viasna on patreon

"Зброя для барацьбы з іншадумствам". Распавядаем пра новыя змены ў Крымінальны кодэкс, ухваленыя беларускімі дэпутатамі 

2023 2023-02-22T16:32:49+0300 2023-02-22T16:32:49+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/tanki_no_war.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у першым чытанні прынялі праект закона "Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці". Акрамя ўсяго іншага, дэпутаты ўхвалілі смяротнае пакаранне за здраду дзяржаве для службовых асоб і вайскоўцаў, а паводле аналогіі з расійскім заканадаўствам уводзіцца пакаранне за дыскрэдытацыю войска. "Вясна" распавядае, якія яшчэ змены ўхвалілі беларускія дэпутаты і хто за гэта адказны, а юрыст каментуе чарговыя рэпрэсіўныя змены ў беларускае заканадаўства.

Карціна гродзенскага мастака-манументаліста Сяргея Грыневіча
Карціна гродзенскага мастака-манументаліста Сяргея Грыневіча

Якія яшчэ змены ўхвалілі дэпутаты?

На сайце Палаты Прадстаўнікоў сцвярджаецца, што "ў мэтах аказання стрымліваючага ўздзеяння на дэструктыўныя элементы, а таксама дэманстрацыі рашучай барацьбы са здрадай дзяржаве" праектам Закона прапануецца занясенне змен у санкцыю часткі 2 артыкула 356 КК, якія прадугледжваюць магчымасць ужывання выключнай меры пакарання ў выглядзе смяротнага пакарання за здраду дзяржаве, здзейсненую службовай асобай, што займае дзяржаўную пасаду, ці асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца.

Нагадаем, у адпаведнасці з артыкулам 356 Крымінальнага кодэкса, на гэты момант у сувязі з пратэснай дзейнасцю ў Беларусі асуджаны 23 чалавекі. Сярод іх ёсць асобы, якія займалі дзяржаўную пасаду, — гэта былы падпалкоўнік КДБ Аляксей Храловіч, капітан Генштаба Узброеных Сіл Дзяніс Урад, падпалкоўнік Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Міністэрства абароны Дзмітрый Самсонаў.

Але адзначым, што ў выпадку прыняцця гэтага закона ён не будзе мець зваротнай сілы.

У артыкул 369-1 КК уносяць дадатак у мэтах вызначэння адказнасці за распаўсюд свядома непраўдзівых звестак, якія дыскрэдытуюць Узброеныя Сілы, іншыя войскі і вайсковыя фармаванні, ваенізаваныя арганізацыі Рэспублікі Беларусь.

"Увядзенне такой прававой нормы будзе з'яўляцца дзейснай прэвентыўнай мерай распаўсюду свядома непраўдзівай неадпаведнай рэчаіснасці інфармацыі пра беларускае войска і іншыя «сілавыя структуры»", — тлумачаць дэпутаты.

Прапануецца ўвесці ў Крымінальны кодэкс артыкул "Прапаганда тэрарызму" і "Парушэнне патрабаванняў па абароне дзяржсакрэтаў", "бо вызначэнне крымінальнай адказнасці за прапаганду тэрарызму будзе спрыяць прадухіленню распаўсюду інфармацыі, якая рэабілітуе тэрарызм, і недапушчэнню прызнання практыкі і ідэалогіі тэрарызму як правільных і годных падтрымкі мадэляў паводзін".

Штраф за злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва, грамадскай бяспекі, бяспекі руху, здароўя насельніцтва і дзяржавы павялічваецца да максімальных 50 тысяч базавых велічынь, цяпер гэта 1 850 000 рублёў (каля 621 тысячы еўра).

Чалавека, якога падазраюць у здрадзе дзяржаве, змове з мэтай захопу ўлады, шпіянажы, тэрарызме ці дыверсіі, змогуць затрымліваць паводле падазрэння на тэрмін да 10 сутак, а абвінавачванне выстаўляць на працягу 20 сутак. Як пішуць дэпутаты, "гэта выклікана тым, што часцяком па гэтых складах злачынстваў, акрамя працэсуальнага замацавання доказаў, на пачатковай стадыі актыўна праводзяцца аператыўна-следчыя камбінацыі, на правядзенне якіх 72 гадзінаў затрымання бывае недастаткова".

"Прыняцце праекта Закона дазволіць больш дзейсна рэалізоўваць комплекс захадаў, скіраваных на выяўленне і процідзеянне экстрэмісцкім і тэрарыстычным структурам, а таксама спробам замежных спецслужбаў і арганізацый залучыць беларускіх грамадзян у дзейнасць, накіраваную на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь", — тлумачаць дэпутаты неабходнасць прыняцця гэтых зменаў.

Адказныя за законапраект дэпутаты — з пракурорскім і вайсковым досведам

Дэпутаты Аляксандр Дубаў і Яўген Зайцаў
Дэпутаты Аляксандр Дубаў і Яўген Зайцаў

Пастаяннай камісіяй, у якой знаходзіцца на разглядзе законапраект, з'яўляецца камісія па нацыянальнай бяспецы. Адказнымі дэпутатамі выступаюць Яўген Станіслававіч Зайцаў і Аляксандр Васільевіч Дубаў.

Дубаву 67 гадоў і нарадзіўся ён у Расійскай Федэрацыі, але вышэйшую адукацыю атрымаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце. 38 гадоў прапрацаваў у органах пракуратуры Беларусі, з 2014 па 2019 год быў намеснікам Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь. Абіраўся дэпутатам Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў 22-га склікання.

Зайцаву 52 гады, ён родам з магілёўскага Мсціслаўя, але скончыў Харкаўскую вышэйшую вайсковую камандна-інжынерную вучэльню ракетных войскаў імя Маршала Савецкага Саюза М. І. Крылова. Мае званне палкоўніка. З 1992 года праходзіў вайсковую службу на розных пасадах — ад інжынера аддзялення ракетнага палка да камандзіра артылерыйскай брыгады. З 2012 па 2019 год працаваў вайсковым камісарам Брэсцкай вобласці, начальнікам Брэсцкага гарнізона.

Абіраўся дэпутатам Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў 26-га склікання, дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў 27-га і 28-га скліканняў.

Узнагароджаны ордэнам "За службу Радзіме" III ступені, медалямі "За бездакорную службу" II і III ступені.

"Зброя для барацьбы з самымі малымі праявамі нелаяльнасці і іншадумства"

Праваабаронца і юрыст "Вясны" Павел Сапелка адзначае, што гэты законапраект з'яўляецца чарговым інструментам для узмацнення жорсткасці крымінальнага заканадаўства:

"Яно ператварылася ў зброю для барацьбы з самымі малымі праявамі нелаяльнасці і іншадумства. Новыя нормы ставяць пад пагрозу выкананне міжнародных абавязальніцтваў Беларусі ў галіне правоў чалавека, закранаюць права на жыццё і свабоду выказвання меркаванняў.

Асабліва трывожна, што гэтыя нормы ўводзяцца ў перыяд, калі роля судовай улады зведзена да мінімуму, выкананне стандартаў справядлівага суда даўно не з'яўляецца прыярытэтам, палітычна матываваныя справы разглядаюцца без выканання мінімальных гарантый для абвінавачаных".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства