viasna on patreon

Эксперты ААН выступілі з заявай наконт палітзняволеных вясноўцаў

2024 2024-03-13T16:03:01+0300 2024-03-13T16:06:28+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/valjancin-stefanovicz_ales-bjaljacki_uladzimir-labkovicz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Спецыяльныя дакладчыкі ААН выступілі з заявай з нагоды незаконных і несправядлівых прысудаў праваабаронцам "Вясны" Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Уладзіміру Лабковічу. Праз год пасля таго, як іх асудзілі да 10, дзевяці і сямі гадоў турэмнага зняволення, занепакоенасць з нагоды справядлівасці судовага разбору па-ранейшаму захоўваецца, заявілі эксперты ААН.

valjancin-stefanovicz_ales-bjaljacki_ula

"Мы па-ранейшаму сур'ёзна занепакоеныя тым, што судовы працэс быў помстай уладаў за іх праваабарончую дзейнасць у Беларусі", — паведамілі эксперты.

24 сакавіка 2023 года некалькі экспертаў ААН накіравалі беларускім уладам ліст (BLR 1/2023), у якім выказалі занепакоенасць з нагоды правядзення судовага разбіральніцтва і адзначылі, што яно заснаванае на палітычна матываваных абвінавачваннях. "Вясна" дакументавала жорсткія рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў, якія выказвалі нязгоду з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе, і выступала за правы чалавека палітвязняў.

У іншым лісце, адпраўленым 15 снежня 2023 года (BLR 10/2023), эксперты ААН асудзілі прызнанне "Вясны" "экстрэмісцкім фармаваннем", назваўшы гэта рэпрэсіямі супраць Цэнтра за яго праваабарончую дзейнасць. Яны таксама спаслаліся на атрыманыя імі сцвярджэнні аб тым, што незалежная замежная журналістка была адвольна затрыманая падчас судовага працэсу над Алесем Бяляцкім, Валянцінам Стэфановічам і Уладзімірам Лабковічам, каб перашкодзіць ёй весці рэпартаж. На сённяшні дзень Беларусь не адказала ні на адзін з лістоў.

З моманту свайго заснавання ў 1996 годзе супраць "Вясны" і яе чальцоў улады пастаянна ўжывалі пераслед. Арганізацыя была ліквідаваная ў 2003 годзе. У 2011 годзе Алесь Бяляцкі быў асуджаны да чатырох гадоў і шасці месяцаў турэмнага зняволення. Згодна з высновамі Камітэта правоў чалавека, ліквідацыя "Вясны", адмова ў яе перарэгістрацыі і асуджэнне Алеся Бяляцкага ў 2011 годзе з'яўляюцца парушэннямі права на свабоду асацыяцыі ў адпаведнасці з артыкулам 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

"Мы сур'ёзна занепакоеныя непавагай да гарантый справядлівага судовага разбіральніцтва падчас судовага працэсу 2023 года, у прыватнасці тым фактам, што доступ абвінавачаных да іх адваката, як сцвярджаецца, быў абмежаваны, што іх трымалі ў кайданках у металічнай клетцы цягам усяго судовага разбіральніцтва ў парушэнне іх прэзумпцыі невінаватасці, у той час як незалежным СМІ, як паведамляецца, не давалі магчымасці прысутнічаў на судовым працэсе", — сказалі эксперты.

"Улічваючы папярэднюю гісторыю палітычна матываванага пераследу "Вясны", яе старшыні і чальцоў, ёсць важкія падставы меркаваць, што і гэтым разам рэальнай мэтай судовага працэсу было пакараць законную праваабарончую дзейнасць, каб значна абмежаваць свабоду выказвання меркаванняў і свабоду мірных сходаў і асацыяцый у Беларусі", — дадалі яны.

Эксперты заклікалі беларускія ўлады ўсебакова супрацоўнічаць з праваабарончымі механізмамі ААН у дачыненні да меркаваных парушэнняў правоў чалавека, адмяніць прысуды і правесці новае судовае разбіральніцтва з гарантыямі справядлівага судовага разбору і працэдурнымі гарантыямі.


*Эксперты і эксперткі: Анаіс Марэн, Спецыяльная дакладчыца па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі; Маргарэт Сатэртуэйт, Спецыяльная дакладчыца па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў; Ірэн Хан, Спецыяльная дакладчыца па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў; Клеман Ньялетсосі Вуле, Спецыяльны дакладчык па пытанні аб правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцый; Мэры Лоўлор, Спецыяльная дакладчыца па пытанні аб становішчы праваабаронцаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства