viasna on patreon

"Беларусі пахваліцца няма чым". У Вене прайшла кансультацыя пра мірныя пратэсты

2023 2023-05-30T11:45:00+0300 2023-05-30T12:55:28+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/2023-05-30_vena-konsultacyja2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Вене прайшла рэгіянальная сустрэча-кансультацыя са Спецыяльным дакладчыкам ААН па пытанні аб правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцый. У якасці запрошаных — і прадстаўніца "Вясны" Наталля Сацункевіч.

2023-05-30_vena-konsultacyja1.jpg
Фота: Office of SRon the Rights to Freedom of Peaceful Assembly and of Association

Кантэкст

Рада па правах чалавека на сваёй 50-й сесіі ў ліпені 2022 года прыняла рэзалюцыю 50/21, якая ўпаўнаважыла Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні аб правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцый распрацаваць "канкрэтныя тэхнічныя і практычныя інструменты, заснаваныя на міжнародных стандартах і перадавым досведзе, для аказання дапамогі супрацоўнікам праваахоўных органаў у заахвочванні і абароне правоў чалавека ў кантэксце мірных пратэстаў". У дакладзе, які быў прадстаўлены ў рамках гэтай сесіі, Спецыяльны дакладчык адзначае, што ў многіх краінах свету мірны пратэст часта разглядаўся як крызіс ці дэстабілізуючы фактар, а не як права, што ў далейшым выклікае мілітарызаваную рэакцыю з боку праваахоўных органаў да акцый пратэсту і прымянення празмернай сілы. Такі падыход прывёў да шматлікіх сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека ў кантэксце мірных пратэстаў. Для таго, каб праваахоўным органам лепей выконваць свае важныя абавязкі, звязаныя з садзейнічаннем мірным пратэстам (у адпаведнасці з міжнародным заканадаўствам і стандартамі ў сферы правоў чалавека), у Вене 29 траўня 2023 года прайшла рэгіянальная кансультацыя (Еўропа і цэнтральная Азія) з экспертамі з розных краін. Ад Беларусі ў якасці эксперткі выступіла прадстаўніца праваабарончага цэнтра "Вясна" Наталля Сацункевіч.

Кансультацыя ў Вене

Гэта ўжо другая падобная кансультацыя — першая прайшла ў красавіку 2023 года ў Чылі і факусавалася на досведзе краін Лацінскай Амерыкі.

У Вене ж узялі ўдзел прадстаўнікі недзяржаўных арганізацый з Сербіі, Арменіі, Паўночнай Ірландыі, Вялікабрытаніі, Казахстана, Грузіі, Францыі. Яны разбіраліся з праблемамі з боку праваахоўных органаў у садзейнічанні мірным пратэстам.

"На сустрэчы мы шмат абмяркоўвалі тое, як палітычны рэжым уплывае на стаўленне паліцыі да мірных пратэстаў. Асобна падкрэслілі ролю нацыянальнага заканадаўства, якое павінна адпавядаць міжнародным стандартам і прымяняцца ў адпаведнасці з імі, — распавяла Наталля Сацункевіч. — Эксперты імкнуліся знайсці, якія канкрэтна дзеянні паліцыі могуць панізіць узровень агрэсіі пратэстоўцаў, як вызначыць тых, хто ўжывае гвалт. Таксама сваім досведам падзяліліся прадстаўнікі БДІПЧ АБСЕ".

Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцый зацікаўлены ў зборы добрых практык і прыкладаў, як улады і праваахоўныя органы абараняюць і спрыяюць мірным сходам.

"Тут Беларусі няма чым пахваліцца за апошнія тры гады. Даводзіцца распавядаць, як нельга рабіць і як процістаяць дрэнным практыкам, — кажа Наталля Сацункевіч.

На сустрэчы я згадала, напрыклад, пра тое, як у Беларусі паліцыя часта выкарыстоўвае пластыкавыя будаўнічыя сцяжкі, якімі фіксуе рукі затрыманых. Гэта дрэнная практыка, якая прычыняе боль і шкоду. Калі неабходна абезруховіць рукі чалавека, для гэтага ёсць кайданкі".

2023-05-30_vena-konsultacyja2.jpg
Наталля Сацункевіч выступае на кансультацыі ў Вене. Фота: Office of SRon the Rights to Freedom of Peaceful Assembly and of Association

На кансультацыю ў Вену прадстаўніцу "Вясны" запрасілі, паколькі праваабарончы цэнтр займаецца і маніторынгам мірных сходаў.

"У тым ліку і ў полі, сутыкаемся з вялікай колькасцю выклікаў, — распавяла праваабаронца. — 9 жніўня 2020 года было наша апошняе палявое назіранне. Пасля гэтага мы перавялі маніторынг у анлайн праз пагрозы бяспекі. ААН давярае нашай экспертызе і нашым ацэнкам".

Спецдакладчыка цікавіла і сітуацыя пасля правядзення мірнага пратэста: агляд і ўлік атрыманых урокаў.

"Вельмі важна пасля сходаў усім бакам пытацца абмеркаваць, што адбылося, асабліва калі былі праблемы ў правядзенні сходаў, — пракаментавала Наталля Сацункевіч. — Таму вельмі важныя даклады назіральнікаў-праваабаронцаў. Я ўспомніла практыку пра тое, што мы імкнуліся рабіць справаздачы аб назіраннях дастаткова хутка — на працягу 24 гадзін пасля правядзення мірнага сходу, і таксама дасылалі справаздачы з рэкамендацыямі ў, напрыклад, ГУУС Мінгарвыканкама. І нягледзячы на тое, што беларускія ўлады не падтрымлівалі гэты дыялог, мы яго заўсёды ініцыявалі".

З прадстаўленых на кансультацыі краін — Сербіі, Арменіі, Паўночнай Ірландыі, Вялікабрытаніі, Казахстана, Грузіі, Францыі — Беларусь з'яўляецца адзінай, дзе публічны пратэст практычна немагчымы, адзначыла Наталля Сацункевіч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства