viasna on patreon

"Аблавы" і затрыманні, новыя суды над палітвязнямі: хроніка пераследу 11 -12 снежня Дапоўнена

2022 2022-12-12T11:51:00+0300 2022-12-13T08:57:54+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kazialecki-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 11-12 снежня збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Слоніме сілавікі затрымалі Андрэя Казялецкага

На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што быў затрыманы з-за абразы міліцыянтаў у каментарах у інтэрнеце, паведамляе @Grodno_grab


Падчас «аблавы» ў Браславе, якую зладзіў ГУБАЗіК 7 снежня, было затрымана каля 15 чалавек

Пра гэта паведамляе адзін з тых, хто выйшаў з ізалятара пасля трох сутак арышту.

«Большасць былі затрыманыя па артыкуле 19.11 КаАП. Аднаго з затрыманых забралі за тое, што ў 2020 годзе перапосціў навіну з незалежнага тэлеграм-канала ў мясцовы чат», — піша на сваёй старонцы ў Facebook краязнаўца Кастусь Шыталь.


Мастака Івана Вярбіцкага будуць судзіць за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі

56-гадовы Іван Вярбіцкі — мастак з Гальшанаў, мае дзве вышэйшыя адукацыі.

Палітвязня абвінавацілі адразу па некалькіх крымінальных артыкулах: падбухторванне да акта тэрарызму, незаконныя набыццё, захоўванне боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, а таксама знішчэнне афіцыйных дакументаў. 15 сакавіка Івана Вярбіцкага асудзілі да 8 гадоў і 1 месяца калоніі.

Іван Вярбіцкі. Фота:

Вядома, што ў папраўчай калоніі на зняволенага гальшанца аказваўся ціск: два месяцы Івана ўтрымлівалі ў ШІЗА і ПКТ. У верасні 2021 палітвязню ўзмацнілі пакаранне і этапавалі ў магілёўскую турму №4.

Стала вядома, што 19 снежня ў Ленінскім судзе Магілёва яго будуць судзіць па ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суддзя — Таццяна Касцюк.


Палітвязня Ігара Аліневіча ў лістападзе змяшчалі ў ШІЗА

Пра гэта паведаміла ягоная маці:

"У пачатку лістапада зноў зніклі лісты ад Ігара. Мае асцярогі пацвердзіліся - зноў штрафны ізалятар. Гэтым разам - уся камера трапіла. 25 лістапада прыйшоў кароткі ліст і зноў маўчанне. Напэўна, зноў..."

Ігар Аліневіч

Нагадаем, актывіста анархічнага руху Ігара Аліневіча, асуджанага да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, этапавалі з мазырскай калоніі ў жодзінскую турму 11 жніўня. Пасля гэтага яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА. На знак пратэсту ён трымаў галадоўку.

Падтрымайце Ігара лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі: Турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А,  Ігару Уладзіміравічу Аліневічу.


Палітвязня Антона Сташэўскага перавялі ў магілёўскую калонію

Антон Сташэўскі — валанцёр фонда "Страна для жизни". Валанцёрыць стаў задоўга да выбараў 2020 года, быў ратавальнікам ПРА «Анёл», часта браў удзел у мерапрыемствах па пошуку зніклых людзей. Антона судзілі паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). Суддзя Дзіна Кучук прызначыла Сташэўскаму 8 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Стала вядома, што нядаўна яго этапавалі ў папраўчую калонію № 15.

BYSOL  адкрыў збор для аплата рэчавай і прадуктовых перадач, лекаў і матэрыяльнай падтрымкі сям'і Антона, у якога на волі засталіся двое маленькіх дзетак.

Падтрымайце валанцёра лістамі і тэлеграмамі: ПК № 15, 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша 183, Антон Аляксандравіч Сташэўскі.


Праваабаронца і рэдактар Аршанскага незалежнага сайта Ігар Казмерчак абвешчаны ў міждзяржаўны вышук

Рэдактар сайта orsha.eu Ігар Казмерчак яшчэ ў пачатку года быў абвешчаны ў вышук унутры краіны. Падставай паслужыла крымінальная справа за абразу прэзідэнта (ч.1 арт 368 Крымінальнага кодэкса). Ігар з'ехаў з краіны яшчэ летась.

Ігар Казмерчак. Фота: БАЖ

Сёння стала вядома, што Казмерчака  абвясцілі ў міждзяржаўны вышук. Гэта вышук у межах СНД, які рэгламентуецца дамовай ад 2010 года. Улічваючы, што СНД развальваецца, то развальваецца і сістэма такога вышуку. Акрамя Расеі ў Беларусь іншыя дзяржавы не выдаюць людзей абвінавачаных па палітычных артыкулах.


На былую журналістку Ларысу Шчыракову завялі крымінальную справу

Яе вінавацяць у дыскрэдытацыі Беларусі, піша @radiosvaboda. Ларысе пагражае пазбаўленне волі тэрмінам на 4 гады.

Сына былой журналісткі адправілі ў прытулак. Там ён знаходзіцца і цяпер. Бацька хлопчыка едзе з Сібіры, дзе ён жыве, каб забраць сына. А пакуль хлопчыка не аддаюць сваякам.

Журналістка Ларыса Шчыракова. Фота: Марына Драбышэўская

Да 2021 года Шчыракова супрацоўнічала з шэрагам незалежных СМІ. Яна здымала дакументальныя фільмы, вяла свой праект ушанавання памяці рэпрэсаваных "Забітыя і забытыя". Раней узначальвала краязнаўчую арганізацыю "Талака", ліквідаваную ўладамі.

У апошнія месяцы жанчына займалася этнафотасэтамі: фатаграфавала людзей у народных беларускіх строях і ў адпаведных месцах. Сёлета Шчыракова паступіла вучыцца на факультэт псіхалогіі.


Палітвязня Генадзя Смірнова змясцілі ў ПКТ

Як стала вядома берасцейскай «Вясне», Генадзя Смірнова змясцілі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) як злоснага парушальніка ўстаноўленага парадку. Перад гэтым яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА. Паводле крыніцаў праваабаронцаў «Генадзь моцна схуднеў, высах, адны жылы тырчаць».

Нагадаем, у судзе Ляхавіцкага раёна 27 кастрычніка 2021 года вынеслі прысуд бацьку і сыну Генадзю і Вячаславу Смірновым, якіх абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса), а Генадзя — яшчэ і ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў (ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодекса). У выніку Генадзя асудзілі да 2,5 гадоў калоніі, а Вячаслава — да 2 гадоў «хіміі».

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства