“Гэта злачынства супраць чалавечнасці”. Праваабаронца “Вясны” — на сесіі ААН
У Жэневе цяпер адбываецца 52-я сесія ААН (28 лютага – 1 красавіка 2023 года). У ёй прыняла ўдзел і праваабаронца “Вясны” Наталля Сацункевіч. Распавядаем пра тое, як у ААН гучала тэма Беларусі, дзякуючы беларускім праваабаронцам.
Перадгісторыя: Пасля падзей жніўня 2020 года ў Беларусі ў сакавіку 2021 года на чарговай сесіі ААН Савет па правах чалавека стварыў камісію па расследаванню сітуацыі ў Беларусі — The UN Human Rights Office Examination on Belarus. Грамадзянская супольнасць чакае, што напрыканцы 52-й сесіі ААН мандат гэтай місіі будзе падоўжаны, а дзеянні беларускіх сілавікоў і ўладаў у адносінах да пратэстоўцаў будуць прызнаны злачынствамі супраць чалавечнасці.
“Таму ў Жэневе ў нас быў шэраг адвакацыйных сустрэч з нагоды Examination mission”, — расказала Наталля Сацункевіч.
Адна з гэтых сустрэч — сайд-івэнт “Пераслед за міжнародныя злачынствы і сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі”, арганізаваны сталымі прадстаўніцтвамі Літвы і Польшчы ў ААН. На ім падымалася тэма катаванняў у Беларусі. Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі сабралі і задакументавалі болей 2 000 такіх выпадкаў пасля падзей жніўня 2020 года.
“Як расказала беларуская праваабаронца і прадстаўніца Камітэта Вікторыя Фёдарава, па іх ацэнках гэта злачынства супраць чалавечнасці, — адзначыла Наталля Сацункевіч. — Я ж нагадала пра сваіх палітзняволеных калег-вясноўцаў — Уладзіміра Лабковіча, Валянціна Стэфановіча і Алеся Бяляцкага: яны ўтрымліваюцца ў дрэнных умовах у СІЗА на Валадарскага. На судзе яны былі ў кайданках. Нагадала і пра тое, што 27-гадовай (на той момант) каардынатарцы Валанцёрскай службы Вясны Марфе Рабковай прысудзілі 15 гадоў калоніі. І падкрэсліла, што яны фактычна адны з амаль паўтары тысячы палітзняволеных, якія сутыкаюцца з такімі ўмовамі.
Я папрасіла распаўсюджваць гэту інфармацыю. Беларусі ж патрэбна дапамога і салідарнасць усяго свету”.
У сайд-івэнце прыняла ўдзел і спецыяльная дакладчыца па Беларусі Анаіс Марэн. У сваім выступе яна адзначыла, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў беларускай сістэмы правасуддзя не атрымалася правесці незалежныя, аператыўныя, эфектыўныя і празрыстыя расследаванні і прыцягнуць вінаватых да адказнасці за паведамленні пра парушэнні правоў чалавека.
“Падкрэслю, што цяпер мы знаходзімся прыкладна напаўдарозе паміж выбарамі 2020 года і наступнымі прэзідэнцкімі выбарамі, якія павінны адбыцца ў 2025 годзе. Аднак мой асабісты маніторынг сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі паказвае абсалютную адсутнасць якіх-небудзь намаганняў і палітычнай волі ва ўладаў для вырашэння сур’ёзных праблем, якія працягваюць падымаць розныя міжнародныя праваабарончыя механізмы, арганізацыі грамадзянскай супольнасці і праваабаронцы. Падзеі 2020 года трапілі ў загалоўкі і прыцягнулі міжнародную ўвагу, але я занепакоена тым, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, якая ўвесь час пагаршаецца, можа застацца незаўважанай”, — адзначыла Анаіс Марын.
Сайд-івэнт выклікаў вялікую зацікаўленасць — на ім сабралася каля 90 прадстаўнікоў розных краін. Сярод тых, хто ўзяў слова, Наталля Сацункевіч вылучыла прадстаўнікоў Албаніі і Эстоніі:
“Яны выказалі нам безумоўную падтрымку. І заклікалі іншыя краіны галасаваць за прадаўжэнне Examination mission".
Апроч сайд-івэнта, праваабаронца паўдзельнічала і ў двухбаковых сустрэчах з прадстаўнікамі розных краін: Фінляндыі, Чэхіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Вялікабрытаніі, Швецыі, Польшчы, США, Мексікі, Латвіі, Даніі, Нарвегіі.
“Я распавядала пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. У прадстаўнікоў розных краін розны ўзровень уцягнутасці і разумення сітуацыі ў Беларусі. Напрыклад, у гэтым вельмі добра разбіраюцца прадстаўнікі Польшчы і Германіі. Прыемна здзівіў у гэтым плане прадстаўнік Мексікі.
Але мы бачым падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі і дэмакратычных зменаў. А таксама ўсе шакіраваны прысудам праваабаронцам “Вясны”, тэрмінамі і ўвогуле самой крымінальнай справай”.
Акрамя гэтага, Наталля Сацункевіч успомніла сумны факт:
“Два гады таму Алесь Бяляцкі быў у Жэневе і ўдзельнічаў у стварэнні Examination mission. А сёння ён у турме — у тым ліку і за Examination mission”.
Суарганізатарамі сайд-івэнта і арганізатарамі адвакацыйных сустрэч з прадстаўніцай Вясны выступіў Фонд Дамоў правоў чалавека.