viasna on patreon

КПЧ ААН зарэгістраваў індывідуальны зварот супраць Беларусі экс-палітвязня Змітра Фурманава

2024 2024-04-11T12:03:04+0300 2024-04-11T12:05:07+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/furmanau-zmicer.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Былы палітзняволены Зміцер Фурманаў, які быў сябрам ініцыятыўнай групы па вылучэнні ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай (за што быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі), падаў індывідуальны зварот супраць Беларусі ў Камітэт па правах чалавека ААН. Цяпер зварот зарэгістравалі.

Зміцер Фурманаў. Фота з сацыяльных сетак.
Зміцер Фурманаў. Фота з сацыяльных сетак

"У Камітэт мы падаваліся разам з юрыстам "Вясны"— ён дапамог мне зрабіць скаргу на дзяржаву, што мае правы былі парушаныя, — распавёў “Вясне” Зміцер Фурманаў. — І далей мы будзем чакаць адказу ад дзяржавы.

Шлях да гэтай скаргі быў такім. Калі я апынуўся за мяжой, то бок не ў Беларусі, я праз некаторы час вырашыў, што трэба адстойваць свае правы. Была магчымасць звярнуцца ў КПЧ ААН. І такім чынам мы падалі гэтую скаргу.

Я думаў, што больш часу прыйдзе перад рэгістрацыяй скаргі, бо ўсё ж такі шмат людзей звяртаецца да гэтага Камітэта, не толькі беларусы.

Прайшоў год і два месяцы, і я быў здзіўлены такой хуткасцю, бо я думаў, што больш часу пройдзе перад рэгістрацыяй скаргі. Я разумею, што гэта доўгі шлях, што будзе не адзін год, таму да гэтых выпрабаванняў мы гатовы".

Раней Беларусь выйшла з Факльтатыўнага пратакола да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (органам якога з’яўляецца КПЧ ААН). Гэта значыць, што Беларусь больш не хоча прымаць скаргі ад людзей супраць Беларусі. Але гэта не спыняе Змітра Фурманава:

"Калі Беларусь не адкажа [на заўвагі КПЧ ААН], то адсутнасць адказа гэта таксама адказ, — упэўнены экс-палітвязень. — Гэта значыць, што дзяржаве няма чаго паведаміць у сваю абарону, то бок яны такім чынам прызнаюць сваю паразу і ім няма чаго адказаць на тыя аргументы, якія ім дасылаюць. Гэта тое ж самае, што і параза".

Якія парушэнні правоў былі ў Змітра Фурманава?

"Мяне схапілі гвалтоўна, без прадстаўлення ці просьб прайсці кудысьці, — пералічвае былы палітзняволены. — Проста схапілі, закінулі ў аўтобус, яшчэ ўдарылі ў твар. Гэта было першае парушэнне. Потым, я лічу, што былі парушэнні ва ўмовах СІЗА і іншых месцах за кратамі, таксама мяне шмат і на карцары адпраўлялі. І ў прынцпе трымалі ва ўмовах абмежавання волі [незаконна].

То бок я нічога не зрабіў, пад што можна падвесці, што я злачынец. Я наадварот усё рабіў згодна з законамі Беларусі, то бок збіраў подпісы, як патрабуе Выбарчы кодэкс. Усё ў рамках закону, але ж не — такім чынам апынуўся за кратамі, і паўтары гады мяне трымалі як ў закладніках. І вось гэтыя ўсе пералічаныя парушэнні былі і накірованы ў Камітэт па правах чалавека ААН".

У скарзе Змітра Фурманава супраць Беларусі пералічаныя наступныя парушэнні правоў (артыкулы Міжнароднага пакта аб гармадзянскіх і палітычных правах):

  • Артыкул 7: Ніхто не павінен падвяргацца катаванням або жорсткім, бесчалавечным або зневажальнаму яго годнасць абыходжанню або пакаранню.
  • Артыкул 9 (1) Кожны чалавек мае права на свабоду і асабістую недатыкальнасць. Ніхто не можа быць падвергнуты адвольнаму арышту або ўтрыманню пад вартай. Ніхто не павінен быць пазбаўлены волі інакш, як на такіх падставах і ў адпаведнасці з такой працэдурай, што ўстаноўленыя законам.
  • Артыкул 9 (3) Кожная арыштаваная або затрыманая па крымінальным абвінавачванні асоба ў тэрміновым парадку дастаўляецца да суддзі або да іншай службовай асобы, якой належыць па законе права ажыццяўляць судовую ўладу, і мае права на судовае разбіральніцтва цягам прымальнага тэрміну або на вызваленне. Утрыманне пад вартай асоб, якія чакаюць судовага разгляду, не павінна быць агульным правілам, але вызваленне можа ставіцца ў залежнасць ад прадстаўлення гарантый яўкі на суд, яўкі на судовае разбіральніцтва ў любой іншай яго стадыі і, у выпадку неабходнасці, яўкі для выканання прысуду.
  • Артыкул 9 (4) Кожнаму, хто пазбаўлены волі з прычыны арышту або ўтрымання пад вартай, належыць права на разгляд яго справы ў судзе, каб гэты суд мог неадкладна вынесці пастанову адносна законнасці яго затрымання і распарадзіцца аб яго вызваленні, калі затрыманне незаконнае.
  • Артыкул 10 (1): Усе асобы, пазбаўленыя волі, маюць права на гуманнае абыходжанне і павагу годнасці, што ўласцівая чалавечай асобе.
  • Артыкул 14 (2) Кожны абвінавачаны ў крымінальным злачынстве мае права лічыцца невінаватым, пакуль вінаватасць яго не будзе даказаная згодна з законам.
  • Артыкул 14 (3) Кожны мае права пры разглядзе любога прад'яўленага яму крымінальнага абвінавачання як мінімум на наступныя гарантыі на аснове поўнай роўнасці: (b) мець дастатковы час і магчымасці для падрыхтоўкі сваёй абароны і мець стасункі з абраным ім самім абаронцам; e) дапытваць сведкаў, якія паказваюць супраць яго, а таксама мець права на тое, каб гэтыя сведкі былі дапытаныя, і мець права на выклік і допыт яго сведкаў на тых жа ўмовах, якія існуюць для сведкаў, што паказваюць супраць яго;
  • Артыкул 19 (2) Кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць любога кшталту інфармацыю ды ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці з дапамогай друку або мастацкіх формаў выказвання, ці іншымі спосабамі згодна з уласным выбарам.
  • Артыкул 21 Прызнаецца права на мірныя сходы.
  • Артыкул 26 Усе людзі роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону закона.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства