На Гарадзеншчыне зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты першы прадстаўнік АДС
Сёння раніцай адбылося паседжанне акруговай камісіі Гродзенскай сельскай выбарчай акругі № 52. Кандыдатамі ў дэпутаты сярод трох прэтэндэнтаў зарэгістраваныя старшыня раённай арганізацыі БРСМ Мікалай Гарбачонак і прадстаўнік партыі АГП Віктар Падчыненкаў. А вось былы старшыня Саюзу палякаў на Беларусі, выкладчык Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы Тадэвуш Кручкоўскі нечакана для многіх незалежных назіральнікаў не зарэгістраваны.
Па інфармацыі камісіі 3,5 % подпісаў М. Гарбачонка і 4,5 % подпісаў В. Падчыненкава прызнаныя несапраўднымі, але абодвух зарэгістравалі ў якасці кандыдатаў. У Т. Кручкоўскага неспраўднымі прызнаныя 17,7% подпісаў.
Адзначым, што Віктар Падчыненкаў стаў першым вылучэнцам ад АДС на Гарадзеншчыне, якога зарэгістравалі ў якасці кандыдата ў дэпутаты. Нагадаем, што па Ваўкавыскай выбарчай акрузе № 48 і па Мастоўскай выбарчай акрузе № 56 засталіся толькі аднаасобныя праўладныя кандыдаты.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”