viasna on patreon

"Тое, што адбываецца ў беларускіх калоніях — гэта і ёсць катаванні" — Руслан Акостка

2024 2024-10-02T15:27:51+0300 2024-10-09T10:59:56+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/okostko_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Былы дэсантнік і жыхар Салігоршчыны Руслан Акостка стаў вядомы пасля таго, як 15 лістапада 2020 года прайшоў праз увесь горад з бел-чырвона-белым сцягам. Так ён ушанаваў памяць забітага Рамана Бандарэнкі. Фота самотнага дэсантніка з нацыянальным сцягам Беларусі ў Салігорску абляцела Інтэрнэт. Руслана затрымалі і распачалі крымінальную справу за яго "супраціў падчас затрымання". За гэта мужчыну прызначылі тры гады калоніі, хоць віну на судзе ён не прызнаў. Палітвязень адбываў тэрмін у "Віцьбе", дзе яго змяшчалі ў штрафны ізалятар, памяшканне камернага тыпу і трымалі без сувязі з роднымі, а потым наогул распачалі новую крымінальную справу паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса і дадалі яшчэ год зняволення. Руслана адразу перавялі ў глыбоцкую ПК № 13, а потым у адну з самых жорсткіх калоній Беларусі — ПК № 9 у Горках. Палітвязень адбыў цалкам тэрмін і выйшаў на волю 24 ліпеня 2024 года і ўжо праз дзесяць дзён пакінуў Беларусь. Апынуўшыся ў бяспецы, Руслан распавёў "Вясне" пра ўмовы ўтрымання ў горацкай калоніі, загадкавыя прапановы аб памілаванні ў "Віцьбе" і сустрэчы з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім.

okostko_1.jpg
Руслан Акостка. Фота з профілю былога палітвязня

"Я яшчэ дома не паспеў асвоіцца, а да мяне ўжо міліцыя прыязджае"

З калоніі на волю Руслан Акостка выйшаў 24 ліпеня, а ўжо 4 жніўня пакінуў Беларусь. Ён прабыў у зняволенні амаль чатыры гады:

"Я нават не паспеў убачыцца са сваімі некаторымі сябрамі, сваякамі і знаёмымі. Я вырашыў з'ехаць, таму што хутка выбары і ёсць рызыка новага затрымання. Праз прэвентыўны нагляд мне трэба было адзначацца ў міліцыі кожны панядзелак. Таксама ў сувязі з новымі зменамі ў заканадаўства мне трэба ўладкавацца на працу цягам 15 дзён. Я яшчэ на той момант не ведаў, якія ў мяне існуюць праблемы са здароўем, а мне ўжо трэба на працу ўладкоўвацца. Уся тая трэшавасць, што адбывалася ў 2020 годзе, адбываецца дагэтуль, таму нармальна існаваць там у мяне наўрад ці атрымалася б. З гэтай нагоды я вырашыў пакінуць гэтую ўстанову "Рэспубліку Беларусь".

Руслан адзначае, што не планаваў да вызвалення з'язджаць з Беларусі.

"Я не думаў пра гэта да ўсіх гэтых паходаў у міліцыю, званкоў, наведванняў майго дома... Праз нагляд мне трэба было знаходзіцца дома з 22:00 да 6:00. Калі мяне не будзе — гэта парушэнне адбыцця нагляду. Я яшчэ дома не паспеў асвоіцца, а да мяне ўжо міліцыя прыязджае і тэлефануе. Гэта і стала асноўнай прычынай, чаму я пакінуў Беларусь".

"Разумеў, што ў нейкі з дзён магу проста не вярнуцца дадому"

Руслан Окостко 1 октября 2024 года
Руслан Акостка пасля вызвалення 1 кастрычніка 2024 года

Да 2020 года Руслана не затрымлівалі. Але мужчына вырашыў падтрымаць пратэст супраць фальсіфікацый выбараў Лукашэнкі. Як успамінае Руслан, у Салігорску ён адразу наведваў усе акцыі пратэсту, а потым ездзіў у Менск. Першы раз Руслана затрымалі ў верасні 2020 года проста ў яго дома, і тады яму пашкодзілі рабро. За ўдзел у акцыі пратэсту прызначылі 15 сутак арышту. Пасля іх мужчына вырашыў зрабіць паўзу ў грамадзянскай актыўнасці праз праблемы з рабром. Але потым Руслан прачытаў у навінах, што ў двары недалёка ад свайго дома быў забіты Раман Бандарэнка. Руслан хацеў ушанаваць памяць забітага, таму 15 лістапада 2020 года выйшаў у горад з нацыянальным сцягам Беларусі. Яму ўдалося прайсці амаль праз увесь горад.

"На той момант народ хацеў мірнага пратэсту, таму іншага быць не магло. Калі ішоў па горадзе са сцягам, то думкі былі розныя... Людзі, якія праязджалі міма, сігналілі. Усе разумелі і бачылі, што адбываецца ў гэтай сітуацыі, таму абыякавымі заставацца было нельга.

Руслан Окостко. Фото: Салігорск.org
Руслан Акостка. Фота: Салігорск.org

У парку да мяне падышлі супрацоўнікі і сказалі пакінуць яго. Я адмовіўся, тады яны запатрабавалі дакументы і запісалі імя ў нататнік. Потым прыехала падмацаванне ў выглядзе АМАПу са стрэльбай. Мяне пачалі затрымліваць: забралі сцяг, адразу аднеслі ў мікрааўтобус, потым перасадзілі ў аўтазак і павезлі ў РАУС. Пасля 15 сутак мяне не выпусцілі, а за 15 хвілін да выхаду прыехаў пракурор і прад'явілі абвінавачванне паводле артыкула 363 Крымінальнага кодэкса. Я не чакаў крымінальнай справы, але з іншага боку, улічваючы, што адбывалася тады ў краіне, даў сабе ўстаноўку, што здарыцца можа ўсё, што заўгодна. Я разумеў, што ў нейкі з дзён магу проста не вярнуцца дадому, і могуць быць самыя сумныя наступствы. Але ў мяне ўсё больш-менш абышлося".

4 лютага 2021 года Руслану прызначылі тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Віну на судзе ён не прызнаў. З лістапада 2020 года да красавіка 2021 года мужчына ўтрымліваўся ў розных ізалятарах краіны.

"Выглядае гэта ўсё, як канцэнтрацыйны лагер 41-года"

Руслан Окостко в суде. Фото: Салігорск.орг
Руслан Акостка на судзе ў 2021 годзе. Фота: Салігорск.org

Руслан адзначае, што яму было складана толькі ў плане ўсведамлення, што такія ўмовы ў 21 стагоддзі ў "перадавой краіне":

"Пабыўшы за ўдзел у акцыях пратэсту на "сутках" у ізалятарах Салігорска і Любані, убачыўшы дзве гэтыя ўстановы, я падумаў, што па ўсёй краіне гэтак жа. Але аказалася, што не. Хоць у нас краіна і невялікая, але ўсюды па-рознаму ўмовы".

Самымі жорсткімі ўмовамі Руслан называе калонію строгага рэжыму ў Горках, асабліва звяртаючы ўвагі на ўмовы працы на прамысловай зоне:

"Асноўная праца ў Горках звязаная з дрэваапрацоўкай. Там робяць паддоны і скрыні для снарадаў для патрэб расійскай арміі. Там выкарыстоўваецца рабская праца, за якую не плацяць. Напрыклад, чалавек б'е паддоны. За месяц ён набівае на некалькі тысяч даляраў, але з гэтай сумы яму плацяць пяць рублёў. А тэлефонная картка, каб патэлефанаваць дадому, каштуе пяць рублёў і некалькі капеек. Такім чынам, працуючы на вытворчасці, ён не можа дазволіць купіць сабе тэлефонную картку для званка родным.

За месяц зняволены губляе ды 10 кілаграм вагі, таму што на абед — некалькі лыжак бульбы. Паеў і далей на працу. Выглядае гэта ўсё, як канцэнтрацыйны лагер 41-года. Усе брудныя, мурзатыя... Нейкія пальчаткі выдаюцца ў мінімальнай колькасці для галачкі.

Што тычыцца пахудзення ў Горках, гэта тычыцца абсалютна ўсіх. Некаторыя там худнеюць да 25 кілаграм. І гэтаму там не дзівяцца. Я бачыў такога чалавека, як на фотаздымках з нямецкіх канцлагераў. Пра гэта вельмі цяжка казаць і нават не верыцца, што я такое бачыў. За гэтым нават было вельмі балюча назіраць. Ніколі б не падумаў, што ў краіне, у якой па тэлевізары крычаць, што гэта цэнтр Еўропы, існуе такое... Напэўна, галодным зэкам лягчэй кіраваць. Сыты зняволены не захоча працаваць за пяць рублёў, таму што гэтыя грошы яму надвор'я не зробяць. А галодны будзе працаваць, таму што на гэтыя пяць рублёў можна булачку або пачак цыгарэт купіць.

Я стаў сведкам поўнага бязмежжа і бесаўшчыны. Я бачыў, як раскручваюць паводле артыкула 411 КК зняволенага, якога і так асудзілі на 20 гадоў, але яму дадалі яшчэ два гады. Пра што тут казаць, калі забойцам даюць па 10 гадоў, а чалавеку, які здзейсніў дзеянне, ніяк не звязанае з замахам на жыццё чалавека, — 20 гадоў і яшчэ два гады дадаткова.

Больш за ўсё мяне здзівіла тое, што сядзяць ад малога да вялікага: ад 18 да 60 з хвосцікам. У штрафны ізалятар саджаюць нават бязногіх пенсіянераў і тых, каму за 75. За занятак спортам палітвязняў таксама могуць адправіць у штрафны ізалятар. Таксама адключылі ўсе інфармацыйныя крыніцы, якія так ці інакш асвятляюць падзеі ў Беларусі ды Украіне. Калі казаць пра катаванні, то яны ёсць усюды. Але пад катаваннямі трэба разумець не толькі фізічнае знішчэнне чалавека. Але тое, што адбываецца ў беларускіх калоніях — гэта і ёсць катаванні. Гэта і рабская праца, і ўмовы працы на прамзонах. У час працы з металам сустракаецца радыеактыўны метал, а часам яго прывозілі з Чарнобыля з радыеактыўных зон. А як назваць тое, што чалавеку даюць два ці тры гады калоніі за каментары, а потым выганяюць прымусова на працу, пазбаўляюць усялякай сувязі з роднымі і пасылак? Гэта катаванні. Калі параўнаць нашу сітуацыю з ваеннымі дзеяннямі, то гэта можна назваць палонам. Словамі гэта складана перадаць... Тыя, хто там сядзіць, — гэта палонныя".

"Асуджаныя трохі цураюцца Алеся, бо іх могуць адправіць у штрафны ізалятар"

Алесь Беляцкий, 3 марта 2023 года
Алесь Бяляцкі, 3 сакавіка 2023 года

У калоніі № 9 у Горках на гэты момант утрымліваецца 10 палітвязняў, сярод якіх — заснавальнік "Вясны" і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі. Апошні раз Руслан бачыў Алеся ў ліпені гэтага года — перад сваім вызваленнем.

"Наогул яго я бачыў пастаянна і рэгулярна. Алесь схуднеў. Але трэба разумець, што да сустрэчы ў калоніі я яго раней ніколі не бачыў. А калі вызваліўся, паглядзеў яго пару фотаздымкаў у Інтэрнэце. Алесь працуе на прамысловай зоне на дрэваапрацоўцы.

Мы з ім адкрыта не размаўлялі, бо ён асоба знакамітая — лаўрэат Нобелеўскай прэміі. Асуджаныя, нават з яго атрада, трохі цураюцца Алеся і не падтрымліваюць з ім зносіны, таму што за гэта іх могуць адправіць у штрафны ізалятар, пазбавіць пасылак, званкоў або па-іншаму пакараць. Таму Алесь, разумеючы ўсё гэта, паводзіць сябе стрымана. За зносіны са знакамітымі і разумнымі людзьмі ідуць рознага кшталту пакаранні".

"У іх былі гатовыя запоўненыя дакументы на памілаванне"

Руслан успамінае, што адным з самых распаўсюджаных спосабаў ціску ў зняволенні з'яўляецца абмежаванне сувязі з роднымі: пазбаўленне званкоў і спатканняў, знішчэнне лістоў. Былы палітвязень успамінае, як пісаў сваім родным лісты з памяшкання камернага тыпу ў "Віцьбе", дзе паведамляў, што супраць яго ўзбуджаюць новую крымінальную справу паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса, але лісты проста не выпускалі з калоніі. Таму навіна пра новую справу стала шокам для родных Руслана.

Паводле словаў былога палітвязня, які прабыў у горацкай калоніі паўтара года, зняволеным там не паступалі прапановы напісаць прашэнне на памілаванне. Аднак ён распавёў пра такую прапанову ў "Віцьбе":

"Напрыканцы траўня 2021 года ў "Віцьбу" прыехалі супрацоўнікі, якія прадставіліся прадстаўнікамі Генеральнай пракуратуры. У іх былі гатовыя запоўненыя дакументы на памілаванне. Там заставалася толькі паставіць подпіс. Выклікалі 15-18 чалавек. Аднак, як потым высветлілася, гэта былі людзі не з Генеральнай пракуратуры і прыязджалі яны не для таго, каб насамрэч перадаць дакументы на памілаванне. Асуджаны, які адважыўся і распісаўся ў гэтым дакуменце, праз некаторы час напісаў зварот у Генпракуратуру, дзе хацеў даведацца вынікі па разглядзе падпісанага ім прашэння аб памілаванні, якое забралі ў калоніі прадстаўнікі іх структуры. На гэта яны адказалі, што нічога падобнага яны не атрымлівалі ад яго. Атрымліваецца, тыя грамадзяне, якія прыехалі да нас з памілаваннямі, прыехалі паглядзець ці то рэакцыю асуджаных на гэта, ці то гатоўнасць на памілаванні".

"Ліст носіць крывадушны характар"

ruslan_akostka_2.jpg
Руслан Акостка. Фота з сацсетак

Руслан распавядае, што калі ў горацкай калоніі прыходзілі лісты не ад родных, то іх паказальна не аддавалі.

"У Горках першы ліст мне прыйшоў на каранціне ад жанчыны з Мінска. Гэта быў замоўны ліст, за які ты заўсёды павінен распісвацца. І вось яны зачыталі ад каго, я распісаўся, але мне яго не аддалі, але сказалі, што прынясуць пазней пасля праверкі. Потым мне прынеслі ліст А4, на якім было напісана, што "ліст носіць крывадушны характар, таму ліст адбіраецца". Гэтая такая спецыфіка калоніі ў Горках. Самая хворая калонія... У іншых месцах лісты проста не аддаюць, не адпраўляюць, а там паступаюць вось так".

"Следчая мне паказвае імёны, а там — "Шалёная панда"

Таксама былы палітвязень успамінае, што да яго прыязджала следчая з нагоды абразаў у каментарах пракурора Аляксея Чарнышэвіча, які выступаў дзяржаўным абвінаваўцам у яго на судзе:

"Следчая пыталася ў мяне, ці ведаю я каментатараў. З сабой яна прывезла скрыншот з Тэлеграма з каментарамі пад выдуманымі назвамі, дзе пракурора абліваюць брудам і пагражаюць яму спаліць маёмасць. У сувязі з гэтым распачалі крымінальную справу. Следчая мне паказвае імёны, а там — "Шалёная панда". Я сказаў, што мне наогул такія пытанні не трэба задаваць, гэта ж смешна".

У сакавіку 2024 года да Руслана ў калонію прыязджалі з пракуратуры з нагоды грашовых пераводаў.

"Супраць незнаёмай мне жанчыны, якая падтрымлівала мяне грашыма, калі я быў у Жодзіне ў 2021 годзе, распачалі крымінальную справу за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".

"Нікому не пажадаю правесці чатыры гады ў беларускай турме"

mugshot_akostka.jpg
Даведка аб вызваленні Руслана Акосткі

Цяпер, разважаючы пра гады ў месцах несвабоды, Руслан адзначае, што гэтыя амаль чатыры гады зняволення яму ў жыцці не былі патрэбныя, але ён імкнецца ацаніць гэты час як досвед:

"Я нікому не пажадаю правесці чатыры гады ў беларускай турме. Добра, калі чалавек адседзеў і ў яго няма ніякіх праблем са здароўем, гэта ўжо добра. Але, у асноўным, гэта ўплывае і на фізічнае здароўе чалавека, і на яго псіхіку. Тыя, каму далі па 10-20 гадоў, я не ведаю, што ад іх застанецца ў псіхалагічным плане.

Я цяпер не шкадую, што сеў у турму і страціў свой час. Іншага выбару не было, напэўна. Але атрыманы досвед не варты чатырох гадоў. Сказаць, што было дарма? Не, я так не скажу, бо гэта было не дарма. Усе ведаюць, чаму ў нас людзі трапляюць у турму, выходзяць на акцыі, пішуць каментары і ставяць лайкі".

Цяпер Руслан спыніўся ў Мадрыдзе. Ён распавядае, што да свайго здзіўлення, пасля вызвалення вялікіх праблем са здароўем пакуль у яго не выявілі:

"Зразумела, ёсць праблемы з зубамі і авітаміноз, але сур'ёзных праблем, да майго здзіўлення, не выяўлена".

Мужчына плануе вывучыць іспанскую мову, а больш ніякіх вялікіх планаў не будуе. На пытанне аб патэнцыйным вяртанні дадому ў Беларусь Руслан не задумваючыся адказаў, што пры магчымасці адразу вернецца.

akostka_ruslan_doc.jpg

"Галоўнае цяпер — прывесці сябе ў парадак у псіхалагічным плане. Я гэта разумею. Пасля адпачынку трэба ўладкавацца на працу і зарабляць на жыццё. Далей я планаў не будую, таму што ёсць толькі адзін грандыёзны план — вызваліць усіх палітвязняў Беларусі".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства