Расія, Азербайджан, Грузія: наступ на праваабаронцаў узмацняецца
Сітуацыя з правамі чалавека ў некаторых краінах на постсавецкай прасторы працягвае пагаршацца. Асабліва гэта заўважна ў Расіі, Азербайджане, Грузіі. “Вясна” прапануе падборку аб рэпрэсіях супраць праваабаронцаў, прадстаўнікоў незалежных СМІ іі грамадскіх актывістаў за жнівень.
Азербайджан: "справа Abzas Media", пераслед Анара Мамедлі і новыя палітвязні
Новыя абвінавачанні арыштаваным па “справе Abzas Media"
Хатаінскі раённы суд Баку 22 жніўня падоўжыў яшчэ на 3 месяцы тэрмін папярэдняга зняволення кіраўніку Цэнтра маніторынгу выбараў і навучання дэмакратыі і праваабаронцу Анару Мамедлі.
Падаўжэнне тэрміну арышту было матываванае чаканнем адказаў на адпаведныя запыты следчага органа. Па словах адваката Мамедлі, абарона хадайнічала змяніць меру стрымання на хатні арышт. Аднак суд не задаволіўшы хадайніцтва абароны і падоўжыў тэрмін арышту Мамедлі да 27 лістапада. Суд таксама падоўжыў арышт яшчэ на 3 месяцы яшчэ аднаму фігуранту гэтай справы-кіраўніку платформы meclis.info Імрану Аліеву.
Нагадаем, Анар Мамедлі быў затрыманы 29 красавіка. Праваабаронца абвінавачваецца па "справе Abzas Media". Ён стаў восьмым фігурантам, затрыманым па гэтай справе. Сам праваабаронца адхіліў абвінавачванні, назваўшы іх беспадстаўнымі і палітычнай замовай.
Яшчэ чацвярым арыштаваным па “справе Abzas Media" былі прад'яўленыя новыя, больш цяжкія абвінавачванні. Цяпер іх чакае да 12 гадоў пазбаўлення волі. 19 жніўня дырэктару незалежнага анлайн-выдання Ульві Гасанлы, галоўнаму рэдактару Севіндж Вагіфгызы, журналістцы Abzas Media Эльнары Гасымавай і журналісту-расследавальніку Хафізу Бабалы былі выстаўленыя новыя абвінавачванні паводле сямі цяжкіх артыкулаў.
Amnesty International заклікае не дапусціць экстрадыцыі журналіста Афгана Садыгава з Грузіі ў Азербайджан
У сувязі з затрыманнем 3 жніўня і змяшчэннем у дэпартацыйную турму ў Грузіі азербайджанскага журналіста, галоўнага рэдактара Azel.TV Афгана Садыгава, намеснік дырэктара Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Дзяніс Крывашэеў заявіў: "Грузінскія ўлады павінны неадкладна спыніць спробы экстрадыцыі Афгана Садыгава зыходзячы са сваіх абавязацельстваў паводле міжнароднага права і даць яму і яго жонцы міжнародную абарону, калі яны за ёй звярнуліся".
Афган Садыгаў жыве ў Грузіі са снежня 2023 года. У маі 2020 года Садыгаў быў прысуджаны да сямі гадоў турэмнага зняволення па палітычна матываваным абвінавачванні ў “вымагальніцтве". Быў памілаваны ў траўні 2023 года, але, працягваючы сутыкацца з пагрозамі і пераследамі з боку ўладаў, пакінуў радзіму.
Нядаўна сям'я Афгана Садыгава папрасіла замежных дыпламатаў аб прытулку, піша "Каўказкі вузел".
Праваабаронцы абвясцілі новы спіс палітвязняў
Саюз "За свабоду палітвязняў у Азербайджане" (ССПЗА) абвясціў новы спіс палітвязняў, у якім 303 чалавекі. У спісе 17 новых імёнаў. У прыватнасці, гэта праваабаронца Анар Мамедлі, кіраўнік онлайн платформы meclis.info Імран Аліеў, эканаміст Фарыд Мехралізадэ, сябры партыі Народнага Фронту Сахіб Мамедзадэ і Мехман Аліеў, грамадскія актывісты Эльшан Керымаў, Лачын Веліеў і яшчэ 9 вернікаў. Спіс складзены былымі вязнямі сумлення - дырэктарам Інстытута міру і дэмакратыі Лейлай Юнус і кіраўніком Цэнтра маніторынгу палітвязняў Эльшанам Гасанавым.
Расія: пераслед за антываенную пазіцыю
19 жніўня спісы расійскіх палітвязняў папоўнілі чатыры чалавекі: Андрэй Куліевіч, Мікалай Лагуцін, Валянцін Харашаеў і Данііл Рашэтнічэнка. Праціўнікаў акупацыі Крыма прысудзілі да 7,5 гадоў строгага рэжыму па сфабрыкаванай справе аб падрыхтоўцы тэракту.
Цяпер у спісе 770 чалавек.
За час кіравання Пуціна расейскія праваабаронцы прысвоілі статус “палітвязень" паўтары тысячам чалавек, палічыла “Вёрстка” пры падтрымцы “Мемарыяла". У першыя гады кіравання Уладзіміра Пуціна колькасць палітвязняў у Расіі не перавышала аднаго-двух чалавек у год.
Уступіў у сілу прысуд журналістцы расійскай “Свабоды”, якая пісала пра парушэнні правоў чалавека
22 ліпеня Вярхоўны суд Татарстану прызнаў журналістку татара-башкірскай службы "Радыё Свабода" Алсу Курмашаву вінаватай у распаўсюдзе так званых фэйкаў пра расейскае войска і прысудзіў яе да шасьці з паловай гадоў калоніі.
Журналістку звінавацілі ў распаўсюдзе кнігі "Не вайне. 40 гісторый расейцаў, якія выступаюць супраць уварвання ва Ўкраіну".
Алсу Курмашава пастаянна пражывае ў Празе з 1998 года. У траўні мінулага года яна прыехала ў родны горад Казань да хворай маці, дзе яе затрымалі 18 кастрычніка 2023 года.
1 жніўня Алсу Курмашава была вызваленая ў выніку найбуйнейшага ў сучаснай гісторыі абмену зняволенымі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
Супраць праваабаронцы Святланы Ганушкінай распачалі адміністрацыйную справу
14 жніўня намеснік Басманнага міжраённага пракурора Яўген Панамароў вынес пастанову аб узбуджэнні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да праваабаронцы Святланы Ганушкінай.
Панамароў палічыў, што Ганнушкіна здзейсніла адміністрацыйнае правапарушэнне, не паказаўшы ў перапісцы з Упаўнаважаным па правах чалавека Таццянай Маскальковай факт свайго “інаагенцтва”.
“Міжнародная амністыя” заклікае вызваліць хворага актывіста-праваабаронцу з Крыму
Тофік Абдулгазіеў, актывіст-праваабаронца з Крыма, прысуджаны ў Расеі да 12 гадоў турэмнага зняволення паводле палітычна матываваных абвінавачванняў, у сакавіку 2024 года быў шпіталізаваны ў крытычным стане. Ён схуднеў на 15 кілаграм, і яму быў пастаўлены дыягназ сухоты, пнеўманія і іншыя захворванні, якія ўяўляюць пагрозу для жыцця і таму павінен быць неадкладна вызвалены.
Праваабаронца адбывае пакаранне ў турме Верхнеуральска Чэлябінскай вобласці.
Грузія: улады плануюць забараніць усе апазіцыйныя сілы
Праўладная партыя “Грузінская мара" плануе забараніць усе апазіцыйныя сілы
Пасля таго, як у Грузіі 3 чэрвеня прыняты закон "Аб празрыстасці замежнага ўплыву” і масавых акцый пратэсту, жорстка разагнаных уладамі, сітуацыя з правамі чалавека прыкметна пагоршылася. Цяпер у выпадку адмовы рэгістравацца ў якасці замежных агентаў СМІ і няўрадавым арганізацыям будуць пагражаць штрафы і арышт рахункаў.
Прэм'ер-міністр Грузіі Іраклій Кабахідзэ пацвердзіў, што правячая партыя “Грузінская мара" плануе забараніць усе апазіцыйныя сілы, якія выступяць супраць яе на будучых выбарах.
Прычына гэтага ў тым, што «ў рэчаіснасці ўсе гэтыя ўтварэнні ўяўляюць сабой адну палітычную сілу – калектыўны нацыянальны рух… і яны могуць сумесна служыць злачыннай справе”.
У Тбілісі збіты невядомымі чарговы актывіст
Улады Грузіі павінны неадкладна расследаваць напады на крытыкаў ўрада, заклікае Amnesty International, рэагуючы на жорсткі напад невядомых на грамадзянскага актывіста Зуку Бердзенішвілі ў Грузіі ўсяго праз некалькі гадзін пасля таго, як спікер грузінскага парламента ў сацыяльнай сетцы абвінаваціў яго ва ўдзеле ў "арганізаванай і палітычна матываванай кампаніі тэрору".
"Міжнародная амністыя" заяўляе: "Пасля дзясяткаў падобных інцыдэнтаў з ужываннем гвалту напад на Зуку Бердзенішвілі, які адбыўся ўсяго праз некалькі гадзін пасля таго, як спікер парламента асабіста назваў яго пагрозай для ўрада, выклікае сур'ёзную занепакоенасць. Падобныя заявы афіцыйных асоб можна лёгка інтэрпрэтаваць як падачу зялёнага святла для беспакаранага гвалту ў дачыненні да крытыкаў урада".