viasna on patreon

Палітвязняў змяшчаюць у ШІЗА і не перадаюць лекі: хроніка пераследу 1-2 траўня Дапоўнена

2023 2023-05-02T09:59:00+0300 2024-09-13T11:36:03+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sharenda-leki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 1 і 2 траўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Дырэктарку прадпрыемства затрымалі ў Мінску

Ляхновіч Алену затрымалі дома супрацоўнікі ГУБАЗіК раніцай другога траўня. Нібы на жанчыну данеслі, што яна захоўвае дома "экстрэмісцкую" сімволіку.

У судзе цэнтральнага раёна Алену Ляхновіч асудзілі паводле арт. 23.4 (непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі) КаАП на 14 сутак арышту. 

Палітзняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк не аддалі бандэролі з лекамі

Бандэроль для Паліны Шарэнда-Панасюк праз месяц вярнулася назад да бацькоў Паліны з паметкай «адмова ад атрымання», з прыпіскай дрэнным почыркам «не положено по срокам».

Паўтары месяцы назад ад Паліны быў перададзены родным спіс лекаў, завераны ўрачом калоніі. Палітзняволеная павінна раз у паўгады прапіваць лекі пры Сіндроме Жыльбера, таксама ёй трэба піць вітаміны. Па словах мужа Паліны Андрэя Шарэнды, у яе моцна пагоршыўся зрок — у бандэролі таксама былі лекі для зроку.

Таксама стала вядома, за апошнія 10 месяцаў Паліну пратрымалі ў ШІЗА, карцэры і ПКТ агулам 180 дзён.


Палітвязня Андрэя Герасімовіча змясцілі ў ШІЗА

Андрэй Герасімовіч — жыхар Гродна, студэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы.

Хлопца абвінавацілі паводле арт. 364 КК (Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі) і арт. 342 КК (Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Ён прызнаў сабе вінаватым часткова. 18 чэрвеня 2021 г. яму прысудзілі 2,5 гады калоніі і ўзялі пад варту ў зале суда.

Тэрмін Герасімовіч адбывае ў бабруйскай калоніі № 2. Па інфармацыі праваабаронцаў, адміністрацыя ўстановы прыкладна з сярэдзіны красавіка змясціла палітвязня ў ШІЗА. Прычыны невядомыя, але рапартаў было складзена шмат. Паведамляецца, што яго могуць утрымліваць там да 100 сутак. Таксама вядома, што ў штрафны ізалятар закінулі шмат вязняў.


Палітвязня Мікалая Дзядка таксама змяшчалі ў ШІЗА

Стала вядома, што нядаўна адміністрацыя гродзенскай турмы № 1 змясціла палітвязня Мікалая Дзядка ў штрафны ізалятар на 10 сутак за тое, што лёг спаць на некалькі хвілінаў раней дазволенага. У лютым палітвязня таксама закідвалі ў ШІЗА.

Мікола Дзядок. Фота: ПЦ

Нагадаем, Міколу затрымалі 11 лістапада 2020, пасля чаго моцна збівалі і катавалі. Яго асудзілі  да пяці гадоў зняволення. 28 чэрвеня палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым. Увесь час у зняволенні на яго аказваецца ціск — толькі летам ён 44 дні бесперапынна ўтрымліваўся ў ШІЗА па надуманых прычынах.


Перастаў працаваць сайт пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсій

Больш за тыдзень не працуе сайт беларускага даследчыка сталінскіх рэпрэсій Леаніда Маракова. На старонках marakou.by былі апублікаваныя сярод іншага ягоныя шматтомныя даведнікі з больш як 20 тысячамі біяграфій рэпрэсаваных у савецкі час беларускіх дзяржаўных, грамадскіх і рэлігійных дзеячаў. Сярод іх і родны дзядзька даследчыка, паэт Валерый Маракоў, забіты ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, у так званую Ноч расстраляных паэтаў.

Пасля смерці даследчыка ягоны асабісты сайт працягваў функцыянаваць да апошняга часу. З чым звязана цяперашняе спыненне працы, пакуль невядома, паведамляе “Наша Ніва”.


У Нароўлі арыштоўвалі мясцовага актывіста Мікалая Віткоўскага

Пра гэта стала вядома толькі цяпер. Мужчыну змяшчалі пад арышт на 10 содняў за падпіскі на «экстрэмісцкія» паблікі і «непадпарадкаванне» так званым супрацоўнікам міліцыі, паведамляе "Гомельская Вясна".

Мікалая Віткоўскага шмат разоў затрымлівалі ў 2020 годзе. Магчыма, і цяперашняе затрыманне насамрэч звязанае з актыўнай пазіцыяй мужчыны.


Палітзняволеных праваабаронцаў «Вясны» этапавалі ў калоніі

Стала вядома, што Алеся Бяляцкага этапавалі ў папраўчую калонію № 9 у Горках, Валянціна Стэфановіча — у папраўчую калонію № 15 у Магілёве, а Уладзя Лабковіча — у папраўчую калонію № 17 у Шклове.

Нагадаем, 3 сакавіка суддзя Марына Запаснік прысудзіла «вясноўцам» вялікія тэрміны: Уладзю — 7 гадоў калоніі, Валянціну — 9 гадоў калоніі, Алесю — 10 гадоў калоніі. Праваабаронцы не прызналі віну ні па адным артыкуле, які ставіўся ім у віну.

Падтрымаць «вясноўцаў»:

  • ПК № 9, 213410, Горкі, Дабралюбава, 16, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму
  • ПК № 15, 213105, Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша 183, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу
  • ПК № 17, 213004, Шклоў, 1-я Заводская, 8, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Сілавікі прыйшлі на мясакамбінат

З'яівлася інфармацыя аб сённяшніх затрыманнях супрацоўнікаў ААТ «Мінскі мясакамбінат»

Падрабязнасці высвятляюцца.


У Гомельскай вобласці працягваюцца затрыманні

Праваабаронцам стала вядома, што затрыманыя як мінімум 6 мужчын. Як бачна па відэа, апублікаваным у праўладным тэлеграм-канале, некаторых затрымлівалі наўпрост на працоўным месцы.

Сёння ГУБАЗіК паказаў шасцярых затрыманых у Гомелі за апошні час. Адным з затрыманых аказаўся 33-гадовы Павел Данкаў — стваральнік рэйв-праекта «МЕЧТА», які выступае пад псеўданімам Morgotika, піша "Наша Ніва".

Яго вінавацяць у ахвяраваннях на «Байсол» і падпісках на «экстрэмісцкія» рэсурсы.

Яшчэ адным затрыманым стаў 24-гадовы гомельскі фатограф Павел Буланаў. Трэцім затрыманым стаў 22-гадовы Ігар Ступакоў з Буда-Кашалёва.


Старонка «Вясны» на фотахостынгу Flickr прызнаная «экстрэмісцкай»

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Ленінскага раёну Брэста 26 красавіка.

Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс трапілі:

Telegram-каналы і чаты «Палитра мнений. Чат-клуб», «Р У Х», «Гордые Минчане», «БРАТСТВО КОЛЬЦА», «ВИРУС СВОБОДЫ!», «Мирные Беларуски — Курасовщины», «Валанцёрская служба ПЦ "Вясна"»;
Instagram-старонка «viasnabrest».

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства