viasna on patreon

Спецдакладчыца па Беларусі падрыхтавала новы штогадовы даклад па сітуацыі з правамі чалавека

2024 2024-06-05T15:12:14+0300 2024-06-05T16:08:24+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/maren-anais.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На сайце ААН апублікаваны чарговы даклад Спецыяльнай дакладчыцы па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн. У ім яна падала агляд асноўных праблем у галіне правоў чалавека ў Беларусі ў перыяд з 1 красавіка 2023 года па 31 сакавіка 2024 года. Адзначаецца, што сітуацыя ў краіне працягвае пагаршацца на фоне таго, як Беларусь увайшла ў новы выбарчы цыкл. У дакладзе разглядаецца, як супраць беларусаў і беларусак ужываюцца рэпрэсіі як унутры краіны, так і за яе межамі. Асаблівую ўвагу Спецдакладчыца надае праву на свабоду асацыяцый і паказвае на мэтанакіраванае выкараненне ўсіх незалежных асацыяцый у Беларусі з 2021 года, што закранае арганізацыі ды ініцыятывы грамадзянскай супольнасці, палітычныя партыі, прафсаюзы, калегіі адвакатаў ды рэлігійныя арганізацыі. "Вясна" прыводзіць некаторыя вытрымкі з дакладу Анаіс Марэн.

Анаис Морен. Фото: belsat.eu
Анаіс Марэн. Фота: belsat.eu

Выпадкі смерці ў месцах пазбаўлення волі і медычнае абслугоўванне ў зняволенні

Анаіс Марын адзначае, што прынамсі двое з пяці асуджаных паводле палітычных абвінавачванняў, імаверна, памерлі з прычыны медычнай халатнасці. Ні аднаму з памерлых не правялі аўтапсію.

Спецыяльная дакладчыца нагадвае, што смерць людзей у зняволенні ў ненатуральных абставінах стварае прэзумпцыю адвольнага пазбаўлення жыцця дзяржаўнымі ўладамі ў парушэнне артыкула 6 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Такая прэзумпцыя можа быць аспрэчаная толькі на падставе належнага расследавання.

У дакладзе адзначаецца, што з'явіліся шматлікія сцвярджэнні аб асабліва жорсткім абыходжанні са зняволенымі, пазбаўленымі волі па палітычных матывах. Спецыяльная дакладчыца занепакоеная тым, што ўтрыманне пад вартай наносіць значную шкоду здароўю большасці гэтых людзей, у скрайніх выпадках прыводзіць да шпіталізацыі і нават смерці. Яна атрымала паказанні былых зняволеных, што пацвердзілі аб сур'ёзным, магчыма, незваротным пагаршэнні здароўя многіх палітычных зняволеных, такіх як страта зроку і зубоў, як мяркуецца, у выніку наўмысна навязанага недаядання і жорсткага абыходжання, а таксама неналежнага або нясвоечасовага медычнага абслугоўвання.

Таксама згодна з дакладам Анаіс Марын атрымала шматлікія паведамленні аб адмове ў прадастаўленні адэкватнай медычнай дапамогі і догляду ў турмах і папраўчых калоніях, у тым ліку ў выпадках небяспечных для жыцця і невылечных захворванняў, а таксама аб недастатковым уліку асабістай уразлівасці зняволеных, напрыклад сталага ўзросту.

Адзначаецца, што Спецыяльная дакладчыца прыняла да ведама заяву Міністэрства замежных спраў Беларусі, якая абвяргае сцвярджэнні аб узмацненні жорсткасці ўмоў утрымання некаторых зняволеных і пацвярджае, што ўсе зняволеныя атрымліваюць неабходную медычную дапамогу. Але ў адсутнасць супрацоўніцтва з боку беларускіх уладаў і без правядзення хоць нейкіх расследаванняў Спецыяльная дакладчыца не можа ігнараваць атрыманыя сцвярджэнні як неабгрунтаваныя.

Меркаваныя выпадкі жорсткага абыходжання са зняволенымі, уключна з адмовай у належнай медычнай дапамозе, змяшчэнне ў нездаровыя ўмовы і прымусовую катаржную працу ў цяжкіх умовах, супярэчаць абавязальніцтвам Беларусі паводле артыкулаў 7 і 10 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, артыкулаў 1, 2, 3 і 16 Канвенцыі супраць катаванняў ды іншых жорсткіх, бесчалавечных або зневажаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання ратыфікаванай Беларуссю 13 сакавіка 1987 года, а таксама артыкулах 12 і 17 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах.

Нагляд за былымі палітвязнямі, што адбылі пакаранне

Спецыяльная дакладчыца атрымала паведамленні аб пераследзе міліцыяй асоб, што адбылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі па палітычна матываваных абвінавачваннях. Міліцыя штодня наведвае іх прыватныя месцы пражывання і штотыдзень выклікае ў аддзяленні міліцыі для правядзення "прафілактычных мерапрыемстваў", такіх як "прафілактычныя гутаркі" і прагляд дакументальных фільмаў пра "шкоду" палітычнага актывізму. Гэта робіцца пад прыкрыццём артыкула 28 Закона № 122-З ад 4 студзеня 2014 года, які дазваляе ажыццяўляць "прэвентыўны нагляд" пасля вызвалення асуджаных да пагашэння іх судзімасцяў. Спецыяльная дакладчыца лічыць, што такія меры раўнасільныя адвольнаму ўмяшанню ў прыватнае жыццё і жыллё ў парушэнне артыкула 17 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і могуць прадстаўляць сабой псіхалагічна жорсткае абыходжанне ў парушэнне артыкула 7 Пакта.

"Беларуская мова як прыкмета палітычнай нелаяльнасці"

Паводле атрыманых паведамленняў, беларуская мова ўсё часцей успрымаецца як прыкмета палітычнай нелаяльнасці, і па загадзе кіраўніцтва або праз страх дыскрымінацыі ад яе адмаўляюцца на карысць рускай у сферы дзяржаўнага кіравання, адукацыі, культуры і сродкаў масавай інфармацыі. Паводле паведамленняў, у пенітэнцыярных установах была канфіскаваная літаратура на беларускай мове, а супраць зняволеных, якія размаўляюць на беларускай мове, ужываюць больш суровае абыходжанне. Тое ж самае тычыцца і ўсіх астатніх месцаў для публічнага мастацкага самавыяўлення.

Спецыяльная дакладчыца нагадвае, што моўныя меншасці маюць права выкарыстоўваць сваю ўласную мову ў адпаведнасці з артыкулам 27 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, артыкулам 30 Канвенцыі аб правах дзіцяці, ратыфікаванай Беларуссю 1 кастрычніка 1990 года, і Дэкларацыяй аб правах асоб, якія належаць да нацыянальных або этнічных, рэлігійных і моўных меншасцяў, 1992 года.

Высновы і рэкамендацыі

Спецыяльная дакладчыца выказала шкадаванне з нагоды пагаршэння становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і асабліва занепакоеная рэпрэсіўнымі мерамі, накіраванымі супраць людзей унутры краіны і за яе межамі. Як адзначаецца ў дакладзе, беспрэцэдэнтны ўціск свабоды асацыяцыі з 2020 года прывёў да знішчэння незалежных аб'яднанняў, зачысціў грамадзянскую прастору ад "непажаданых" за іх меркаваную нелаяльнасць да ўладаў.

Спецыяльная дакладчыца паўтарыла рэкамендацыі, выкладзеныя ў яе папярэдніх дакладах. Акрамя таго, яна рэкамендуе ўраду Беларусі, у тым ліку пачаць аператыўныя, эфектыўныя, бесстароннія і празрыстыя расследаванні ўсіх выпадкаў смерці ў месцах пазбаўлення волі; неадкладна пакласці канец жорсткаму абыходжанню ў месцах пазбаўлення волі і аператыўна і эфектыўна расследаваць усе меркаваныя выпадкі жорсткага абыходжання ў месцах пазбаўлення волі з мэтай прыцягнення да адказнасці і пакарання вінаватых і прадастаўлення кампенсацыі ахвярам; адмяніць артыкул 411 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы; пакласці канец практыцы ўмяшання ў асабістае жыццё былых зняволеных пад выглядам "прафілактычных" мерапрыемстваў ды многае іншае.

Цалкам з справаздачай можна азнаёміцца тут:

Спецдакладчыца па Беларусі падрыхтавала новы штогадовы даклад па сітуацыі з правамі чалавека

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства