Пенсіянерку з Ліды асудзілі за абразу Лукашэнкі
У судзе Лідскага раёна вынесены прысуд жыхарцы пасёлка Бердаўка пенсіянерцы Таццяне Чэкель, якую абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Аляксандр Мішуроў.
Да суда жанчына знаходзілася пад падпіскай аб нявыездзе.
Па матэрыялах следства, Таццяна Чэкель, знаходзячыся па месцы жыхарства ў стане алкагольнага ап'янення “наўмысна і публічна выказала фразу, якая ўтрымлівае негатыўную ацэнку Аляксандра Лукашэнкі, выяўленую ў непрыстойнай абразлівай форме”.
У прысутнасці міліцэйскага патруля, якога выклікла пенсіянерка, у якой прапаў мабільны тэлефон, жанчына абражала Лукашэнку. Гэтую фразу чуў сужыцель жанчыны і сведчыў супраць яе ў судзе.
Суд прызнаў пенсіянерку вінаватай і прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.