"Заклікаем усе дзяржавы зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы беларусам, што знаходзяцца ў выгнанні"
3 ліпеня 2024 года фонд "Дом правоў чалавека" выступіў з заявай на 56-й сесіі Рады ААН па правах чалавека, у якой закрануў сітуацыю, звязаную з працягам замахаў на свабоду асацыяцый, а таксама пераследам беларусаў і беларусак, вымушаных пакінуць краіну.
"Паколькі гэта апошні раз, калі ўладальніца мандата выступае перад Радай у якасці Спецыяльнай дакладчыцы, мы скарыстаемся гэтай магчымасцю, каб падзякаваць яе за нястомную шматгадовую працу, часцяком у вельмі складаных умовах. Яе дадатковыя намаганні па аказанні дапамогі беларусам і беларускам не заўсёды прыцягвалі шырокую грамадскую ўвагу, але з удзячнасцю ўспрымаліся нашымі партнёрамі з беларускай грамадзянскай супольнасці. Нам будзе не хапаць яе на гэтай пасадзе, і мы жадаем ёй усялякіх поспехаў у будучыні.
Мы сур'ёзна занепакоеныя працягам нападаў на свабоду асацыяцый у Беларусі, пра што гаворыцца ў апошнім дакладзе Дакладчыцы. Гісторыя свабоды асацыяцый у Беларусі з моманту здабыцця незалежнасці сведчыць пра тое, што дзяржава знаходзіцца ў стане амаль перманентнай вайны супраць уласнай грамадзянскай супольнасці, якая толькі ўзмацнілася з 2020 года, калі былі ліквідаваныя ўсе праваабарончыя арганізацыі.
Акрамя таго, мы звяртаем увагу Рады на рэпрэсіі з боку Беларусі супраць свайго ўласнага народу, які вымушаны пераязджаць у іншыя краіны. Планаваная ў апошнім месяцы экстрадыцыя беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта з Сербіі ў Беларусь, а таксама завочныя судовыя працэсы і прысуды ў дачыненні да праваабаронцы Леаніда Судаленкі і журналісткі Ганны Любаковай — гэта толькі тры прыклады.
Мы заклікаем усе дзяржавы зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы беларусам, якія знаходзяцца ў выгнанні.
Мы хочам даведацца ў Спецыяльнай дакладчыцы, якія яе рэкамендацыі Радзе ў падтрымку яе мандата з улікам будучага ўступлення на пасаду яе пераемніка?"