Затрыманне грамадзяніна Грузіі і чарговая "экстрэмісцкая" кніга: хроніка пераследу 17 студзеня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 17 студзеня 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітзняволены Мікалай Статкевіч зноў у ШІЗА
Пра гэта ў Facebook паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч. Днямі яна атрымала новы ліст ад Мікалая:
"Ужо некалькі разоў пасля выпіскі з медчасткі бралі кроў з пальца на аналіз. Як я разумею, застаецца завышанай СОЭ. Сёння рабілі "кантрольную" флюараграфію, у тым ліку, асобны здымак правага лёгкага.
Звычайная тут сітуацыя — адна "рука" неўзабаве пасля хваробы саджае ў ШІЗА, а потым у камеру з мокрым ад столі да нізу кутам, а другая лякуе ад наступстваў. І піша даведкі, што магу быць у ШІЗА — з ліста Мікалая ад 05.01.23.
А я та гадала, навошта было яго пасля хваробы пераводзіць у іншую камеру? Верагодна, старая не адпавядала высокім стандартам гэтай установы. Ды і сем сантыметраў нечага вартыя ж".
Падтрымайце палітвязня: ПК № 13, 211791, Глыбокае, Савецкая, 205, Мікалаю Віктаравічу Статкевічу
У Мінску затрымалі грамадзяніна Грузіі, які нібыта хацеў паехаць ваяваць за Украіну
Затрыманы — Георгій Зіракашвілі. Сцвярджаецца, што пасля затрымання ён ва Украіну ехаць перадумаў. Што з мужчынам цяпер, ці распачалі супраць яго крымінальную справу або выправадзілі з краіны — невядома.
Вядучыя БТ, выкарыстоўваючы гісторыю грузіна, наўпрост абвінавацілі амбасаду Украіны ў Мінску ў вярбоўцы замежных наймітаў для вайны. Якіх-небудзь доказаў таго, што канкрэтна амбасада ў Мінску займаецца вярбоўкай, на БТ не прывялі.
Улады прызналі «экстрэмісцкай» чарговую кнігу — на сайце Мінінфарма яе назву на беларускай мове напісалі з памылкамі
Суд Цэнтральнага раёну Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кнігу «"Вызваленыя" i Заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939-1941 г.г. у дакументах беларускiх архiваў». Адзначым, што ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў назва кнігі напісана з памылкамі («Вызваленныя» i «Заняволенныя»).
Таксама ў «экстрэмісцкі спіс» дадалі:
- Telegram-каналы і чаты: «Ивье. НОВОСТИ», «by_help Molo», «МОЛОДЕЧНО Chat»;
- Старонка ў «Аднакласніках» «Ирина Боровик»;
- Facebook-старонкі «BYPOL News», «1Пинск»;
- Telegram-стыкеры «WotanJugend by @fStikBоt».
Палітвязня Сяргея Лаўкайціса змясцілі ў ШІЗА другі раз запар
Сяргея затрымалі 5 снежня 2020 года. Яго абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 339 КК (Хуліганства) — нібыта ён «падрыхтаваў не менш чым у 4 пластыкавых бутэльках лёгкаўзгаральную гаручую сумесь, якой наўмысна абліў з тыльнага боку гандлёвы кіёск "Табакерка” і падпаліў, у выніку чаго адбылося ўзгаранне». Сяргея асудзілі да трох гадоў калоніі.
Па інфармацыі праваабаронцаў, Сяргея другі раз запар змясцілі ў ШІЗА. Адной з прычын маглі стаць вершы на беларускай і расейскай мовах, якія вязень піша па падзеях у калоніі. Сяргея перавялі ў атрад да Паўла Севярынца і ў іншыю брыгаду. Адміністрацыя цісне на яго празадмову працаваць «у прадлёнцы» бясплатна. Таксама Сяргея караюць рапартамі за "надуманыя" парушэнні: расшпілены гузік ці у бараку зняў куртку і апрануў майку. Пры гэтым ён адмаўляўся пісаць паясняльную, бо не бачыў сваёй віны.
Падтрымайце Сяргея: ПК № 17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8, Сяргей Анатольевіч Лаўкайціс
Уладзіміра Астапенку завочна ўзялі пад варту
Генеральная пракуратура паведаміла, што крымінальную справу ў дачыненні да экс-амбасадара Уладзіміра Астапенкі, якому інкрымінаваны крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, накіраваная ў суд. Нанесеную шкоду пракуратура ацаніла ў 6,9 тыс. рублёў.
Паводле крымінальнай справы са згоды Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь праводзіцца так званая спецыяльная вытворчасць. Завочна абрана мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.
Нагадваем, амбасадар Беларусі ў Аргентыне Уладзімір Астапенка пасля падзей 2020-га года пакінуў пасаду і далучыўся да НАУ.
Напрыканцы снежня мінулага году, стала вядома, што ў дачыненні да экс-дыпламата следчы камітэт Беларусі распачаў «спецыяльную вытворчасць».
Цяпер Уладзімір Астапенка ўзначальвае Місію дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі. Сілавікі нават прасілі яго прыехаць у Беларусь і даць паказанні ў Следчым камітэце.
Інфармацыя дапаўняецца.