viasna on patreon

Высылка замежнікаў з Беларусі па палітычных матывах: як гэта на практыцы і па законе

2023 2023-05-30T15:58:19+0300 2023-05-30T18:24:17+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/etap_politviazni.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі актыўна выкарыстоўваецца высылка грамадзян іншых краінаў за "экстрэмізм" або ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Падставай для высылкі можа стаць адміністрацыйны пераслед у тым ліку за "несанкцыянаваны пікет", "дробнае хуліганства" і "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Часта людзей наўпрост з "сутак" вывозяць на мяжу або суправаджаюць да цягніка ці самалёта. Нядаўна на праўладных тэлеграм-каналах з'явілася інфармацыя, што нібыта будзе раглядацца пытанне "аб дэпартацыі ўкраінкі за падпіску на экстрэмісцкія каналы і ўдзел у мітынгах". 

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Разбіраемся з праваабаронцам "Вясны" Паўлам Сапелкам, ці законная высылка за "пратэсную" і "экстрэмісцкую" дзейнасць, як праходзіць гэта працэдура на практыцы і як цяпер ажыццяўляецца высылка ўкраінцаў, калі ва Украіне ідзе паўнамаштабная вайна:

Што такое "дэпартацыя" і "высылка"?

Дэпартацыя — гэта від адміністрацыйнага спагнання, прадугледжаны КаАП, і яна прызначаецца ў выглядзе асноўнага або дадатковага пакарання і прымяняецца ў выпадках, прама названых у кодэксе — у асноўным пры здзяйсненні правапарушэнняў, звязаных з парушэннем рэжыму дзяржаўнай мяжы.

Часцей гаворка ідзе пра пазбаўленне дазволу на часовае або пастаяннае знаходжанне ў Беларусі і наступныя меры па высылцы ў добраахвотным парадку або прымусовым, якая працэдурна выглядае як дэпартацыя. Гэтыя праваадносіны рэгулююцца Законам ад 4 студзеня 2010 г. № 105-З "Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь".

Як заканадаўства рэгулюе пазбаўленне дазволу на часовае або пастаяннае пражыванне?

Дазвол на часовае пражыванне і дазвол на пастаяннае пражыванне могуць быць ануляваныя па шэрагу падстаў, пералічаных у згаданым законе. У кантэксце праблемы ўдзелу ў пратэснай актыўнасці ў прыватнасці: калі замежнік падчас свайго знаходжання ў Беларусі неаднаразова (пяць і больш разоў) на працягу аднаго каляндарнага года падпадаў пад адміністрацыйныя спагнанні і не мінуў тэрмін, пасля заканчэння якога лічыцца, што ён не падпадаў пад адміністрацыйнае спагнанне; знаходжанне замежніка ў Беларусі супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі краіны, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь і іншых асоб; замежнік асуджаны ў Беларусі або іншай дзяржаве за здзяйсненне злачынства, якое прызнаецца такім у адпаведнасці з Крымінальным кодэксам, і судзімасць не знятая або не пагашана.

Дазвол на часовае і пастаяннае пражыванне замежніка абавязкова анулюецца, калі:

  • Рэспубліка Беларусь абвясціла замежніка непрымальным або непажаданым (persona non grata);
  • маюцца звесткі, што замежнік з'яўляецца асобай, якая ажыццяўляе экстрэмісцкую, у тым ліку тэрарыстычную, дзейнасць, мае дачыненне да кантрабанды ці іншай дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, да незаконнага абароту зброі, боепрыпасаў да яе, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад, прадметаў, якое паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні запальных рэчываў, радыеактыўных матэрыялаў, наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў, да арганізацыі незаконнай міграцыі, гандлю людзьмі, легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам;
  • замежнік уключаны ў спіс асоб, уезд якіх у Рэспубліку Беларусь забаронены або непажаданы.

За які тэрмін чалавек павінен пакінуць Беларусь пасля анулявання віда на жыхарства?

Расплывістая фармулёўка закона пра дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці як падставе да анулявання віду на жыхарства (расплывістыя і некаторыя іншыя фармулёўкі) дае падставу для злоўжыванняў і маніпуляцый нормай закона, а значыць — для адвольнага пазбаўлення права на пражыванне ў Беларусі.

У выпадку, калі дазвол на пражыванне, які выдадзены замежніку, ануляваны і не маецца іншых законных падстаў для яго знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь, замежнік абавязаны выехаць з краіны на працягу 15 сутак з дня паведамлення пра прынятае рашэнне аб ануляванні дазволу на часовае пражыванне або аднаго месяца з дня яго паведамлення пра прынятае рашэнне аб ануляванні дазволу на пастаяннае пражыванне.

У абодвух выпадках — калі іншы тэрмін выезду не ўстаноўлены заканадаўчымі актамі, якія рэгулююць асаблівасці прававога становішча замежнікаў, якія хадайнічаюць аб прадастаўленні статусу бежанца, дадатковай абароны або прытулку ў Беларусі, а таксама замежнікаў, якім прадастаўлены статус бежанца, дадатковая абарона, прытулак або часовая абарона ў Беларусі.

Хто прымае рашэнне аб высылцы чалавека і ці можна яго абскардзіць?

Рашэнні аб ануляванні дазволу на часовае пражыванне прымаюцца тэрытарыяльнымі органамі ўнутраных справаў самастойна або па хадайніцтве адпаведных дзяржаўных органаў і іншых арганізацый Беларусі.

Рашэнне аб ануляванні дазволу на пражыванне можа быць абскарджана ў вышэйстаячы орган на працягу дзесяці працоўных дзён з дня паведамлення замежнікаў пра прынятыя рашэнні, а ў далейшым — у суд.

Ці могуць выслаць украінцаў на радзіму падчас паўнамаштабнай вайны?

Існуюць абставіны, пры якіх замежнікі не могуць быць вытураныя за межы Рэспублікі Беларусь: замежнікі не могуць быць вытураныя ў замежную дзяржаву, дзе іх жыццю або свабодзе пагражае небяспека з прычыны іх расы, веравызнання, грамадзянства, нацыянальнай прыналежнасці, прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы ці палітычных перакананняў, альбо замежная дзяржава, дзе ім пагражае смяротнае пакаранне або існуе пагроза іх жыццю па прычыне гвалту ва ўмовах узброенага канфлікту міжнароднага або неміжнароднага характару.

Аднак гэтыя палажэнні не распаўсюджваюцца на замежнікаў, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь або асуджаныя за здзяйсненне злачынства, аднесенага Крымінальным кодэксам Беларусі да катэгорыі асабліва цяжкіх.

Замежнікі ні пры якіх умовах не могуць быць вытуленыя ў замежную дзяржаву, дзе ім пагражаюць катаванні.

Такім чынам, улады, як правіла, маюць заснаваны на недэмакратычным нацыянальным законе інструмент для таго, каб прымусіць замежніка выехаць з Беларусі па палітычных матывах. Для таго, каб не трапіць у небяспеку ў выпадку вяртання ў сваю краіну або ў выпадку немагчымасці вярнуцца ў яе непасрэдна, замежнікі маюць права шукаць магчымасць выезду ў бяспечныя дзяржавы з мэтай транзіту або атрымання ў іх абароны.

Як высылка з Беларусі адбываецца на практыцы?

Па інфармацыі праваабаронцаў, з пачатку масавых акцый пратэстаў у 2020 годзе дзясяткі замежнікаў былі пазбаўлены віда на жыхарства і былі вымушаны пакінуць Беларусь праз палітычны пераслед. З Беларусі замежнікаў высылалі нават за падпіскі на "экстрэмісцкія каналы", удзел у акцыях пратэсту, "несанкцыянаваны пікет" лозунгам "Жыве Беларусь" або "дробнае хуліганства" падчас гутаркі з участковым у РУУСе.

"Вясне" вядомыя выпадкі, калі грамадзян Расійскай Федэрацыі адразу з "сутак" вывозілі на мяжу або суправаджалі з квітком і дакументамі да самалёта ці цягніка, каб упэўніцца, што чалавек дакладна вяртаецца ў Расію. Часта людзі едуць у невядомасць, пакінуўшы ў Беларусі працу, дом і сям'ю. Звычайна ім не даюць нават развітацца перад дэпартацыяй з блізкімі — толькі пабачыцца на некалькі хвілінаў і забраць рэчы перад самым ад'ездам.

«Пайшоў прэч!», ці Што такое высылка, дэпартацыя, экстрадыцыя?

У чарговым лікбезе ад “Вясны” разбіраемся, у чым розніца паміж высылкай, дэпартацыяй і экстрадыцыяй, а таксама, што рабіць, калі вас ці вашых блізкіх больш не хочуць бачыць у краіне.

Сваякам некаторых з арыштантаў, пакуль тыя адбываюць тэрмін у ІЧУ, могуць патэлефанаваць з адзела па грамадзянстве і міграцыі (АГіМ) і папрасіць падрыхтаваць неабходныя дакументы для дэпартацыі, а потым прынесці ў адзел. Так родныя даведваюцца, што іх блізкі не вернецца дадому пасля арышту, таму трэба сабраць яму рэчы і дамовіцца аб перадачы. У такім выпадку чалавек фактычна не мае магчымасці абскардзіць гэта рашэнне.

Але ёсць і выпадкі, калі чалавеку даюць час на тое, каб ён самастойна падрыхтаваўся да ад'езду і кажуць дату, да якой яму трэба пакінуць краіну. Тады ён сам збірае дакументы і набывае квіткі.

Так, напрыклад, грамадзянцы РФ паведамілі пра рашэнне аб ейнай высылцы праз месяц пасля суда паводле адміністрацыйнай справы — рашэнне было прынята адным з мінскіх РУУСаў. Ёй далі месяц на тое, каб яна дабраахвотна з'ехала з Беларусі. Від на жыхарства быў ануляваны ўладамі, але жанчына змагла аднавіць яго пасля вяртання.

Акрамя гэтага, па дадзеных праваабаронцаў, пасля пачатку паўнамаштабнай вайны на тэрыторыі Украіны, некалькі ўкраінцаў, які доўгі час жылі ў Беларусі, пачалі пераследавацца беларускімі ўладамі.

Вядома, што аднага з затрыманых пасля адбыцця арышту за "экстрэмісцкі рэпост" выклікалі ў АГіМ, дзе паведамілі, што яму анулююць від на жыхарства і трэба пакінуць Беларусь да прызначанай даты — праз тры тыдні. Праз тое, што на тэрыторыі Украіны ідзе вайна, яму было дазволена выехаць у любую суседнюю краіну. Пры гэтым яму сказалі адразу патэлефанаваць па прызначанаму нумары і сказаць, што ён нарэшце пакінуў Беларусь. Акрамя гэтага, яму забаранілі ўезд у Беларусь тэрмінам на пяць гадоў.

"Падставай для дэпартацыі зрабіўся пратакол аб адміністрацыйным парушэнні за тое, што я "ў РУУС мацюкалася"

Падрабязна пра працэс высылкі распавяла Кацярына Яньшына ў вялікім інтэрв'ю "Вясне":

"У камеру заходзіць супрацоўнік і кажа: "На выхад — без рэчаў". Я думала, што зноў на гутарку да опера, але, аказваецца, прыйшоў супрацоўнік міграцыйнай службы, каб паведаміць, што 20-га мяне будуць дэпартаваць. Гэта насамрэч вялікі прывілей, што я за шмат дзён ведала, што мяне выпусцяць і дэпартуюць. Супрацоўнік прыехаў дзеля таго, каб даведацца, ці ёсць у мяне грошы, каб я сама сабе купіла квіток. Калі б у мяне не апынулася іх, то давялося б чакаць на Акрэсціна, пакуль мне купяць квіток... 

І тут мне ўручаюць паперы з нагоды маёй дэпартацыі. Так я дазналася, што мяне дэпартуюць на дзесяць гадоў. Але мне падалося, што пратаколу — такой дробязі — для такога тэрміну забароны будзе замала. Таму я чакала, што ў паперах будзе напісана штосьці яшчэ, але паводле дакументаў, сапраўды, падставай для дэпартацыі зрабіўся пратакол аб адміністрацыйным парушэнні за тое, што я "ў РУУС мацюкалася". Мне распавядалі, што ў Беларусі былі такія выпадкі, калі замежнік пераследуе сваю сям'ю, збівае іх, у яго некалькі крымінальных спраў, і яго дэпартуюць дзесьці толькі на восьмы раз. Пры гэтым мяне дэпартавалі адразу ж, і яшчэ забарону на ўезд паставілі на дзесяць гадоў.

...Супрацоўнік міграцыйнай службы дае мне паперу, дзе напісана, што разгляд майго пытання аб дэпартацыі пройдзе сёння, 20 студзеня. А я ўжо сяджу ў аэрапорце і набыла сабе квіток! Я кажу: "Слухайце, вы хочаце, каб я падпісала задняй датай, што мяне апавяшчалі, а я не з'явілася?" Супрацоўнік кажа: "Дык чаго задняй датай?" Бярэ асадку і проста на маіх вачах упісвае ў пустую графу час 17:00, калі на гадзінніку было 16 з чымсьці. І кажа: "Што, паедзем ці што?" Не паедзем, вядома. Мне проста адкрыта паказалі, што рашэнне было прынята вось так — маё пытанне пра дэпартацыю нікім не разглядалася. Потым нас з мужчынамі праводзілі да самай пасадкі, памахалі мне рукой і мы паляцелі".

"Каць, ну ты ж сама ўсё разумееш". Размова з затрыманай на судзе па справе "Вясны" журналісткай, якой забаранілі ўезд у Беларусь на 10 гадоў

"Вясна" паразмаўляла з Кацярынай Яньшынай пра затрыманне на судзе, 15 сутак у палітычнай камеры ЦІП на Акрэсціна, дэпартацыю з Беларусі і пра тое, чым адрозніваюцца рэпрэсіі ў Расіі і Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства