viasna on patreon

Трывожная сітуацыя з пераследам праваабаронцаў застаецца ў многіх постсавецкіх краінах

2024 2024-10-24T09:58:00+0300 2024-10-24T10:28:44+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/melkanianc-1.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сітуацыя з правамі чалавека і пераследам праваабаронцаў ў многіх краінах свету і на постсавецкай прасторы працягвае заставацца трывожнай. Асабліва гэта заўважна ў Расіі, Азербайджане, Грузіі. "Вясна" прапануе падборку аб рэпрэсіях супраць праваабаронцаў, юрыстаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

Стан здароўя азербайджанскага праваабаронцы Анара Мамедлі імкліва пагаршаецца

Адвакаты і актывісты выказалі трывогу ў сувязі з імклівым пагаршэннем стану арыштаванага дырэктара Цэнтра маніторынгу выбараў і навучання дэмакратыі (ЦМВОД) Анара Мамедлі.

mammadli-viasna.jpg
Анар Мамедлі ў праваабарончым цэнтры "Вясна", 2017 год.

"На мінулым тыдні разам з калегам мы наведалі Анара Мамедлі ў Бакінскім СІЗА, дзе ён паведаміў пра пагаршэнне свайго стану і неабходнасць усебаковага абследавання", – напісаў адвакат Джавад Джавадаў у сваім акаўнце ў facebook.

У той жа дзень пісьмовы зварот Мамедлі з просьбай аб медыцынскім абследаванні быў накіраваны ў галоўнае медупраўленне Мінюста, пенітэнцыярную службу і апарат амбудсмена.

16 кастрычніка адвакат наведаў Мамедлі, які паведаміў, што ніякай рэакцыі на ягоны зварот няма. "Таму, мы вырашылі аддаць гэтае пытанне агалосцы", – адзначыў Джавадаў.

Анар Мамедлі – вядомы праваабаронца і актывіст па барацьбе са змяненнем клімату; ён дамагаўся, каб улады дазволілі прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці прыняць удзел у працы COP29. Анар Мамедлі быў затрыманы 29 красавіка 2024 года і змешчаны ў папярэдняе зняволенне. Яму выстаўленыя сфабрыкаваныя абвінавачванні ў незаконным увозе грошай у краіну. У выпадку, калі яго прызнаюць вінаватым, яму пагражае да васьмі гадоў турмы.

У Расіі судзяць вядомага праваабаронцу і сустаршыню руху "Голас" Грыгорыя Мельканьянца

27 верасня Басманны раённы суд Масквы пачаў разгляд крымінальнай справы вядомага ў Расіі спецыяліста па выбарчым праве, юрыста, праваабаронцы і сустаршыні руху "Голас" Грыгорыя Мельканьянца. Яму ставяць у віну сувязь з "непажаданай" арганізацыяй – Еўрапейскай сеткай арганізацый назірання за выбарамі (ENEMO). Па гэтым абвінавачванні Грыгорыю пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

melkanianc-1.png
Грыгорый Мельканьянц. Фото: Медыязона

Разгляд крымінальнай справы па ч. 3 арт. 284.1 КК РФ пачаўся больш чым праз год пасля таго, як Мельканьянца арыштавалі. Увесь гэты час ён правёў у СІЗА. На першае пасяджэнне пусцілі толькі ўдзельнікаў працэсу.

Адвакаты паведамляюць, што судовыя паседжанні з 24 кастрычніка адмянілі па невядомай прычыне. Дата наступнага судовага паседжання пакуль невядомая.

"Голас" - вядомы расейскі грамадскі рух, які з 2000 года рыхтуе назіральнікаў і вядзе маніторынг парушэнняў на выбарах усіх узроўняў.

Расійскага праваабаронцу Аляксея Сакалова змясцілі ў псіхіятрычную лякарню

Праваабаронцу Аляксея Сакалова па хадайніцтве следчых змясцілі ў псіхіятрычную бальніцу ў Екацярынбургу для правядзення судова-псіхіятрычнай экспертызы.

sakalou-rasia.png
Аляксей Сакалоў. Фота: svoboda.org

Там яго ўтрымліваюць у жорсткіх умовах. Праваабаронца пазбаўлены магчымасці нават папіць цёплай вады. Яму даюць толькі халодную. Пра гэта выданню URA.RU паведаміў сын Сакалова.

Таксама Аляксей Сакалоў, які знаходзіцца ў СІЗА-1 Екацярынбурга па абвінавачванні ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў, паведаміў у лісце сыну пра пагрозы з боку арыштантаў.

Аляксея Сакалова затрымалі раніцай 5 ліпеня 2024 года ў ягонай кватэры. У той жа дзень ператрусы прайшлі ў яго сына Яўгена, які стаў сведкам па справе. Следчыя лічаць, што Аляксей публікаваў у сацсетках пасты, у якіх адлюстроўваў недакладныя факты аб дзейнасці Свярдлоўскага ГУ ФСВП, а таксама ставіў спасылкі на Facebook, якая належыць Meta, якая забароненая і прызнаная экстрэмісцкай у РФ.

Эксперт ААН: "Грузінскія праваабаронцы падвяргаюцца нападам і пераследу"

У 2024 годзе праваабаронцы ў Грузіі сутыкнуліся з хваляй рэпрэсій, якая, як лічаць незалежныя эксперты ААН, працягваецца па гэты дзень. Пра гэта заявіла Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы праваабаронцаў Мэры Лолор.

lolor-mery-1.jpg
Мэры Лолор. Фота: un.org

Спецдакладчык нагадала пра пераслед праваабаронцаў у той час, калі парламент краіны абмяркоўваў Закон аб празрыстасці замежнага ўплыву ў пачатку бягучага года. Закон, прыняты 28 траўня і які ўступіў у сілу першага жніўня, нягледзячы на масавыя народныя пратэсты, ставіць Грузію ў складанае становішча ў дачыненні да абавязацельстваў па правах чалавека.

Па словах Лолор, у ходзе гэтага заканадаўчага працэсу праваабаронцы падвяргаюцца пераследу і тэлефонным званкам з пагрозамі. Некаторыя з іх падвергся жорсткаму нападу, як напрыклад, адзін з заснавальнікаў прадэмакратычнага руху "Сірцхвілія" Зука Бердзенішвілі. Іх офісы і дамы былі размаляваныя пагрозамі і паклёпам.

Спецыяльны дакладчык заклікала ўрад змяніць курс і сур'ёзна разгледзець пытанне аб выкананні рэкамендацый, выкладзеных у яе дакладзе Савету па правах чалавека ААН.

Украінскага праваабаронцу Максіма Буткевіча вызвалілі з палону ў Расіі

У выніку абмену ваеннапалоннымі паміж Расеяй і Украінай 18 кастрычніка быў вызвалены ўкраінскі праваабаронца, журналіст, сузаснавальнік «Громадське радіо» Максім Буткевіч. Пра гэта паведаміў заснаваны Буткевічам Праваабарончы цэнтр Zmina са спасылкай на бацьку Буткевіча.

butkevich-ukr.jpg
Праваабаронца Максім Буткевіч

Раней Буткевіча асудзілі да 13 гадоў калоніі — паводле следства, праваабаронца нібыта абстраляў жылы дом у Севераданецку з супрацьтанкавага гранатамёта Panzerfaust-3. З чэрвеня 2022 году мужчына знаходзіўся ў расійскім палоне.

Максім Буткевіч — украінскі праваабаронца і журналіст, змагаўся з праявамі дыскрымінацыі ва ўсіх яе формах ва Украіне. Ён таксама з'яўляўся каардынатарам і сузаснавальнікам праекту дапамогі бежанцам "Без меж". Пасля пратэстаў 2020 года Буткевіч актыўна дапамагаў беларускім уцекачам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства