viasna on patreon

Менск: Інфармацыя хаваецца нават ад сяброў акруговых камісіяў

2008 2008-08-19T10:06:59+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

8 жніўня мы паведамлялі пра адзін з фактаў выкарыстання адміністрацыйнага рэсурса падчас збору подпісаў педагогамі. Сведчаннем таму стала аб'ява з просьбай  "подойти с паспортом к Гречухиной Н.С.", адрасаванай да членаў працоўнага калектыва аднаго з дзіцячых садкоў Кастрычніцкага раёна. Спроба высветліць, ці з'яўляецца Грачухіна Н. С. сябрам ініцыятыўнай групы кагосьці з вылучэнцаў, скончылася няўдала.

Каб праверыць гэту інфармацыю, мы звярнуліся па дапамогу да Ю. Л. Пальчэўскага, сябра Кастрычніцкай акруговай камісіі № 97, вылучанага ад Партыі БНФ. Калі Юрый Леанідавіч падчас чарговага дзяжурства ў камісіі папрасіў інфармацыю, каб пазнаёміцца са складам ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў па акрузе, яму сказалі, што гэта зрабіць немагчыма. Як патлумачыла яму сакратарка, у камісіі была праверка з Менгарвыканкама, ад якой паступіў загад усе матэрыялы схаваць у сейф. Дарэчы, там падобныя дакументы і павінны захоўвацца, але усе сябры камісіі маюць права азнаёміцца з імі. Доступу да патрэбнай нам інфармацыі сп. Пальчэўскі так і не атрымаў.

Калі такая сітуацыя ўзнікла з сябрам акруговай камісіі, не здзіўляе, што ў інфармацыі адмаўляюць "выпадковым" выбаршчыкам. Пра адзін з такіх выпадкаў распавяла жыхарка Васняцоўскай акругі № 93.

- У пошуках патрэбных мне звестак 14 жніўня я наведала акруговую камісію № 93, што знаходзіцца ў памяшканні адміністрацыі Заводскага раёна. Папрасіла, каб мне далі азнаёміцца са спісам вылучэнцаў ва УВК, запытала, ці ёсць якія праблемы на акрузе. Сябры камісіі, зразумела, пацікавіліся, навошта мне такая інфармацыя. Я адказала, што навучаюся на гістфаку і ў мяне запланаваная курсавая праца па тэме выбараў і палітычнай сітуацыі на Беларусі, таму зараз вывучаю гэтае пытанне. Усе раптам неяк змяніліся і насцярожана запыталі, дзе я навучаюся. Я адказала. Тады яны прапанавалі, каб я дала ім свае дакументы – яны зарэгіструюць мяне, адзначыўшы маю зацікаўленасць, і, магчыма, нейкія звесткі змогуць мне паведаміць. Я сказала, што забылася пашпарт дома, пасля чаго мяне папрасілі пакінуць памяшканне. Я спытала: няўжо гэта такая сакрэтная інфармацыя? Калі інфармацыя будзе не сакрэтная, вы прачытаеце яе ў газеце, - адказалі мне і сказалі міліцыянеру, які дзяжурыў у холе, правесці мяне на вуліцу. Мне прыйшлося пакінуць памяшканне.

Нагадаем, што Выбарчы кодэкс патрабуе ад адпаведных камісіяў, прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў прытрымлівацца прынцыпа адкрытасці і галоснасці пры правядзенні выбараў, інфармаваць грамадзян аб сваёй працы у ходзе выбарчай кампаніі.    

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства