viasna on patreon

"Верх цынізму з боку ўлад". Праваабаронца "Вясны" распавяла Венецыянскай камісіі і БДІПЧ АБСЕ пра свабоду асацыяцый у Беларусі

2022 2022-09-13T16:10:01+0300 2022-09-13T17:57:51+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sacunkevich_krugly-stol-screen.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міжнародны круглы стол "Грамадзянская супольнасць: умацаванне патэнцыялу і падсправаздачнасць", арганізаваны Венецыянскай камісіяй і БДІПЧ АБСЕ пад эгідай старшынства Ірландыі ў Камітэце міністраў Савета Еўропы, адбыўся 13 верасня ў Страсбургу. Адно з яго пасяджэнняў прысвяцілі розным формам удзелу арганізацый грамадзянскай супольнасці ў грамадскім жыцці. Сярод дакладчыкаў — і прадстаўніца праваабарончага цэнтра "Вясна" Наталля Сацункевіч. Яна распавяла пра агульную сітуацыю ў Беларусі са свабодай асацыяцый.

Праваабаронца
Праваабаронца "Вясны" Наталля Сацункевіч на круглым стале "Грамадзянская супольнасць: умацаванне патэнцыялу і падсправаздачнасць". Скрыншот з відэатрансляцыі

Праваабаронца адзначыла, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі заўсёды была складанай, а свабода асацыяцый і свабода мірных сходаў на ўзроўні нацыянальнага закона заўжды абмяжоўваліся. Аднак пасля выбараў у жніўні 2020 года беларускае грамадства сутыкнулася з беспрэцэндэнтнымі рэпрэсіямі і сацыяльна-палітычным крызісам, і сітуацыя з кожным днём пагаршаецца. Гэта адбілася і на свабодах аб'яднанняў, у тым ліку на праве на іх свабоднае стварэнне, удзел і свабодны выхад з іх:

"У краіне амаль цалкам адсутнічае свабода асацыяцый. Рэгістрацыя новых арганізацый грамадзянскай супольнасці фактычна прыпыненая, сотні арганізацый знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі, грамадзян прымушаюць уваходзіць у праўладныя арганізацыі, а супраць шэрагу грамадзянскіх актывістаў і прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый распачатыя крымінальныя справы на фоне злоўжывання следчымі паўнамоцтвамі. Грамадзяне Беларусі падлягаюць прымусоваму сяброўству ў "праўладных" грамадскіх аб'яднаннях, вядомых як GONGO (арганізаваныя дзяржавай недзяржаўныя арганізацыі). Да іх, напрыклад, адносяцца БРСМ, грамадскае аб'яднанне "Белая Русь" і прафсаюзы, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі. Некаторыя людзі, якія хочуць з іх выйсці, сутыкаюцца з цяжкасцямі і перашкодамі: ім высоўваюцца незаконныя патрабаванні (напрыклад, пра неабходнасць запаўнення адмысловых формаў), ці ім пагражаюць звальненнем, ці проста таму, што яны не ведаюць, як гэта зрабіць", — распавяла Наталля Сацункевіч.

Праваабаронца нагадала, што ў ліпені 2021 года беларускія ўлады публічна абвясцілі пра кампанію па масавай ліквідацыі "непажаданых" арганізацый грамадзянскай супольнасці — і гэта закранула амаль дваццаць адсоткаў усіх такіх арганізацый. За апошні год у Беларусі ліквідавана ці знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі 857 арганізацый — пра гэта ў сваім маніторынгу па свабодзе асацыяцый казаў "Lawtrend". Шматлікія арганізацыі грамадзянскай супольнасці былі вымушаны пераехаць за мяжу з меркаванняў бяспекі, а таксама дзеля працягу сваёй дзейнасці.

krugly-stol_sacunkevich-screen.png
Круглы стол "Грамадзянская супольнасць: умацаванне патэнцыялу і падсправаздачнасць" у Страсбургу. Скрыншот з відэатрансляцыі

Таксама Наталля Сацункевіч на прыкладзе праваабарончага цэнтра "Вясна" паказала рэпрэсіі супраць беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў. Так, "Вясну" пазбавілі рэгістрацыі рашэннем Вярхоўнага суда ў 2003 годзе за актыўную працу па абароне і прасоўванні правоў чалавека ў Беларусі. Пасля гэтага Камітэт па правах чалавека ААН двойчы выносіў рашэнне аб парушэнні правоў на свабоду асацыяцыі і рэкамендаваў Беларусі аднавіць рэгістрацыю "Вясны" — аднак арганізацыя яе так і не атрымала. Наталля Сацункевіч нагадала і пра пераслед асобных сябраў праваабарончага цэнтра:

"На працягу ўсёй гісторыі "Вясны" яе супрацоўнікі і валанцёры зазнавалі рэпрэсіі ў розных формах: затрыманні, штрафы, ператрусы. Некаторых звольнілі са сваёй працы і выключылі з універсітэта. У 2011 годзе лідар арганізацыі Алесь Бяляцкі адседзеў тры гады ў турме паводле сфабрыкаванай палітычнай справы — нібы за падатковыя правапарушэнні.

6 верасня 2022 года вынесены прысуд каардынатарцы Валанцёрскай службы "Вясны" Марфе Рабковай і валанцёру "Вясны" Андрэю Чапюку. Марфу асудзілі да 15 гадоў пазбаўлення волі, а Андрэя — да шасці. Іх злачынства — праца ў праваабарончай арганізацыі, дапамога людзям і каардынацыя валанцёраў.

Вясноўцам Марфе — 15 гадоў калоніі, Андрэю — 6: агучаны прысуды адразу дзесяці палітзняволеным

У Мінскім гарадскім судзе сёння агучылі прысуд адразу дзесяці палітзняволеным: каардынатарцы Валанцёрскай службы "Вясны" Марфе Рабковай, валанцёру Андрэю Чапюку, а таксама актывістам анархісцкага руху.

 Праваабаронцам у Беларусі ўвесь час пагражаюць, на гэтым тыдні мой калега Уладзімір Целяпун з невялікага гарадка Мазыр атрымаў 10 сутак арышту за крытычны рэпост у Facebook, — працягнула Наталля Сацункевіч. — І сітуацыя пагаршаецца. Агулам 7 сябраў "Вясны" цяпер знаходзяцца пад арыштам паводле крымінальных абвінавачванняў. За кратамі ўтрымліваюцца старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт FIDH Валянцін Стэфановіч і юрыст арганізацыі Уладзімір Лабковіч. Іх абвінавачваюць у тым, што арганізацыя не зарэгістраваная, не пастаўленая на падатковы ўлік і не плаціць падаткі. Гэта верх цынізму з боку ўлад, на мой погляд. Акрамя таго, у іх жудасныя ўмовы: душ раз на тыдзень, адна гадзіна шпацыру, перапоўненыя камеры, дрэннае харчаванне, адсутнасць сонечнага святла, адсутнасць кваліфікаванай медыцынскай дапамогі.

Але, нягледзячы на рэпрэсіі, мы працягваем сваю працу. Як і іншыя беларускія дэмакратычныя НДА. Вельмі прашу ўсіх напісаць паштоўкі падтрымкі маім калегам. Сёння вельмі важная салідарнасць, гэта наша зброя падтрымкі!"

Як распавяла Наталля Сацункевіч, яе выступ на Міжнародным круглым стале быў ўспрыняты іншымі ўдзельнікамі вельмі добра:

 "Усе выказваюць салідарнасць і падтрымку", — падзялілася сваімі ўражаннямі праваабаронца "Вясны".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства