viasna on patreon

Кастрычнік: паводле крымінальных палітычных справаў у Беларусі асудзілі больш за 170 чалавек

2024 2024-11-14T14:52:00+0300 2024-12-05T18:30:05+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudy-grogno-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота.

Ілюстрацыйнае фота.

У кастрычніку праваабаронцы "Вясны" фіксавалі адно з пікавых значэнняў колькасці грамадзян, супраць якіх судовая сістэма ўжыла рэпрэсіі паводле палітычна матываваных крымінальных справаў. За мінулы месяц гэтая колькасць склала 172 чалавекі, з якіх 52 жанчыны і 120 мужчын. Яшчэ 12 чалавек былі асуджаныя ў рамках працэдуры спецыяльнай вытворчасці.

Рэгіянальная структура пераследу паводле палітычных крымінальных справаў у кастрычніку выглядала наступным чынам:

  • Мінск – 97 чалавек;
  • Брэсцкая вобласць – 34 чалавекі;
  • Гомельская вобласць – 13 чалавек;
  • Мінская вобласць – 10 чалавек;
  • Гродзенская вобласць – 8 чалавек;
  • Віцебская вобласць – 6 чалавек;
  • Магілёўская вобласць – 4 чалавекі.

Судзяць цэлымі сем'ямі

Праваабаронцы па-ранейшаму фіксуюць выпадкі рэпрэсій у дачыненні да цэлых сем'яў або груп сваякоў. Гомельскі абласны суд асудзіў да 20 гадоў пазбаўлення волі бацьку і сына Паўла і Сяргея Кабарчукоў са штрафам у памеры 700 базавых велічынь паводле артыкулаў аб "незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў", "падрыхтоўцы да акту тэрарызму", "незаконным перамяшчэнні праз мяжу ўзбраення" і "агентурнай дзейнасці".

Цягам кастрычніка не менш за тры сямейныя пары трапілі пад пераслед паводле "народнага" 342 артыкула. У судзе Цэнтральнага раёна Мінска разглядалася справа ў дачыненні да Анжэлы і Кірыла Амельянюкоў. У судзе Фрунзенскага раёна Мінска слухалася справа ў дачыненні да Алега і Ларысы Петрашкевічаў, Сяргея і Юліі Купрыенкаў.

Тэндэнцыя паўторнага і наступнага асуджэння

У структуры крымінальнага пераследу паводле палітычных матываў па-ранейшаму адзначаецца тэндэнцыя паўторнага і наступнага асуджэння грамадзян, рэпрэсаваных у крымінальна-прававым парадку. За кастрычнік стала вядома пра не менш за 8 такіх фактаў. Мінскі гарадскі суд разглядаў справу ў дачыненні да Сяргея Белага паводле артыкулаў аб "распальванні варожасці", "удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні", "абразе Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады". Год таму ў гэтым жа судзе слухалася справа ў дачыненні да яго паводле артыкула, які прадугледжвае адказнасць за распальванне варожасці.

Мінскі гарадскі суд асудзіў Алену Барысюк да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі паводле артыкула аб распальванні варожасці. Да гэтага моманту жанчыну рэпрэсавалі паводле артыкула аб "абразе прадстаўніка ўлады" ў судзе Івацэвіцкага раёна і паводле артыкулаў аб "абразе Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады" ў судзе Першамайскага раёна Мінска.

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска слухалася справа ў дачыненні да Сяргея Шынкевіча, абвінавачанага паводле "народнага" 342 артыкула КК. У сакавіку 2022 года суд Крупскага раёна асудзіў мужчыну на паўтара года хатняй хіміі паводле артыкула аб "абразе прадстаўніка ўлады". Брэсцкі абласны суд на працягу справаздачнага перыяду разглядаў справу ў дачыненні да палітвязня з Баранавічаў Яўгена Кладава паводле артыкулаў аб "распальванні варожасці", "масавых беспарадках", "удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні", "закліках да санкцый", "абразе Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады". Год таму судом Баранавіцкага раёна мужчына быў рэпрэсаваны на год пазбаўлення волі па артыкуле аб "абразе Лукашэнкі".

Брэсцкі абласны суд на працягу кастрычніка разглядаў справу ў дачыненні да Віталя Коршуна, які абвінавачваецца ў "распальванні варожасці", "масавых беспарадках", "удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак", "закліках да санкцый" і "паклёпе на адрас Лукашэнкі". Тры гады таму Віталь Коршун быў фігурантам крымінальнай справы, якая слухалася ў судзе Баранавіцкага раёна паводле артыкула аб умяшанні ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Гродзенскі абласны суд разглядаў справу ў дачыненні да Наталлі Антонавай, якая абвінавачваецца ў "распальванні варожасці" і "паклёпе на адрас Лукашэнкі". У сакавіку 2023 года жанчына была асуджаная судом Ленінскага раёна Гародні да трох гадоў хатняй хіміі паводле 342 артыкула.

Асаблівай увагі заслугоўваюць крымінальныя справы ў дачыненні да Паліны Шарэнды-Панасюк і Вікторыі Кульшы, якіх адвольна пазбаўляюць волі паводле артыкула 411 КК, падаўжаючы тым самым тэрмін турэмнага зняволення. Суд Рэчыцкага раёна ў кастрычніку дадаў па адным годзе пазбаўлення волі кожнай.

Выкарыстанне прымусовых захадаў бяспекі

На працягу кастрычніка назіралася тэндэнцыя пераследу грамадзян паводле палітычных матываў як асоб, якія ўчынілі грамадска небяспечнае дзеянне. Гэта азначае, што з высокай доляй верагоднасці судовае разбіральніцтва для фігуранта скончыцца ўжываннем прымусовых захадаў бяспекі і лячэння як у дачыненні да асобы, якая пакутуе на псіхічнае расстройства. У верасні праваабаронцы зафіксавалі шэсць такіх выпадкаў, у кастрычніку – тры. Суд Ленінскага раёна Магілёва разглядаў справу ў дачыненні да Дзяніса Чумакова, які абвінавачваецца ў абразе Лукашэнкі.

Мінскі гарадскі суд разглядаў справу ў дачыненні да Аскера Алахвердзіева, якому прымусовыя захады бяспекі і лячэння былі прызначаныя па выніках судовага разбору паводле артыкула, які прадугледжвае адказнасць за ўдзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўцы альбо падрыхтоўцы асоб да такога ўдзелу. У гэтым жа судзе разглядалася справа ў дачыненні да Наталлі Манылы як у дачыненні да асобы, якая ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне паводле артыкула аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. Справа скончылася ўжываннем да абвінавачанай прымусовых захадаў бяспекі і лячэння.

Структура крымінальнага пераследу паводле палітычных матываў перажывае змены ў бок выкарыстання больш цяжкіх складаў злачынстваў, якія аказваюць яшчэ большы рэпрэсіўны эфект на ўсё грамадства ў цэлым. Адным з такіх праяў становіцца ўзрастанне колькасці грамадзян, якія пераследуюцца паводле артыкулаў 32 артыкула КК "Злачынствы супраць дзяржавы". Фігурантам справаў усё часцей ставяць у віну артыкулы, якія прадугледжваюць адказнасць за:

  • "Заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь"
  • "Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім"
  • "Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці"
  • "Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу"
  • "Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці"

Усе пяць складаў злачынстваў актыўна выкарыстоўваюцца для пераследу за публічныя выказванні, пераводы грашовых ахвяраванняў на адрас нефармальных арганізацый, перадачу інфармацыі незалежным рэсурсам, удзел у чатах і супольнасцях, якія ўлады абвяшчаюць экстрэмісцкімі фармаваннямі. Толькі паводле пяці названых артыкулах 32 артыкула КК у кастрычніку асуджаныя 29% грамадзян з тых 172, пра якія ідзе гаворка ў гэтым матэрыяле.

За кастрычнік у абвінавачванні ў 23 чалавек меўся артыкул, які прадугледжвае адказнасць за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (361 заўв. 4 КК). Фактычна праваабаронцы ў штодзённым рэжыме фіксавалі ўжыванне дадзенага артыкула. На момант пратэстаў 2020 года такога складу злачынства ў Крымінальным кодэксе наогул не існавала. Ён з'явіўся ў КК толькі ў сярэдзіне 2021 года і за тры гады выкарыстання стаў адным з інструментаў, які часта выкарыстоўваецца сілавым блокам для пераследу грамадзян за перадачу інфармацыі рэсурсам, якія вымушаныя працаваць у эміграцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства