viasna on patreon

Эксперты ААН: Прысуд Нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму спроба здушыць крытыку і іншадумства

2023 2023-03-07T12:49:34+0300 2023-03-07T12:53:49+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/oon2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пасля таго як суд у Мінску вынес знішчальны прысуд беларускаму праваабаронцу і Нобэлеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму, які атрымаў 10 гадоў пазбаўлення волі, эксперты ААН заклікалі міжнародную супольнасць нястомна дабівацца праўды і справядлівасці для ўсіх ахвяр парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Адпаведная заява была апублікавана на сайце ААН. 

“Сённяшняе рашэнне  — гэта вынік мэтанакіраванага крымінальнага пераследу і інструменталізацыі сістэмы правасуддзя беларускімі ўладамі для падаўлення любога крытычнага аналізу і нязгоды з іх рэпрэсіўнай палітыкай.

Гэтае рашэнне з'яўляецца горкім напамінам аб тым, што ў Беларусі няма незалежнай судовай сістэмы, аднак пошук адказнасці і справядлівасці не павінен спыняцца”, — заявілі эксперты ААН.

Бяляцкі, адзін з лаўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру 2022 года, быў асуджаны за “кантрабанду ў складзе арганізаванай групы” і “фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Эксперты ААН выказалі сурʼёзную заклапочанасць наконт абгрунтаванасці гэтых абвінавачанняў, на падставе якіх была ўзбуджаная крымінальная справа, і іх адпаведнасці правам на свабоду выказвання меркавання, абʼяднанняў і праваабарончую дзейнасць.

Калегі Бяляцкага па “Вясне” Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч і Зміцер Салаўёў таксама былі асуджаныя судом Ленінскага раёна г. Мінска да працяглых тэрмінаў пазбаўлення волі (9, 7 і 8 гадоў адпаведна) за іх працу па дакументаванні жорсткіх рэпрэсій у дачыненні да сотняў тысяч пратэстоўцаў, якія аспрэчвалі вынікі прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года.

Алесь Бяляцкі заснаваў праваабарончы цэнтр “Вясна” ў 1996 годзе, каб змагацца супраць адвольных арыштаў і парушэнняў правоў чалавека беларускімі ўладамі. Першы раз яго пасадзілі ў турму ў 2011 годзе (дзе ён правёў 1052 дні). Другі раз Бяляцкага затрымалі ў ліпені 2021 года пасля правядзення ператрусу ў “Вясне”.

“Неабходна аддаць належнае мужнасці ўсіх праваабаронцаў, якія рызыкуюць асабістай свабодай, і дамагацца справядлівасці для ўсіх ахвяр парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі”, — заявілі эксперты ААН пасля вынясення прысуду.

Той факт, што ў сваім імкненні захаваць уладу любой цаной цяперашні ўрад поўнасцю знішчыў грамадзянскую прастору і падавіў свабоду слова ў Беларусі, выклікае сурʼёзную заклапочанасць экспертаў ААН. Паводле звестак, з 2020 года ў Беларусі каля 1500 чалавек былі пазбаўлены волі па палітычна матываваных абвінавачаннях.

Яны зноў заклікалі да іх неадкладнага вызвалення, забеспячэння доступу да справядлівага судовага разбору і кампенсацыі прычыненай шкоды.

“У той час, калі краіна мае вялікую патрэбу ў грамадзянскай супольнасці, праваабарончая дзейнасць у Беларусі крыміналізаваная”, — заявілі эксперты ААН.

Пад сумеснай заявай падпісаліся: Анаіс Марэн, Спецыяльны дакладчык па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі; Фіануала Ні Аолайн, Спецыяльны дакладчык па пытанні аб заахвочванні і абароне правоў чалавека і асноўных свабод ва ўмовах барацьбы з тэрарызмам; Мэры Лолар, Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы праваабаронцаў; Ірэн Хан, Спецыяльны дакладчык па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне; Маргарэт Сатэртуэйт, Спецыяльны дакладчык па пытанні аб незалежнасці; Эліс Джыл Эдвардс, Спецыяльны дакладчык па пытанні аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відах абыходжання і пакарання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства