месцы. Тыя, хто не меў візы ў адну з краін Еўрапейскага Саюза ці не паспеў яе аформіць, часта пераязджалі Грузію.

"Усе тыя, хто з'ехаў, рабілі гэта неахвотна. Большасць з іх распавядалі пра цэлы шэраг сур'ёзных праблем, звязаных з тым, што ім давялося разлучыцца з сям'ёй, пакінуць мужа, дзяцей, сяброў і калегаў, разарваць сацыяльныя сувязі, кінуць працу ці вучобу, пакінуць свой дом і іншыя матэрыяльныя каштоўнасці. У гэтым кантэксце рашэнне эміграваць, хай і часова, было вымушаным з прычыны акалічнасцяў і прывяло да іншых абмежаванняў правоў чалавека падчас знаходжання ў выгнанні.

Людзі распавядалі пра тое, што яны не мелі дастаткова часу, каб спланаваць свой пераезд; некаторыя прынялі рашэнне з'ехаць у лічаныя дні, а часам нават гадзіны, і паляцелі, узяўшы квіток на самы танны рэйс у тую краіну, куды ім быў дазволены ўезд. Ва ўсіх апытаных па-ранейшаму не было ўпэўненасці ў тым, калі яны змогуць бяспечна вярнуцца дадому і куды ім вяртацца", — распавядае Анаіс Марэн.

Актывісты грамадзянскай супольнасці, якія знаходзяцца ў выгнанні, таксама ўсведамляюць небяспеку таго, што аб'ектам пераследу могуць зрабіцца іхныя бацькі.

Запалохванне, пераследы, ператрусы дамоў, прыцягненне да крымінальнай адказнасці, арышты, утрыманне пад вартай і крымінальныя абвінавачванні выкарыстоўваліся супраць беларусаў з усіх сфер прафесійнай дзейнасці і сацыяльных груп, уключаючы актывістаў грамадзянскай супольнасці, журналістаў, праваабаронцаў, адвакатаў, медыцынскіх работнікаў, настаўнікаў, спартоўцаў, артыстаў і адміністратараў тэлеграм-чатаў. Па сутнасці, мішэнню можа стаць любы чалавек, які абвінавачваецца ва ўдзеле ці меркавана ўдзельнічаў у акцыях пратэсту або які ажыццяўляе сваё законнае права на свабоду слова ці мірных сходаў.

Стварэнне такой атмасферы, калі правы чалавека не абаронены, унутраныя сродкі прававой абароны адсутнічаюць, а вінаватыя ў парушэннях правоў чалавека да адказнасці не прыцягваюцца, можна разглядаць як палітыку нагнятання страху, закліканую вымусіць адпаведныя групы грамадзян пакінуць краіну. Згодна са сцвярджэннямі некаторых міжнародных няўрадавых арганізацый, гэта можа быць раўназначна злачынству дэпартацыі, адзначае Спецдакладчыца.

"Пасля гэтых рэйдаў і працяглых пераследаў яны пачалі выязджаць з Беларусі і працягваць сваю працу з-за мяжы". Выгнанне праваабаронцаў

Як заўважае Анаіс Марэн, рэйды на дамы і офісы, адвольныя арышты і крыміналізацыя праваабарончай дзейнасці зрабіліся ў Беларусі звычайнай практыкай. З прычыны беспрэцэндэнтных па маштабах рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў у Беларусі, у тым ліку за іх публічныя выступы і ў помсту за супрацоўніцтва з Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый, прадстаўнікі гэтай групы былі вымушаны адправіцца ў выгнанне. Тыя, хто застаўся ў Беларусі, не могуць ні свабодна казаць, ні працаваць у бяспечных умовах і зазнаюць небяспеку пагрозаў, запалохвання або рэпрэсій за сваю законную праваабарончую дзейнасць.

Падчас праведзеных на тэрыторыі ўсёй краіны рэйдаў у лютым 2021 года пацярпелі агулам больш за 40 актывістаў, уключаючы цэнтральны офіс Беларускай асацыяцыі журналістаў і мінскія офісы праваабарончага цэнтра «Вясна», а таксама офіс «Вясны» ў Магілёве. Ператрус быў таксама праведзены ў цэнтральным офісе незалежнага Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці. Акрамя таго, адбыліся ўварванні ў прыватныя кватэры шматлікіх праваабаронцаў у Мінску, Магілёве, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Мазыры, Рэчыцы, Баранавічах і іншых гарадах.

14 ліпеня 2021 года прадстаўнікі і арганізацыі грамадзянскай супольнасці зноў зведалі ганенні. Былі праведзены рэйды ў офісах і дамах сябраў арганізацый "Вясна", "Імёны", Цэнтр прававой трансфармацыі "Lawtrend", "Гендарныя ініцыятывы", Беларускі Хельсінкскі камітэт, "Хьюман Канстанта" і шэрагу іншых няўрадавых арганізацый. Адзінаццаць праваабаронцаў і актывістаў былі затрыманы, у тым ліку сябры "Вясны" Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч, якія з тых часоў знаходзяцца ў папярэднім зняволенні. Пасля гэтых рэйдаў і працяглых пераследаў, а таксама ў выніку прымусовага роспуску няўрадавых арганізацый і крыміналізацыі індывідуальнай дзейнасці ў незарэгістраваных ці прымусова распушчаных няўрадавых арганізацыях праваабаронцы і актывісты пачалі выязджаць з Беларусі і працягваць сваю працу з-за мяжы.

"Бесперапынная крыміналізацыя актывістаў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ў сувязі з іх дзейнасцю аказвае стрымальнае ўздзеянне, і з гэтай прычыны шмат хто з іх не жадае вяртацца ў сваю краіну.

Маштабы і характар пераследаў праваабаронцаў і актывістаў пераканаўча сведчаць пра тое, што абмежаванні на законнае ажыццяўленне правоў чалавека накіраваны найперш на прымус людзей да маўчання ці выезду з краіны ў межах стратэгіі падаўлення незалежнага маніторынгу і праверкі выканання міжнародных абавязальніцтваў у галіне правоў чалавека, а не на дасягненне нейкіх законных мэтаў у адпаведнасці з правам правоў чалавека, як гэта спрабуюць прадстаўляць беларускія ўлады", — адзначае Анаіс Марэн. 

"Пакласці канец атмасферы рэпрэсій і страху". Спецдакладчыца ААН падрыхтавала новы даклад па правах чалавека ў Беларусі

На сайце ААН апублікаваны даклад Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы у галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн. У гэтым дакладзе Спецдакладчыца апісвае тэндэнцыі, заклапочанасці і прагрэс у дачыненні да сітуацыі з грамадзянскімі, палітычнымі, эканамічнымі, сацыяльнымі і культурнымі правамі ў Беларусі.

Неабходнасць дадатковай абароны беларусаў у выгнанні

Беларусы ў выгнанні сутыкаюцца з дадатковымі праблемамі і могуць апынуцца ва ўразлівым становішчы, а значыць, маюць патрэбу ў абароне міжнароднай сістэмы правоў чалавека. Калі беларусаў запытвалі пра цяжкасці, з якімі яны сутыкаліся, калі былі вымушаны з'ехаць са сваёй краіны, у якасці адной з галоўных праблем яны называлі магчымасць атрымання паслуг па ахове фізічнага і псіхічнага здароўя. Доступ да неабходнага і належнага лячэння часта ўскладняецца такімі фактарамі, як адсутнасць інфармацыі пра іх правы на медыцынскае абслугоўванне, кошт медыцынскай страхоўкі, складанасці, якія не дазваляюць як след разабрацца ў медыцынскай сістэме, моўны бар'ер і кошт самога лячэння.

"Праз тое, што бяспечнае вяртанне для шматлікіх беларускіх грамадзян у выгнанні застаецца немагчымым, людзі шукаюць доўгатэрміновыя рашэнні, якія былі б адаптаваны да іх канкрэтных акалічнасцяў. Хоць досвед кожнага чалавека ўнікальны, Спецыяльная дакладчыца адзначыла, што людзі, якія былі вымушаны пераехаць за мяжу, сутыкаюцца з праблемамі, звязанымі з забеспячэннем належных умоў жыцця, у тым ліку ў месцах часовага размяшчэння, у прыватнасці ў цэнтрах прыёму мігрантаў, з праблемамі ў плане атрымання годнай працы і сродкаў да існавання ў залежнасці ад наяўных навыкаў і кваліфікацыі, а таксама ў плане атрымання належнай і неабходнай адукацыі, уключаючы адукацыю дзяцей малодшага ўзросту і прафесійную падрыхтоўку дарослых".

Рэкамендацыі беларускім уладам і міжнароднай супольнасці

У сваім дакладзе Анаіс Марэн прыходзіць да высноваў, што беларускія ўлады наўмысна стварылі варожую абстаноўку, у якой нельга абгрунтавана чакаць, што асобы і прафесійныя групы, у адносінах да якіх выказваецца варожасць, застануцца ў краіне. Спалучэнне законаў, палітыкі і практыкі выкарыстоўваецца як магутны інструмент для прымусу людзей да ад'езду. Праз тое, што беспакаранасць захоўваецца, а сітуацыя з правамі чалавека працягвае пагаршацца, перспектывы бяспечнага вяртання ў беларусаў, якія знаходзяцца ў выгнанні, невялікія. Адсутнасць незалежнай судовай сістэмы пагаршае сітуацыю і перашкаджае прагрэсу.

Спецдакладчыца вынесла 11 рэкамендацый беларускім уладам, сярод якіх: спыніць крыміналізацыю палітычнага іншадумства ў Беларусі, прывесці нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека, у тым ліку шляхам ухілення празмерна абмежавальных артыкулаў і палажэнняў (уключаючы тыя, якія могуць зрабіцца прадметам злоўжыванняў, напрыклад пашыранае ўжыванне смяротнага пакарання); спыніць палітыку выкаранення грамадзянскай супольнасці і ліквідацыі незалежных сродкаў масавай інфармацыі; неадкладна і безумоўна вызваліць усіх асобаў, асуджаных да турэмнага зняволення за ажыццяўленне сваіх законных грамадзянскіх і палітычных правоў, зняць з іх палітычна матываваныя абвінавачванні і забяспечыць іх поўную рэабілітацыю; спыніць ціск на адвакатаў і запалохванне іх, асабліва тых, хто займаецца абаронай прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, праваабаронцаў, грамадзянскіх актывістаў і супрацоўнікаў незалежных сродкаў масавай інфармацыі; прыцягнуць да адказнасці дзяржаўных чыноўнікаў, датычных да парушэнняў правоў чалавека, такіх як катаванні і жорсткае абыходжанне, тым самым ухіліўшы паўсюдную беспакаранасць вінаватых у парушэннях правоў чалавека, якая спрыяла стварэнню атмасферы страху — асноўнага фактару, які вымушае беларусаў масава з'яжджаць з краіны; спыніць патрабаваць экстрадыцыю прыхільнікаў палітычнай апазіцыі, грамадзянскіх актывістаў, праваабаронцаў, супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі, адвакатаў і іншых катэгорый асобаў, якія не былі залучаны ў якую-небудзь злачынную дзейнасць.

Акрамя гэтага, Спецдакладчыца дае рэкамендацыі іншым дзяржавам, міжнароднай супольнасці і міжнародным арганізацыям у дачыненні да беларусаў і беларусак у выгнанні, сярод якіх: спрыяць стварэнню бяспечных і даступных шляхоў уезду для беларусаў, вымушаных пакінуць сваю краіну, і забяспечыць наяўнасць гуманітарных каналаў для ўезду; надаваць адмысловую ўвагу і аказваць падтрымку беларускім грамадзянам, якія знаходзіліся ў выгнанні ва Украіне і былі вымушаны зноў з'ехаць праз вайну; стварыць эфектыўныя механізмы для надавання прававога статусу беларускім грамадзянам, якія не могуць вярнуцца.

Чытаць даклад цалкам:

"Палітыка нагнятання страху, закліканая вымусіць пакінуць краіну": даклад Спецдакладчыцы ААН — пра беларусаў у выгнанні

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства