viasna on patreon

Працоўная група ААН прызнала парушэнні правоў палітзняволенага адваката Віталя Брагінца

2024 2024-01-24T18:00:00+0300 2024-01-24T20:19:22+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/brahinec_vital.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях (ПГАЗ) разгледзела справу палітзняволенага адваката Віталя Брагінца і прыйшла да высновы, што Беларусь парушыла яго правы. Скаргу ў ПГАЗ падрыхтавалі юрысты праваабарончай арганізацыі Respect-Protect-Fulfill і Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека.

ПГАЗ прызнала, што пазбаўленне Брагінца свабоды заснавана на дыскрымінацыі па палітычных поглядах і яго статусе "адваката апазіцыі", паколькі ён абараняў кліентаў у палітычна матываваных судах. Адвольным затрыманне адваката робіць і тое, што ён быў арыштаваны за рэалізацыю сваіх правоў на свабоду выказвання меркаванняў і свабоду мірных сходаў. Акрамя таго, было груба парушанае права адваката на справядлівае судовае разбіральніцтва. Так, Працоўная група пагадзілася з высновамі аб тым, што ў Беларусі адсутнічае незалежная судовая сістэма, і адзначыла, што беларускія суддзі вядуць "абвінаваўчыя" вытворчасці, парушаючы прэзумпцыю невінаватасці, закрываюць судовыя разбіральніцтвы ад публікі; у абвінавачаных часта ўзнікаюць праблемы з доступам да адвакатаў, а тыя адвакаты, якія працуюць па такіх справах, часта знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні.

ПГАЗ таксама прызнала, што два паслядоўныя адміністрацыйныя арышты Віталя насамрэч былі часткай крымінальнага пераследу і былі выкарыстаныя для атрымання доступу да падазраванага без надання яму пры гэтым неабходных працэсуальных правоў. Пры затрыманні Брагінцу не паведамілі пра прад'яўленыя яму абвінавачванні, што таксама з'яўляецца парушэннем. Арышт і ўтрыманне пад вартай адваката былі адвольнымі, паколькі першапачаткова яны былі санкцыянаваныя пракурорам, а не судом, і за ўсе 10 месяцаў зняволення пад вартай не разглядаліся альтэрнатыўныя меры, не звязаныя з пазбаўленнем волі.

Працоўная група ўстанавіла парушэнне шэрагу правоў Віталя, заклікала да неадкладнага вызвалення адваката і забеспячэння яго права на кампенсацыю, а таксама пошуку і пакарання вінаватых у адвольным затрыманні палітвязня. Інфармацыя пра гэтую справу таксама была перададзена шэрагу спецыяльных дакладчыкаў ААН для таго, каб яны маглі адрэагаваць на сітуацыю.


Віталь Брагінец — адвакат, які абараняў некаторых палітвязняў, у тым ліку Алеся Бяляцкага, а таксама адваката Андрэя Мачалава, які застаўся без абароны на судзе праз арышт Віталя. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы), ч. 3 арт. 361 (заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім) і ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Прысуд — восем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства