viasna on patreon

Экспертка ААН: "Беларусь злоўжывае антытэрарыстычным і антыэкстрэмісцкім заканадаўствам для падаўлення іншадумства"

2023 2023-10-27T14:09:34+0300 2023-10-27T14:09:34+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/23-img_2458-anais-marin.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларускія ўлады злоўжываюць антытэрарыстычным і антыэкстрэмісцкім заканадаўствам і працягваюць зачышчаць грамадзянскую супольнасць, душыць свабоду выказвання меркаванняў і выкараняць палітычную апазіцыю. Пра гэта заявіла спецыяльная дакладчыца па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн у сваім дакладзе Генеральнай Асамблеі ААН.

Анаіс Марын

"З 2020 года многіх дзеячаў апазіцыі, актывістаў грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, юрыстаў і журналістаў затрымлівалі, прыцягвалі да крымінальнай адказнасці і называлі "экстрэмістамі". Пераследу, рэпрэсіі і страх вымусілі тых, хто не знаходзіцца за кратамі, шукаць прытулку за мяжой", — сказала Анаіс Марэн, спецыяльная дакладчыца па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

У сваім дакладзе Генеральнай Асамблеі Марэн адзначыла, што беларускае заканадаўства ўтрымлівае расплывістыя азначэнні паняццяў "тэрарызм" і "экстрэмізм", тлумачэнні якіх могуць уключаць дзейнасць, звязаную з законным ажыццяўленнем правоў чалавека.

Экспэртка звярнула ўвагу, што колькасць абвінаваўчых прысудаў за тэрарызм павялічылася ў дачыненні да асоб, якія спрабавалі дакументаваць або перашкаджаць транзіту расейскіх войскаў і вайсковай тэхнікі ва Украіну праз тэрыторыю Беларусі. Сфера прымянення смяротнага пакарання, якая выкарыстоўвалася ў Беларусі ў тым ліку за тэрарызм, была пашырана і цяпер уключае "планаванне" або "спробы" тэрарыстычнага акту, а таксама дзяржаўную здраду.

"Ператварэнне заканадаўства ў зброю магчыма таму, што ў Беларусі няма гарантый справядлівага судовага разбору, судовыя слуханні праводзяцца за зачыненымі дзвярыма і на адвакатаў накладаюць пагадненні аб невыдаванні", — заявіла спецыяльная дакладчыца.

"Асобныя асобы і арганізацыі, абвінавачаныя Камітэтам дзяржаўнай бяспекі (КДБ) у дачыненні да тэрарыстычнай або экстрэмісцкай дзейнасці, трапляюць у "чорны спіс", падвяргаюцца пераследам, нападкам і санкцыям без якога-небудзь судовага працэсу", — кажа Марэн.

"Міністэрства інфармацыі вядзе спіс "экстрэмісцкіх матэрыялаў", які за апошнія гады каласальна вырас, — сцвярджае яна, — і ўключае акаўнты ў сацыяльных сетках, сайты праваабарончых арганізацый, незалежных прафсаюзаў і СМІ, а таксама літаратуру або мастацкія творы, прызнаныя экстрэмісцкімі праз крытыку ўрада ці яго дзеянняў".

Экспертка падкрэсліла, што гэтая практыка накіравана на падаўленне любога іншадумства ў краіне, дзе апошнія два гады праводзіліся зачысткі грамадзянскай супольнасці. Яна выказала занепакоенасць з нагоды заканадаўчых зменаў, накіраваных супраць сотняў тысяч беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць краіну і суды на якімі прайшлі завочна.

"Асобы, прызнаныя вінаватымі ў "экстрэмізме" або "тэрарызме", рызыкуюць быць пазбаўленымі грамадзянства, а іх актывы і маёмасць у Беларусі могуць канфіскаваць", — сказала яна.

Спецыяльная дакладчыца заклікала беларускія ўлады спыніць злоўжыванне заканадаўствам аб барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам і вызваліць усіх асоб, адвольна затрыманых або асуджаных па палітычна матываваных абвінавачваннях.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства