Мінімум 360 чалавек былі затрыманыя ў Беларусі з ліпеня па верасень
Ужо праз тры месяцы ў Беларусі пройдуць прэзідэнцкія выбары-2025. Але наступствы мінулых выбараў беларускае грамадства адчувае да гэтага часу: штодзённа цягам чатырох гадоў сілавікі брутальна затрымліваюць дзясяткі людзей па палітычных матывах. Падставамі для пераследу могуць быць, напрыклад, рэпосты з незалежных СМІ, нацыянальная сімволіка ў сацыяльных сетках, падпіскі на любімыя "экстрэмісцкія" беларускія гурты, а часам і надуманыя прычыны кшталту "не адчыніла дзверы для ператрусу". Праваабаронцы "Вясны" традыцыйна падлічылі агульную лічбу затрыманняў за трэці квартал 2024 года і распавядаюць, за што працягваюць пераследваць беларусаў.
Статыстыка рэпрэсій
Па даных "Вясны", у Беларусі з 1 ліпеня па 30 верасня было зафіксавана 1 221 выпадак палітычна матываваных рэпрэсій. Гэта ператрусы, выклікі на допыты, суды і г.д. З іх 360 — затрыманні. Таксама праваабаронцам вядома пра мінімум 400 судоў паводле адміністрацыйных справаў за тры месяцы, палова з асуджаных — жанчыны. Але адзначым, што ўсе лічбы могуць быць значна большымі праз тое, што праваабаронцы не валодаюць усімі звесткамі пра рэпрэсіі.
Самым распаўсюджаным артыкулам застаецца 19.11 КаАП — "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". За тры месяцы паводле яго асудзілі не менш за 380 чалавек.
Але па словах былой арыштанткі ЦІПа на Акрэсціна, якая ў гэты час адбывала арышт, тых, каго судзілі паводле "экстрэмісцкага" артыкула, адпускалі адразу, а тых, каго за "дробнае хуліганства" паводле арт. 19.1 КаАП, часта перазатрымлівалі па заканчэнні першага тэрміну і складалі новыя пратаколы. Такая практыка выкарыстоўваецца ўладамі ўжо некалькі гадоў. Гэта дазваляе ўтрымліваць людзей за кратамі па некалькі месяцаў. Пры гэтым, перадачы для затрыманых не прымаюць, таму яны ўвесь свой арышт сядзець без зменнага адзення і бялізны, а таксама часта без сродкаў гігіены.
"Адна дзяўчынка страціла прытомнасць пасля ўколу проста на калідоры": што цяпер адбываецца на Акрэсціна
Масавыя затрыманні ў рэгіёнах
Акрамя гэтага, сілавікі актыўна ладзяць "хапуны" ў маленькіх гарадах Беларусі. Так, напрыклад, у сярэдзіне верасня, паводле "Віцебскай Вясны", у Глыбокім было затрымана 12 чалавек, у тым ліку краязнаўца і даўні грамадскі актывіст Павел Лаўрыновіч. Частку затрыманых адразу адвезлі ў Віцебскі следчы ізалятар. Ім інкрымінуюць арт. 342 КК (арганізацыя, падрыхтоўка або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Амаль у той жа час прайшла "зачыстка" ў Бярозе. Тады сілавікі адсправаздачыліся аб затрыманні як мінімум 10 чалавек. Усіх іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту. Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што «астатнім 14 прыцягнутым асобам, абраная мера стрымання не звязаная з пазбаўленнем волі».
У верасні адбыўся "рэйд" сілавікоў па жыхарах Століншчыны. Паводле звестак праваабаронцаў, тады затрымалі больш за 10 чалавек.
Таксама перыядычна праходзяць масавыя затрыманні і ў Баранавічах. Пасля чаго мясцовых жыхароў судзяць паводле арт. 342 КК за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года.
Пераслед беларусаў па вяртанні з-за мяжы
Апроч гэтага, не спыняюцца затрыманні і допыты пасля праверак тэлефонаў на мяжы з Беларуссю. Паводле "Вясны", за мінулыя тры месяцы сілавікі працягвалі затрымліваць беларусаў па вяртанні з Літвы і Польшы.
Нагадваем, што прычынай для пераследу могуць стаць фота з пратэстаў у 2020 годзе, данаты, каментары ў сацыяльных сетках, "экстрэмісцкія" рэпосты, фота з бел-чырвона-белай сімволікай, якія знаходзяць у тэлефонах і сацыяльных сетках, фота з акцый салідарнасці за мяжой. Гэта сілавікі знаходзяць у сацыяльных сетках пры праверках тэлефонаў на мяжы. Праз допыты праходзяць тыя, хто ўключаны ў базу сілавікоў "БЕСпорядки" — туды ўносяцца дадзеныя ўсіх затрыманых пасля пачатку пратэстаў у 2020 годзе.
Рызыкі вяртання: крымінальныя справы і затрыманні на мяжы з Беларуссю
Такім чынам, агулам за дзевяць месяцаў 2024 года ў Беларусі затрымалі не менш за 1 797 чалавек.
Калі вам сутыкнуліся з палітычна матываваным пераследам, былі асуджаныя па адміністрацыйнай ці крымінальнай справай, адбывалі пераслед у ІЧУ, паведаміце, калі ласка, праваабаронцам праз тэлеграм @Viasnainfo. Дапамажыце зафіксаваць усе факты рэпрэсій, каб паказаць свету маштаб катастрофы з правамі чалавека ў Беларусі!
Хроніка рэпрэсій за мінулыя месяцы:
Не менш за 450 чалавек затрымалі ў Беларусі з красавіка па чэрвень
Праваабаронцы "Вясны" падлічылі агульную лічбу затрыманняў за другі квартал 2024 года.
Амаль тысячу чалавек затрымалі за першыя тры месяцы 2024 года ў Беларусі
Праваабаронцы "Вясны" падлічылі агульную лічбу затрыманняў за першы квартал 2024 года.