viasna on patreon

"Ёй ужо трэба не проста УГД зрабіць, а пункцыйную біяпсію", — сукамерніца Марфы Рабковай пра яе здароўе

2023 2023-03-16T14:15:41+0300 2023-07-05T16:36:21+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/marfa_637.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палітзняволеную каардынатарку Валанцёрскай службы "Вясны" Марфу Рабкову, асуджаную да 14 гадоў і дзевяць месяцаў калоніі, днямі этапавалі ў жаночую калонію. Да гэтага два з паловай гады яе ўтрымлівалі ў следчым ізалятары № 1 у Мінску. За гэты час у 28-гадовай дзяўчыны сур'ёзна пагоршылася здароўе і яна мае патрэбу ў добрым абследаванні і лячэнні. Надзея застаецца на тое, што цяпер гэта адбудзецца ў калоніі. Былая сукамерніца Марфы экскурсаводка Валерыя Чарнаморцава распавяла "Вясне" падрабязней пра здароўе нашай каляжанкі.

Марфа Рабкова. Фото: spring96.org
Марфа Рабкова. Фота: spring96.org

У зняволенні Марфа некалькі разоў перахварэла на COVID, гэта, у тым ліку, паўплывала і на запаленчыя працэсы ў дзяўчыны. Так, Марфа даўно мае праблемы з лімфавузламі і шчытападобнай залозай. Валерыя Чарнаморцава, якая ўтрымлівалася з Марфай у адной камеры з канца кастрычніка да сярэдзіны студзеня, распавяла пра яе здароўе ў тыя часы:

"У яе больш за год запалёныя лімфавузлы, і ёсць нейкія новаўтварэнні ў шчытападобнай залозе, якія яна ўжо фізічна адчувае. У СІЗА ёй рабілі ўльтрагукавое даследаванне ("УЗИ"). На "Валадарку" прыязджаў спецыяліст, але ён быў з дрэнным апаратам. Ён тады сказаў Марфе, што ёй патрэбна зрабіць абследаванне на лепшым апараце ў Калядзічах, дзе ёсць нармалёвы апарат. Яна на чацвярговых праверках казала гэта ўвесь час, але супрацоўнікі ёй адказвалі, што яны ведаюць і памятаюць гэта. Але да гэтага часу нічога не зрабілі. На маю думку, ёй ужо трэба не проста УГД зрабіць, а пункцыйную біяпсію для таго, каб зразумець, ці гэта дабраякаснае ўтварэнне, ці штосьці страшней". 

Акрамя гэтага, у Марфы даўно выявілі вадкасць у малым тазе, таму ёй трэба зрабіць і гінекалагічную дыягностыку і прызначыць неабходнае лячэнне.

Валерыя адзначае, што ўзровень медыцынскай дапамогі ў СІЗА-1 пакідае жадаць лепшага:

"У СІЗА ёсць такі тэрапеўт па мянушцы "Вася Канавал", які нічога не робіць. Калі ў вязняў ёсць праблемы са здароўем, то яны пішуць яму заявы, а той, у сваю чаргу, мусіць разглядаць іх. Але, напрыклад, калі ў нас ва ўсіх быў высокі ціск, то ён казаў: "Спортам трэба займацца".

Як прыклад, Маша (Марфа) распавядала, як у адной палітычнай жанчынкі адняліся ногі ў камеры. У яе былі праблемы да гэтага, і яна прасіла пракалоць курс лекаў ёй. І вось, што ў выніку атрымалася... Вася Канавал стаяў над ёй, смяяўся і казаў: "Вы ж, жанчыны, моцны пол, чаму вы ўстаць не можаце?!" Два тыдні дзяўчаты за ёй даглядалі, пакуль яе не забралі кудысьці на медчастку. Ёй там пракалолі курс гэтых лекаў, яна стала крыху хадзіць, і яе адправілі на калонію. Гэтая гісторыя яскрава адлюстроўвае ўзровень медыцыны ў СІЗА".

Па словах Валерыі, Марфа заўсёды настойвала, каб кожны дзень іх камера выходзіла на шпацыр. Бо ў СІЗА існуе правіла, што калі хто-небудзь з вязняў адмаўляецца ісці на шпацыр, то не ідзе ўся камера.

"Калі нехта адмаўляўся, то Маша казала: "Прабачце, дзяўчаты, але без шпацыра я проста не выжыву"".

14 сакавіка праваабаронцу этапавалі з СІЗА-1 у гомельскую жаночую калонію № 4, дзе яна будзе на каранціне каля двух тыдняў. 16 сакавіка стала вядома, што Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўнёс Марфу Рабкову ў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці".

Падтрымайце палітзняволеную праваабаронцу лістамі: ПК № 4, 246035, Гомель, Антошкіна, 3, Марфа (Марыя) Аляксандраўна Рабкова (каранцін)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства