viasna on patreon

"Вясна" атрымала прэмію ААН ў галіне правоў чалавека за 2023 год

2023 2023-12-21T16:23:16+0300 2023-12-21T16:23:16+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ceremony_un23.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Лаўрэаты на цырымоніі ўручэння ўзнагароды. Праваабаронца "Вясны" Алена Маслюкова — трэцяя злева

Лаўрэаты на цырымоніі ўручэння ўзнагароды. Праваабаронца "Вясны" Алена Маслюкова — трэцяя злева

15 снежня 2023 году ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый уручаная прэстыжная прэмія ў галіне правоў чалавека за 2023 год. Сёлета яе атрымалі пяцёра пераможцаў: Праваабарончы цэнтр "Вясна", праваабаронца з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Жульен Лусенж, Аманскі Цэнтр даследаванняў у галіне правоў чалавека з Іарданіі, актывіст і грамадскі дзеяч з Уругвая Хуліа Перэйра, глабальная кааліцыя арганізацый грамадзянскай супольнасці, карэнных народаў, грамадскіх рухаў і мясцовых супольнасцяў за "ўсеагульнае прызнанне права на чыстае, здаровае і ўстойлівае навакольнае асяроддзе". 

Лаўрэаты прэміі былі абраныя Спецыяльным камітэтам з больш чым 400 намінацый, атрыманых ад дзяржаваў-членаў, сістэмы ААН і грамадзянскай супольнасці. 

Праваабарончы цэнтр "Вясна" — лаўрэат прэміі ААН у галіне правоў чалавека 2023 года

Лаўрэаты прэміі былі абраныя Спецыяльным камітэтам з больш чым 400 намінацый, атрыманых ад дзяржаваў-членаў, сістэмы ААН і грамадзянскай супольнасці.

Цырымонія ўручэння прэміі 2023 года адбылася ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку ў межах мерапрыемстваў, прысвечаных Дню правоў чалавека. Генеральны сакратар Антоніу Гутэрыш выступіў на цырымоніі ўручэння прэміі і адзначыў, што сёння правы чалавека пад пагрозай ва ўсім свеце, і праваабаронцы – гэта «святло ў цемры».

"Яны [праваабаронцы] мяняюць жыццё: яны змагаюцца, яны адукоўваюць, яны прыцягваюць улады да адказнасці, каб зрабіць правы чалавека жывой рэальнасцю, якая дыхае. Гэта вельмі небяспечная праца. Летась былі забітыя амаль 450 праваабаронцаў, журналістаў і прафсаюзных дзеячаў. На сорак працэнтаў больш, чым летась. 33 чалавекі бясследна зніклі: ашаламляльны рост на 300 адсоткаў у параўнанні з 2021 годам. У гэтым кантэксце сённяшняя прэмія ў галіне правоў чалавека набывае яшчэ большае значэнне. Гэтая прэмія прызнае дасягненні праваабаронцаў з 1968 года", – сказаў генеральны сакратар ААН.

На цырымоніі прысутнічала праваабаронца "Вясны" Алена Маслюкова. У сваёй прамове яна адзначыла, што гэта вялікі гонар для праваабарончага цэнтру і ўсіх беларускіх праваабаронцаў. Яна звярнула ўвагу, што гэта нагода працягваць працу і рабіць яе паслядоўна і сумленна: у Беларусі працягваецца пераслед людзей паводле палітычных прыкметаў, катаванні беларусаў і беларусак у месцах зняволення, а правы чалавека для дзяржавы не з'яўляюцца каштоўнасцямі. Алена выказала спадзеў, што прыйдзе час, калі Усеагульная дэкларацыя ААН і правы чалавека будуць вывучацца ў беларускіх школах. Пасля прамовы прадстаўнікі і прадстаўніцы самых розных краінаў выказвалі салідарнасць з Беларуссю і выказвалі падзяку "Вясне" за шматгадовую працу. 

"Апошнім часам "Вясне" заслужана даюць шмат узнагародаў, — пракаментавала Алена атрыманне прэміі. — Арганізацыя працягвае абараняць правы чалавека ў вельмі цяжкіх умовах. Але прэміі такога ўзроўню паказваюць, наколькі глыбока працуюць праваабаронцы ўсёй Беларусі і "Вясны", у прыватнасці. Гэту прэмію ўручаюць раз на пяць год, і так атрымалася, што "Вясна" атрымала яе ў юбілейны год прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Але правы чалавека — гэта не проста пералік пэўных правоў і свабодаў, замацаваных у гэтым дакуменце. Гэта штодзённая праца, каб кожны ведаў пра іх і быў узброены механізмам іх абароны. Мяне ўразілі іншыя праваабаронцы, якіх я сустрэла: Жульен Люсанж з Конга, якая змагаецца за правы жанчынаў ужо 40 гадоў: бачна, што яна гарыць справай і дагэтуль. А Хуліо Перэйра з Уругвая, які дапамагае асацыяльным людзям, адстойвае правы дзяцей з гэтых групаў, а таксама змагаецца супраць наркотыкаў у сваёй краіне. Гэта вельмі небяспечна. 

У ААН я ўбачыла, як правы чалавека працуюць у рэальнасці. Напрыклад, калі перад уручэннем намінанты прэміі фатаграфаваліся з першымі асобамі арганізацыі, сярод іх была Элеанора Рузвельт — унучка былога прэзідэнта ЗША, старшыня Рады дырэктараў Інстытута Рузвельта. У свой час яе бабуля атрымлівала гэтую прэмію! Яна сціпла паводзіла сябе, ставілася да ўсіх спагадліва і добразычліва, паціскала рукі і віншавала. Убачыўшы такое стаўленне жанчыны з высокім статусам да ўсіх людзей, мне стала балюча за Беларусь: у нашай краіне разумныя, таленавітыя людзі не патрэбныя, іх кідаюць у турмы, частка эліты выціснутая з краіны. У зняволенні знаходзяцца лідары грамадства — у тым ліку, Алесь Бяляцкі. Такое стаўленне да людзей з боку дзяржавы. Але я ўпэўненая: неўзабаве ўсё зменіцца. 


Заснаваная Генеральнай Асамблеяй у 1966 годзе (A/RES/21/2217), прэмія была ўпершыню прысуджана ў 1968 годзе, у дзень, які цяпер вядомы як Дзень правоў чалавека, 10 снежня. Яна прысуджаецца кожныя пяць гадоў за "выдатныя дасягненні ў галіне правоў чалавек". Сярод папярэдніх атрымальнікаў былі Джымі Картэр, Нэльсан Мандэла, Д-р Дзяніс Муквеге, Элеанора Рузвельт, Малала Юсафзай і Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа (МКЧК).

"Вясна" была намінаваная фондам Right Livelihood. Намінацыю падтрымалі калегі вясноўцаў з БХК, НХК і FIDH.


Нагадаем, на гэты момант пяцёра вясноўцаў застаюцца за кратамі: старшыня Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк

Апошнія навіны пра нашых зняволеных калег і каляжанку можна знайсці тут: freeviasna.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства