viasna on patreon

650 чалавек у Беларусі асудзілі за "распальванне іншай сацыяльнай варожасці"

2024 2024-12-06T12:57:25+0300 2024-12-06T16:53:05+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/starazhenka_ill.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Артыкул 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) пасля 2020 года стаў распаўсюджаным інструментам рэжыму для барацьбы з іншадумцамі. Справы паводле арт. 130 КК пераважна датычаць выказванняў у інтэрнэце — публікацый рознага кантэнту з крытыкай рэжыму і негатыўнымі выказваннямі аб прадстаўніках улады, каментароў у сацыяльных сетках і публічных чатах, а таксама за перадачу звестак пра сілавікоў і чыноўнікаў пратэсным структурам. Але часам гэты артыкул выкарыстоўваецца больш шырока. Па гэтым жа артыкуле судзілі і праваабаронцу Насту Лойку за даклад і мастака Алеся Пушкіна за карціны. У Беларусі за гэта асудзілі ўжо 650 чалавек, з іх 106 — жанчына. "Вясна" распавядае, каго і за што пераследуюць за "распальванне іншай сацыяльнай варожасці".

Катаванні Мікіты Старажэнкі. Ілюстрацыя

Каго пераследуюць паводле арт. 130 КК?

Як адзначалі праваабаронцы ў дакладзе "Абмежаванне свабоды выказвання меркаванняў пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам", на практыцы артыкул 130 КК селектыўна выкарыстоўваецца дзеля пераследу з мэтай абароны інстытутаў улады. У выніку легітымная мэта абароны ўразлівых груп падмяняецца абаронай прадстаўнікоў улады — супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і г. д., якія адносяцца, наадварот, да прывілеяванай групы.

Справы паводле арт. 130 КК пераважна датычаць выказванняў у інтэрнэце — публікацый рознага кантэнту з крытыкай рэжыму і негатыўнымі выказваннямі аб прадстаўніках улады, каментароў у сацыяльных сетках і публічных чатах.

У шэрагу выпадкаў крымінальныя справы датычаць не публічных выказванняў, а перадачы розным пратэсным суб'ектам персанальных звестак прадстаўнікоў улады. У якасці "распальвання іншай сацыяльнай варожасці" маецца на ўвазе публічны распаўсюд інфармацыі наконт датычнасці чыноўнікаў і супрацоўнікаў сілавых структур да парушэнняў правоў чалавека. Згодна з такой логікай пераследвалі, напрыклад, за перадачу персанальных звестак прадстаўнікоў улады ў "Чорную кнігу Беларусі" — пратэсны Telegram-канал.

Як праходзць суды паводле арт. 130 КК?

Такія справы ў судах разглядаюцца ў закрытым рэжыме. Як адзначаюць праваабаронцы, гэта груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і зводзіць да мінімальнай ацэнку дакладнасці, дастатковасці і дапушчальнасці якіх бы там ні было доказаў абвінавачвання.

Судовыя працэсы над затрыманымі паводле арт. 130 КК праходзяць канвеерам да гэтага часу. Толькі на гэтым тыдні — з 2 па 6 снежня — у судах па ўсёй Беларусі судзяць 12 чалавек.

Напрыклад, 4 снежня ў Брэсцкім гарадскім судзе пачалі судзіць, у тым ліку паводле арт. 130 КК 21-гадовую дзяўчыну з Баранавічаў Ганну Курыс.

Артыкул 130 КК крыміналізуе шырокі спектр выказванняў, не абмяжоўваючыся найболей сур'ёзнымі формамі падбухторвання. Суды не праводзяць ацэнку выказванняў на адпаведнасць крытэрам, якія дазваляюць класіфікаваць ненавісцніцкае выказванне як падбухторванне. Стандартная фармулёўка экспертных лінгвістычных высноваў, на якую звычайна спасылаюцца суды як на доказ вінаватасці, — "у выказванні ўтрымліваецца негатыўная ацэнка".

"Справа ЧКБ"

"Справа Чорнай кнігі Беларусі" — адна з самых нашумелых і сумнавядомых крымінальных справаў пасля падзей 2020 года. За перадачу ў чат-бот аднайменнага тэлеграм-канала асабістых дадзеных людзей, якія, па меркаванні ініцыятывы, спрычыніліся да фальсіфікацыі выбараў, гвалту супраць мірных пратэстоўцаў і рэпрэсій у Беларусі, былі затрыманыя дзясяткі людзей. Датычных вылічылі праз тое, што амаль ад самага пачатку ў ініцыятыве быў укаранёны супрацоўнік ГУБАЗіКу. 

Затрыманым ставілі ў віну, у тым ліку арт. 130 КК. Сярод іх — супрацоўнікі банку, былыя пракуроры, міліцыянты і следчыя, чыноўкі, адвакатка, былы падпалкоўнік юстыцыі, судмедэкспет, музыка і мастак. Некаторыя з арыштаваных пры затрыманні супрацоўнікамі ГУБАЗіКа прайшлі збіванні і катаванні. 

За "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" асудзілі і адміністратараў ЧКБ. Так, напрыклад, 6 траўня 2022 года ў Гродзенскім абласным судзе да шасці гадоў калоніі паводле двух артыкулаў КК — ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці ў складзе групы асоб) і ч. 1 арт. 179 (незаконны збор інфармацыі пра прыватнае жыццё) асудзілі Сафію Сапегу. 7 чэрвеня 2023 года Сафія была вызвалена па памілаванні.

У студзені 2023 года пяць чалавек завочна асудзілі за адміністраванне Telegram-канала "Чорная кніга Беларусі". Гэта быў першы завочны суд Беларусі.

Мінімум 32 асуджаныя, катаванні, закрытыя і завочныя суды: што цяпер вядома пра "справу ЧКБ"

"Вясна" распавядае пра пераслед па "справе ЧКБ" і пра асуджаных за "злівы" палітвязняў.

Завочныя суды

У 2023 года распаўсюджанай практыкай стала выстаўленне абвінавачванняў паводле арт. 130 КК у межах спецыяльнай вытворчасці апазіцыйным палітыкам і іншым публічным персонам, якія крытыкуюць дзеючыя ўлады. Паводле арт. 130 КК у сукупнасці з іншымі абвінавачваннямі амаль за два гады асудзілі 56 чалавек. Сярод асуджаных за "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" — дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская, беларускі палітолаг Рыгор Астапеня, псіхолагіня і былая дырэктарка ліквідаванага ўладамі гарадзенскага хоспісу Вольга Вялічка, журналіст і палітолаг Юрый Дракахруст, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка, журналістка Ганна Любакова, блогеры Андрэй Павук і Вольга Павук, галоўны дарадца дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

"Справа Зельцэра"

Яшчэ адна гучная справа, па якой затрыманых судзілі паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса, —"справа Зельцэра". За каментары з асуджэннем дзеянняў кдбшнікаў паводле крымінальных справаў асудзілі не менш за 124 чалавекі. Абсалютная большасць з іх была пазбаўлена волі. Амаль усе адбылі свае тэрміны цалкам у нечалавечых умовах і выйшлі на волю па заканчэнні тэрміну.

Сярод асуджаных — гукарэжысёр Арцём Задруцкі. Яго асудзілі за слова "карнік" у каментарах у сацсетках. У экспертызе было пазначана: "Негатыўная ацэнка дзеяння з дапамогай агульнаўжывальнай лексікі, якая не змяшчае мацюкальнай ці іншай грубай лексікі".

Слухаць маналог былога палітвязня:

Пераслед праваабаронцы за даклад 

Наста Лойка. Фота з архіва сяброўкі Насты
Наста Лойка. Фота з архіва сяброўкі Насты

Прыкрым прыкладам палітычнагу пераследу паводле арт. 130 КК з'яўляецца гісторыя праваабаронцы Насты Лойкі. Яе затрымалі ў кастрычніку 2022 года і пазней прад'явілі абвінавачванне паводле арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Падставай для гэтага зрабіўся нібыта ўдзел праваабаронцы ў напісанні справаздачы аб пераследзе анархісцкай супольнасці ў Беларусі за 2018 год: у дакладзе даецца крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі.

У Мінскім гарадскім судзе 20 чэрвеня 2023 года вынеслі прысуд па справе палітзняволенай праваабаронцы Насты Лойкі: ёй прызначылі сем гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Амаль напачатку судовага пасяджэння працэс зрабілі закрытым, таму падрабязнасці крымінальнай справы і пазіцыя Насты невядомыя.

Як адзначалі праваабаронцы, крымінальная справа супраць праваабаронцы Насты Лойкі дэманструе тэндэнцыю ўладаў скажона інтэрпрэтаваць палажэнні аб распальванні варожасці і варажнечы дзеля пераследу за распаўсюд інфармацыі аб парушэннях правоў чалавека.

Пераслед мастака за карціну

Паводле арт. 130 КК судзілі гэтак жа і мастака Алеся Пушкіна, які, адбываючы тэрмін, памёр у турме. Прычынай для пераследу паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса стала размяшчэнне мастаком партрэтаў прадстаўнікоў беларускага антысавецкага супраціву Міхала Вітушкі, Усевалада Родзькі і Яўгена Жыхара на выставе ў гродзенскім "Цэнтры гарадскога жыцця", што трактавалі як "рэабілітацыю нацызму". Карціна Жыхара была напісана ў 2014 годзе і раней экспанавалася ў Беларусі і Расіі. Суд над мастаком распачаўся 10 сакавіка 2022 года. Яго амаль адразу зрабілі закрытым. Паводле інфармацыі праваабаронцаў "Вясны" Алесь Пушкін падрыхтаваў апошняе слова на 23 старонкі, але праз тое, што суд быў закрыты, грамадскасць яго не пачула. Паводле арт. 130 і 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў) КК Алеся Пушкіна асудзілі да пяці гадоў калоніі.

11 ліпеня 2023 года ноччу Алесь памёр у рэанімацыі, куды яго даставілі з гарадзенскай турмы, праз несвоечасова аказаную медыцынскую дапамогу пры прабадной язве.

Пераслед Эдуарда Бабарыкі 

Эдуард Бабарыка на на агалошванні прысуду 5 ліпеня 2023 года
Эдуард Бабарыка на на агалошванні прысуду 5 ліпеня 2023 года

За "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" судзілі і Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі. Гэтае абвінавачванне яму выставілі пасля паўтара года ўтрымання ў СІЗА, але яго сутнасць невядомая.

Вядома, што Эдуард Бабарыка не прызнаў віну.

Мінскі абласны суд 5 ліпеня 2023 года агучыў прысуд палітзняволенаму Эдуарду Бабарыку: восем гадоў калоніі. Яго прызналі вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), арт. 243 Крымінальнага кодэкса(ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў), арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці ці варажнечы).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства