viasna on patreon

КПЧ ААН прыняў рашэнне па "справе аб экстрэмізме" за рэпост "Вконтакте" ў Беларусі

2024 2024-01-19T12:35:05+0300 2024-01-19T12:35:05+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gomel-repost-02.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Камітэт ААН па правах чалавека прыняў рашэнне па "справе аб экстрэмізме" супраць гамельчука Паўла Катаржэўскага. У 2017 годзе хлопца асудзілі за рэпост "Вконтакте" з групы "Революционное действие". Аб прынятым рашэнні (справа №3095/2018) апавешчаны праваабаронца Леанід Судаленка, які абараняе права жыхара Гомля на выказванне свайго меркавання.

Правозащитник Леонид Судаленко и Павел Каторжевский на суде в 2017 году. Фото: БЕЛАПАН
Праваабаронца Леанід Судаленка і Павел Катаржэўскі на судзе ў 2017 годзе. Фота: БЕЛАПАН

У 2017 годзе 21-гадовага гамельчука Паўла Катаржэўскага абвінавацілі ў "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў" згодна з арт. 19.11 КаАП (на момант вынясення пастановы — арт. 17.11 КаАП). На сваёй старонцы ў сацсетцы "Вконтакте" ён перапосціў матэрыял з групы "Революционное действие" пра школьнікаў, якіх прымушаюць удзельнічаць у патрыятычных мерапрыемствах, а тых, хто адмаўляецца прымушаюць пісаць тлумачальныя з прызнаннем непавагі да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Рэпост ён зрабіў у лістападзе 2016 года, літаральна праз пару дзён пасля таго, як групу "Революционное действие" ўключылі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Суддзя Цэнтральнага раёна Гомля Алеся Осіпава тады прызначыла яму вялікі штраф. Яго патрабаванне аб правядзенні лінгвістычнай экспертызы распаўсюджанага матэрыялу на прадмет экстрэмізму суд першай інстанцыі, а следам Гомельскі абласны суд, пакінулі без задавальнення.

Як распавядае праваабаронца Леанід Судаленка, у гэтай справе міжнародныя эксперты прыйшлі да высновы, што распаўсюджаны артыкул "Ідыятызм ды ілжывы гонар ахвярам вайны ў сталічнай гімназіі" не прайшоў ацэнкі індывідуальнага характару з пункту гледжання абмежавання права аўтара на выказванне свайго меркавання. Камітэт па правах чалавека заявіў, што судовыя рашэнні па справе носяць агульныя фармулёўкі аб барацьбе з экстрэмізмам, аднак не ўтрымліваюць абвінавачванняў індывідуальнага характару, што прама супярэчыць дапушчальным абмежаванням з пункту гледжання артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Леанід Судаленка адзначае, што ў Беларусі вельмі шырока трактуюць і злоўжываюць паняццем "экстрэмізм".

"Любы, хто крытыкуе ў краіне дзейную ўладу залічваецца ў спіс экстрэмістаў. З прынятага ў Жэневе рашэння мы бачым, тое што ў Беларусі лічыцца экстрэмізмам, у Еўропе называюць правам на выказванне меркавання".


Калі вы сутыкнуліся з парушэннямі з боку дзяржавы, звяртайцеся па дапамогу з абскарджаннем да юрыдычнай службы "Вясны": Telegram: @zvarot96 і Email: zvarot@spring96.org.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства