viasna on patreon

"Могуць з'яўляцца злачынствамі супраць чалавечнасці". Што азначае гэтая фармулёўка ў дакладзе ААН пра Беларусь?

2023 2023-04-06T15:54:27+0300 2023-04-06T15:55:14+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/aan_sciagi-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

17 сакавіка Офіс Упраўлення Вярхоўнага Камісара па правах чалавека ААН апублікаваў даклад "Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх". У ім упершыню гучыць фармулёўка "Некаторыя з парушэнняў могуць таксама прыраўноўвацца да злачынстваў супраць чалавечнасці". Разам з праваабаронцамі тлумачым, у чым важнасць гэтай фармулёўкі і якое значэнне яна мае.

Што такое злачынствы супраць чалавечнасці?

Святлана Галаўнёва, юрыстка Праваабарончага цэнтра "Вясна":

galauneva_mini.png"Злачынствы супраць чалавечнасці — гэта асобная група міжнародных злачынстваў, у якую ўваходзяць такія дзеянні, як:

  • катаванні і жорсткае абыходжанне,
    згвалтаванні і сэксуальны гвалт,
    гвалтоўныя знікненні,
    зняволенне ў турму і іншае жорсткае пазбаўленне фізічнай свабоды,
    пераслед.

Што робіць гэтыя дзеянні міжнароднымі злачынствамі? Кантэкст. Каб быць прызнанымі міжнароднымі злачынствамі, такія дзеянні павінны быць здзейснены ў рамках шырокамаштабнага або сістэматычнага нападу, накіраванага на грамадзянскае насельніцтва.

Міжнародныя злачынствы — гэта асабліва цяжкія злачынствы, якія пераследуюцца не проста па крымінальным заканадаўстве асобнай краіны, а па міжнародным праве.

[Дзякуючы дакладу] упершыню на ўзроўні ААН устаноўлена, што рэпрэсіўныя дзеянні беларускіх уладаў могуць быць прызнанымі міжнароднымі злачынствамі — злачынствамі супраць чалавечнасці".

"Некаторыя з парушэнняў могуць таксама прыраўноўвацца да злачынстваў супраць чалавечнасці" — якое значэнне, у тым ліку практычнае, мае гэтая фармулёўка ў дакладзе ААН аб сітуацыі ў Беларусі?

Павел Сапелка, юрыст праваабарончага цэнтра "Вясна":

sapelka-mini_2.jpg"Яшчэ ў папярэднім дакладзе Вярхоўнага камісара была закладзена аснова для высноў аб тым, што ўладамі Беларусі здзяйсняліся злачынствы супраць чалавечнасці, і была выкладзена пазіцыя, згодна з якой патрабавалася далейшая ацэнка з пункту гледжання міжнароднага крымінальнага права. Дадаткова даследаванне абставінаў падзей, якія мелі месца пасля жніўня 2020 года, прывяло Вярхоўнага камісара да меркавання аб тым, што ў перыяд з 1 траўня 2020 года па 31 снежня 2022 года ў Беларусі быў здзейснены шэраг парушэнняў міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, некаторыя з якіх «могуць таксама прыраўноўвацца да злачынстваў супраць чалавечнасці, як тыя вызначаны ў міжнародным звычайным праве, калі такія дзеянні здзяйсняюцца ў рамках шырокамаштабнага або сістэматычнага нападу на любых грамадзянскіх асоб, і калі такі напад здзяйсняецца свядома».

УВКПЧ акцэнтавала ўвагу на вядомых яму намаганнях па «ўзбуджэнні адпаведных крымінальных спраў як мінімум у шасці нацыянальных юрысдыкцыях за межамі Беларусі на аснове прынцыпаў універсальнай або экстэрытарыяльнай юрысдыкцыі» і падкрэсліла важнасць працягу намаганняў па зборы, дакументаванні і захаванні доказаў парушэнняў з мэтай «садзейнічання будучым працэсам прыцягнення да адказнасці». Акрамя гэтага, УВКПЧ «працягвала збіраць і захоўваць доказы з мэтай садзейнічання будучым працэсам прыцягнення да адказнасці, ... сабрала дасье на фізічных і юрыдычных асоб , якія ... нясуць адказнасць за грубыя парушэнні правоў чалавека, у тым ліку тыя, якія могуць быць кваліфікаваныя як злачынствы па міжнародным праве»".

Універсальная юрысдыкцыя: як прыцягнуць сілавікоў да адказнасці і чым блізкія беларусы і сірыйцы?

Як прыцягнуць да адказнасці тых, хто вінаваты ў катаваннях беларусаў, з дампамогай універсальнай юрысдыкцыі? Як працуе гэты механізм і якія ў яго ёсць недахопы? Як атрымалася асудзіць сірыйскіх сілавікоў, якія маюць дачыненне да катаванняў пратэстоўцаў — і чаму беларусам варта звярнуць увагу на гэты кейс?

Вікторыя Фёдарава, прадстаўніца Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі:

"Гэта прарыў, гэта вялікае дасягненне, і нарэшце мы атрымалі ад органа ААН тую юрыдычную кваліфікацыю, пра якую мы гаворым ужо два гады. Гэта значыць, на дадзеным этапе мы можам, абапіраючыся на гэты даклад, казаць пра тое, што з 2020 года ў Беларусі адбываюцца не проста парушэнні правоў чалавека, а міжнародныя злачынствы. Гэта зусім іншы ўзровень цяжару таго, што адбываецца.

Для чаго гэта трэба было праваабаронцам (і не толькі ім, а ў цэлым беларускаму грамадству, дэмакратычным сілам)? Для адвакатавання на міжнародным узроўні стварэння механізмаў прыцягнення вінаватых да адказнасці, а таксама і палітычных мер у дачыненні да Беларусі. А калі зыходзіць з вельмі практычных рэчаў, то нам як праваабаронцам цяпер з гэтым дакладам можна звяртацца ў розныя органы іншых краін (у пракуратуры ў асноўным, гэта значыць органы, якія вядуць расследаванне крымінальных спраў) з мэтай узбуджэння спраў па універсальнай юрысдыкцыі. Таму што часцяком некаторыя краіны на этапе падачы заявы ад індывідуальнай ахвяры [з Беларусі] не разумеюць усяго кантэксту таго, што адбываецца. І калі раней мы апісвалі гэты кантэкст на падставе сваіх дакладаў праваабарончых арганізацый (беларускіх і міжнародных), то цяпер у нас ёсць заключэнне органа ААН. [Цяпер ёсць] даклад Вярхоўнага Камісара ААН, які значна больш аўтарытэтны за даклады беларускіх праваабаронцаў".

Яўгенія Андрэюк, каардынатарка рэгіянальнай праграмы па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі ў Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў:

"Гэта важнае развіццё, і важная Юрыдычная ацэнка, якую мы атрымалі ад ААН. На ўзроўні НДА і праваабарончай супольнасці (і беларускай, і міжнароднай) гэтая ацэнка ўжо была дадзеная [што ў Беларусі адбываюцца злачынствы супраць чалавечнасці], але фактычна да дакладу 2023 года гэта не было так выразна прызнана на міжнародным узроўні. Тое, што гэта прызнана на ўзроўні ААН, дае агульнапрызнанасць — услед за ААН пра гэта будуць казаць і іншыя дзяржавы".

Гэта ўжо другі даклад (пасля 2020 года) па Беларусі, але ўпершыню гучыць гэтая фармулёўка. І згадваецца яна ў дакладзе адзін раз. Чаму так доўга, і ці не занадта яна мяккая?

Павел Сапелка:

"Так, нам таксама здаецца, што працэсы ўстанаўлення фактаў маглі б ісці больш хуткімі тэмпамі, але менавіта так працуюць многія міжнародныя механізмы. Фармулёўка дакладу адлюстроўвае кампетэнцыю гэтага міжнароднага органа — гэта не суд, які мае паўнамоцтвы рабіць высновы пра факты злачынстваў і вінаватасці ў іх некаторых асоб".

Яўгенія Андрэюк:

"Насамрэч фармулёўка не такая, як нам бы хацелася ў ідэале: мы б хацелі, каб выразна было напісана, што гэта ўсё з'яўляецца злачынствамі супраць чалавечнасці. Але ёсць некалькі нюансаў. «Некаторыя парушэнні з'яўляюцца» — тут справа ў тым, што ў дакладзе апісваецца нашмат больш парушэнняў, то бок не ўсе парушэнні правоў чалавека з'яўляюцца злачынствамі супраць чалавечнасці. І, напрыклад, у дакладзе апісваецца таксама парушэнне свабоды слова, свабода асацыяцыі — строга кажучы, юрыдычна гэтыя злачынствы не з'яўляюцца злачынствамі супраць чалавечнасці самі па сабе. То бок нават калі сур'ёзна парушаць свабоду слова, гэта не стане злачынствам супраць чалавечнасці. З іншага боку, напрыклад, у рэкамендацыях дакладу (пункт 66b) гаворыцца, што трэба пачаць расследаванне па тым, што з'яўляецца злачынствамі па міжнародным праве, уключаючы "масавыя затрыманні, арышты, катаванні, нечалавечае абыходжанне, сэксуальны і гендарны гвалт, гвалтоўныя знікненні". Для мяне гэты пункт кажа, што яны лічаць злачынствамі супраць чалавечнасці.

"Не менш за 100 000 чалавек укрыліся за мяжой". Выйшаў даклад УВКПЧ ААН пра сітуацыю ў Беларусі

Выйшаў даклад Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека "Становішча ў вобласці правоў чалавека ў Беларусі на парозе прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх". Даклад робіць вывад: ёсць дастатковыя падставы меркаваць, што ў Беларусі адбываліся і адбываюцца сістэматычныя, масавыя і грубыя парушэнні правоў чалавека, а некаторыя з парушэнняў могуць таксама прыраўноўвацца да злачынстваў супраць чалавечнасці. "Вясна" коратка прыводзіць яго змест.

Справа ў тым, што гэта механізм расследавальніцкі, але гэта не суд — прама сказаць, што такое злачынствы супраць чалавечнасці мае права судовы орган, а гэта камісія ААН не мае такіх паўнамоцтваў. То бок такая фармулёўка не значыць, што яны сумняюцца — яна звязаная з мандатам і з іерархіяй міжнародных органаў.

Але, з іншага боку, ёсць момант крытыкі. Вяртаючыся да таго, што з'яўляецца, а што не [злачынствамі супраць чалавечнасці] — ёсць спіс па Рымскім статуце, якія злачынствы з'яўляюцца злачынствамі супраць чалавечнасці, а якія не, і ў іх уваходзяць катаванні, забойствы, выкраданні, незаконнае пазбаўленне волі. Але ёсць вельмі важнае злачынства, якое, на нашу думку, адбываецца ў Беларусі — гэта злачынства пераследу. І злачынства пераследу пэўнай групы ўключае ў сябе фактычна ўсе парушэнні. На наш погляд, у Беларусі адбываецца пераслед сацыяльнай групы — гэта значыць тых, хто не лаяльны ў любым фармаце рэжыму, і ў гэтым сэнсе для мяне парушэнне свабоды слова ўваходзіць у злачынства пераследу. З майго пункту гледжання, фактычна ўсё, што адбываецца ў Беларусі, з'яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці, таму што парушэнне свабоды слова не ёсць такім злачынствам, але ўнутры злачынства пераследу яно будзе ім з'яўляцца. Рэжым не проста так закрывае НДА — гэта ўсё робіцца ў рамках адной і той жа палітыкі. І гэтай ацэнкі мы пакуль не ўбачылі, але, з іншага боку, я спадзяюся, што мандат будзе працягнуты, і што ў наступным годзе яны больш прапрацуюць вось гэтую частку па пераследзе.

Мы чакалі гэтай ацэнкі летась, у першай справаздачы ААН — што там будзе сказана, што ёсць злачынствы супраць чалавечнасці. У мінулай справаздачы не была названая гэтая фраза «злачынствы супраць чалавечнасці», але было сказана, што парушэнні маюць масавы і сістэматычны характар — гэта значыць яны такую ацэнку далі, не называючы. І фактычна год грамадзянская супольнасць працаваў з тым, каб сёлета гэта з'явілася. У іх быў шанец у мінулым годзе падчас іх справаздачы [назваць гэта злачынствамі супраць чалавечнасці], які яны не выкарысталі. Але ў гэтым годзе гэтая ацэнка была дадзена. Міжнародныя органы заўсёды працуюць доўга.

І пытанне: у жніўні 2020 мы бачылі злачынствы катаванняў, злачынствы незаконнага пазбаўлення волі, але менавіта за гэтыя два гады [місія УВКПЧ ААН (examination mission) па разглядзе сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі была створана ў 2021 годзе — Заўв.] вельмі аформілася і стала зразумела вось гэтае злачынства пераследу, якое ААН пакуль што не адлюстравала. Але сітуацыя развіваецца, і за гэтыя два гады да гэтых парушэнняў дадаюцца новыя — і фактычна фарміруюць новыя склады, якіх у жніўні 2020 не было. То бок тады досыць складана было сказаць пра пераслед. А цяпер мы пра гэта даволі смела можам казаць, мы бачым, якая ёсць тэндэнцыя. Мне здаецца, злачынства пераследу лідзіруе ў апошнія гады.

Цяпер, калі мы падаем скаргу па ўніверсальнай юрысдыкцыі, мы даказваем, што гэта не проста адзінкавы выпадак катаванняў або затрымання [у Беларусі], а што гэта злачынствы супраць чалавечнасці. Фактычна мы гэта робім у кожнай скарзе асобна — і ў кожнай пракуратуры і паліцыі трэба было самім вырашаць, ці бачаць яны гэты склад ці не. Але цяпер усё гэта прызнана на ўзроўні ААН. Вядома, некаторыя дзяржавы могуць не хацець прызнаваць, але ўсё роўна: гэта палягчае задачу ў мільён разоў. Бо мы можам спасылацца на гэтую справаздачу ААН і казаць, што ёсць злачынствы супраць чалавечнасці.

Цяпер мы падавалі большасць скаргаў па ўніверсальнай юрысдыкцыі менавіта па катаваннях. А зараз тое, што прызнаецца злачынствамі супраць чалавечнасці, спрашчае падаваць і па іншых парушэннях. Напрыклад, адвольныя затрыманні, дзе ўзровень стаўлення не даходзіў да катаванняў, а проста як нечалавечае абыходжанне. Або гвалтоўныя выкраданні — яны канкрэтна названыя ў гэтай справаздачы. То бок да гэтай справаздачы многія сумняваліся і імкнуліся падаць па універсальнай юрысдыкцыі «больш класічныя» выпадкі катаванняў. Цяпер гэта спрашчае задачу. Напрыклад, многія палітвязні, якія цяпер вызваляюцца — іх наўпрост не катавалі, а проста ўтрымлівалі ў жудасных умовах. А [зараз] праз тое, што гэта адвольнае затрыманне, гэта з'яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці".

Якую ролю ў атрыманні такой фармулёўкі адыграла праваабарончая супольнасць Беларусі?

Павел Сапелка:

"Належную ацэнку атрымалі намаганні Міжнароднай платформы падсправаздачнасці Беларусі (IAPB), у якую ўваходзяць у тым ліку «Вясна» і Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў (аб'яднанне праваабарончых арганізацый), якая падтрымлівала намаганні па зборы і ацэнцы звестак, якія ляглі ў аснову дакладу.

Сапраўды, у сітуацыі 2022 года было нялёгка збіраць доказы для складання дакладу — на гэтым адбілася жорсткая рэпрэсіўная палітыка беларускіх уладаў, якія прымалі ўсе магчымыя меры для таго, каб прымусіць ахвяры замаўчаць".

Вікторыя Фёдарава:

"Дапамога пачалася ў самым пачатку стварэння examination mission (Разгляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі). Мы называем гэтую місію простымі словамі: місія ААН. Калі яна была створана каля двух гадоў таму, мы пачалі цеснае супрацоўніцтва з ёй. І на гэтым этапе быў зроблены самы вялікі ўклад. Таму што місія ААН апублікавала на сваім вэб-сайце заклік падаваць кейсы аб парушэнні правоў чалавека. На жаль, яны атрымалі вельмі мала кейсаў — таму тая дапамога, якую аказалі мы ў прадастаўленні інфармацыі, на самай справе дапамагла ім аб'ектыўна ацаніць усё, што адбывалася. Бо мы, як беларускія праваабаронцы, мелі значна большы доступ да ахвяраў, і мы дапамагалі ім арганізоўваць гэтыя інтэрв'ю для таго, каб яны маглі сабраць сапраўды вялікі пласт інфармацыі. І таксама інфармацыю падалі мы як частка Міжнароднай платформы: забяспечвалі ім доступ да нашай базы, а яны змаглі ўжо сабраныя даныя вывучаць. А сайд-івэнды і іншыя адвакацыйныя мерапрыемствы [у якіх мы ўдзельнічалі] дапамагалі заўсёды трымаць сітуацыю ў Беларусі ў фокусе. Паколькі ААН — гэта арганізацыя, якая складаецца з дзяржаў, то бок нельга сказаць, што гэта зусім нешта адарванае ад рэальнасці. Таму мы працавалі і наўпрост з дзяржавамі, пераконваючы іх у тым, што ў Беларусі вельмі цяжкая сітуацыя з правамі чалавека, адбываюцца пэўныя парушэнні, і таму неабходна дзейнічаць.

“Гэта злачынства супраць чалавечнасці”. Праваабаронца “Вясны” — на сесіі ААН

У Жэневе цяпер адбываецца 52-я сесія ААН (28 лютага – 1 красавіка 2023 года). У ёй прыняла ўдзел і праваабаронца “Вясны” Наталля Сацункевіч. Распавядаем пра тое, як у ААН гучала тэма Беларусі, дзякуючы беларускім праваабаронцам.

Калі б мы (Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі) не пачыналі дакументаваць у 2020 годзе і не сабралі каля 2000 кейсаў катаванняў — і «Вясна» прыкладна такую ж колькасць кейсаў, — то, па сутнасці, у нас бы не было гэтай доказнай базы наогул. Мы сабралі такі пласт канкрэтных кейсаў, за кожным з якіх стаіць кожны канкрэтны чалавек са сваімі медыцынскімі дакументамі, са сваімі дакументамі аб затрыманні — то бок гэта стоадсоткавыя доказы, у якіх кожны індывідуальны кейс паказаў, што ўзровень катаванняў сапраўды шырокамаштабны і сістэматычны. Шырокамаштабны — таму што ў нас ёсць велізарная колькасць кейсаў, а сістэматычны — таму што кейсы ў нас не толькі з Мінска, не толькі з Акрэсціна, а з кожнага рэгіянальнага цэнтра, і не толькі ў жніўні, але і ў верасні 2020, зімой 2020, і 2021, 2022 год... То бок па сутнасці ўвесь гэты час запоўнены кейсамі рэальных людзей, і гэтыя кейсы ў канчатковым выніку можна выкарыстоўваць для таго, каб кваліфікаваць сітуацыю як шырокамаштабны і сістэматычны напад на грамадзянскае насельніцтва".

Мандат місіі УВКПЧ ААН па сітуацыі ў Беларусі працягнуты на адзін год

На 52-й сесіі ААН прынялі рэзалюцыю Савета па правах чалавека пра Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 і пасля. Гэта значыць, што мандат місіі УВКПЧ ААН (examination mission) па разгляду сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі працягнуты яшчэ на адзін год.

Яўгенія Андрэюк:

"Тут будзе зразумела, для чаго робіцца адвакацыя. Менавіта для таго, каб такая фармулёўка з'явілася. Сайд івэнд — гэта частка ўсяго гэтага, каб атрымаць гэтую фармулёўку. Беларуская грамадзянская супольнасць, наколькі можа, імкнецца дапамагаць місіі ААН, большасць кантактаў і матэрыялаў [са згоды ахвяр] для інтэрв'ю было перададзена нашымі праваабарончымі арганізацыямі. Для гэтага пішуцца даклады і збіраюцца матэрыялы, каб потым гэта перадаваць у ААН, каб потым атрымаць вось такія фармулёўкі. У маёй арганізацыі мы рабілі аналіз летась, чаму сітуацыя ў Беларусі з'яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці, і мы падавалі ў ААН... То бок, гэта вялікія калектыўныя намаганні ўсёй супольнасці — міжнароднай і беларускай — далі тое, што ў нас ёсць такая фармулёўка. Бо калі б гэта не было задакументавана, то яе не было проста б. Уся гэтая гісторыя добра тлумачыць адвакацыю і частку працы, якую робяць праваабаронцы".

side-event_lithuanian-permanent-mission-
Яўгенія Андрэюк і Вікторыя Фёдарава (справа) на сайд-івэнце "Пераслед за міжнародныя злачынствы і сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі", арганізаваным сталымі прадстаўніцтвамі Літвы і Польшчы ў АНН. Фота: Lithuanian Permanent Mission in Geneva

Што далей?

Яўгенія Андрэюк:

"Пакуль рана казаць, наколькі гэта можна звязаць наўпрост з арыштам Лукашэнкі, але прынамсі — усё гэта па тым шляху. Гэта значыць, сітуацыя ў Беларусі прызнаная не проста крызісам правоў чалавека, а міжнароднымі злачынствамі, якія падпадаюць пад Рымскі статут.

Хоць Беларусь — не ўдзельніца Рымскага статута, але ў практыцы міжнароднага крымінальнага суда ёсць такое: калі злачынства пачалося на тэрыторыі адной дзяржавы, а потым працягнулася на тэрыторыі іншай, і гэта іншая — ўдзельніца Рымскага статута, то тады Міжнародны крымінальны суд можа мець юрысдыкцыю. Фактычна, ўцекачы і з'ехаўшыя беларусы, якіх пераследуюць, знаходзяцца ў дзяржавах-удзельніцах: Польшча, Літва, Чэхія. Таму Міжнародны крымінальны суд мог бы расследаваць гэтыя злачынствы".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства