viasna on patreon

Катаванні позай, пагроза пазбаўлення бацькоўскіх правоў. Як жанчыны Беларусі сутыкаюцца з жорсткім абыходжаннем

2023 2023-12-13T15:00:00+0300 2023-12-13T15:45:18+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/akrescina_kamera.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" звярнуўся ва Упраўленне Вярхоўнага Камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) і праінфармаваў яго аб вядомых звестках катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага годнасць абыходжання ў дачыненні да жанчын.

Камера ў ЦІПе на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Камера ЦІП на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Як збіраліся звесткі

Пададзеныя праваабаронцамі звесткі сабраныя ў рамках дакументавання катаванняў і жорсткага абыходжання, учыненых беларускімі ўладамі ды іншымі асобамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 і наступны перыяд. ПЦ "Вясна" мае інфармаваную згоду ахвяр (затрыманыя, што сутыкнуліся з ужываннем да іх інструмента ціску) і сведак (асобы, што паведамілі праваабаронцам пра ўжыванне інструмента ціску да іншых асобаў) на ананімізаванае выкарыстанне і публікацыю атрыманых звестак, а таксама на іх перадачу ў ананімізаваным выглядзе праваабарончым механізмам ААН. За перыяд у тры гады і пяць месяцаў агулам былі задакументаваныя 193 жанчыны.

У выніку аналізу задакументаваных гісторый выявілася, што гісторыі 106 жанчын уключаюць інфармацыю аб затрыманні і наступным утрыманні ў месцах пазбаўлення волі. Усе яны сутыкнуліся з парушэннямі правоў чалавека без уліку іх уразлівасці па прыкмеце полу.

Вядомыя звесткі

37 жанчын паведамілі канкрэтныя абставіны фізічнага гвалту падчас затрымання і ўтрымання ў камерах.

Калі жанчыны ўзгадваюць пра затрыманне, яны паведамляюць пра збіццё міліцэйскім дручком па нагах, збіццё ў становішчы лежачы на зямлі. Адной з жанчын у час збіцця супрацоўнік АМАПу казаў: "Гэта табе за камяні, гэта табе за кактэйлі Молатава, я навучу цябе жыць, я навучу цябе грошы атрымліваць", звяртаўся да яе ў множным ліку "сучыныя дзеці".

Жорсткае абыходжанне часта фігуруе ў сведчаннях аб гвалтоўным уварванні ў жылое памяшканне і правядзенні ператрусу. Напрыклад, адна з жанчын паведаміла пра тое, што адзін з супрацоўнікаў пры ўварванні ў кватэру схапіў жанчыну за каўнер і адкінуў на адлегласць ад сябе, яна ўпала на падлогу.

Апытаныя жанчыны паведамляюць аб атрыманых траўмах у выніку жорсткага затрымання. Напрыклад:

  • садно калена, гематомы 2.5 см глыбінёй праз два тыдні;
  • пералом рукі з чатырма аскепкамі і пашкоджаннем нерва;
  • закрыты пералом рэпкі са зрушэннем абломкаў, пашкоджанне звязкавага апарата абодвух локцевых суставаў, шматлікія ранкі, удары, сінякі;
  • гематомы і тд.

32 жанчыны непасрэдна распавялі пра тое, што сутыкнуліся з маральным ціскам з боку супрацоўнікаў унутраных спраў пры затрыманні, а таксама пры ўтрыманні ў месцах пазбаўлення волі.

Дзевяць жанчын распавялі пра ўжыванне пагроз сексуальным гвалтам.

Чатыры жанчыны сутыкнуліся з пагрозамі пазбаўлення бацькоўскіх правоў.

Практычна ўсе жанчыны паведамляюць аб пражыванні пачуццяў страху, сораму і прыніжанасці, а таксама аб нестабільным псіхалагічным стане пасля вызвалення.

18 жанчын распавялі пра тое, што пры затрыманні іх катавалі позай: прымушалі станавіцца ў нязручную і ненатуральную позу, дзе яны знаходзіліся да стану знямогі.

Пяць жанчын распавялі, што падчас затрымання іх "катавалі музыкай", гэта значыць уключалі музыку вельмі гучна, што перашкаджала ім спаць ці супакоіцца і прыйсці ў сябе.

Шырока распаўсюджаная праблема адсутнасці якаснай медычнай дапамогі пры затрыманні і пазбаўленні волі.

13 жанчын, якія прайшлі дакументаванне, заявілі, што ім было адмоўлена ў медычнай дапамозе, а 4 жанчыны паведамілі пра тое, што медычная дапамога была аказана няякасна і ў недастатковай колькасці, ці не суадносілася з неабходнай дапамогай.
Усе апытаныя распавялі пра антысанітарныя ўмовы ўтрымання, а 27 жанчын распавялі пра тое, што не было прадметаў гігіены.

Выснова

Вынікі праведзенага аналізу дакументаваных гісторый сведчаць аб сур'ёзных парушэннях правоў і злоўжываннях у дачыненні да 106 жанчын, што прайшлі дакументаванне і падвергліся затрыманню і ўтрыманню ў месцах пазбаўлення волі. Фізічны гвалт, маральны ціск, пагрозы сексуальнага гвалту і пазбаўлення бацькоўскіх правоў з'яўляюцца шырока распаўсюджанымі з'явамі ў беларускім кантэксце.

Задакументаваныя праваабаронцамі выпадкі фізічнага гвалту, уключна са збіццём і ўжываннем жорсткіх метадаў пры затрыманні, а таксама гвалтоўнае ўварванне ў жылыя памяшканні, сведчаць аб парушэнні асноўных прынцыпаў законнасці і чалавечай годнасці. Атрыманыя траўмы, такія як пераломы, удары і гематомы, з'яўляюцца сур'ёзнымі наступствамі гэтых дзеянняў.

Маральны ціск з боку супрацоўнікаў унутраных спраў і прымяненне пагрозаў сексуальнага гвалту ствараюць дадатковыя траўматычныя ўмовы для затрыманых жанчын. Пагрозы пазбаўлення бацькоўскіх правоў з'яўляюцца яшчэ адным аспектам сістэматычных парушэнняў.

Адсутнасць якаснай медыцынскай дапамогі і антысанітарныя ўмовы ўтрымання пагаршаюць сітуацыю, якая ўжо склалася. Адмова ў медыцынскай дапамозе, яе няякаснае прадастаўленне і адсутнасць неабходных гігіенічных сродкаў уяўляюць сабой сур'ёзныя парушэнні стандартаў клопату пра здароўе затрыманых.

У цэлым, дадзеныя сведчанні падкрэсліваюць неадкладную неабходнасць міжнароднай рэакцыі на існуючую практыку затрымання і ўтрымання ў зняволенні, з улікам абароны правоў і бяспекі ўсіх затрыманых, асабліва ўразлівых катэгорый, такіх як жанчыны.

ПЦ "Вясна" нагадвае пра важнасць дакументавання сваіх гісторый. Калі ласка, пішыце на:

Telegram: @ViasnaDOC | Email: viasnadoc@spring96.org

Калі вы жанчына і вы сутыкнуліся з фізічным гвалтам або іншымі парушэннямі з боку мужчын-супрацоўнікаў праваахоўных органаў пры затрыманні і пры наступным утрыманні ў месцах несвабоды, юрыдычная служба "Вясны" прапануе звярнуцца са скаргай у Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын. Па дапамогу з абскарджаннем звяртайцеся:

Telegram: @zvarot96

email: zvarot@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства