Кандыдату ў дэпутаты забаранілі называць сайт партыі
Учора большасць кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў завяршыла запісы сваіх выступаў на дзяржаўным тэлебачаньні і радыё. Ад заўтрашняга дня ў эфіры пачнуць гучаць іх прамовы.
Кандыдат у дэпутаты Аляксандар Дабравольскі кажа, што ўжо запісаўся на тэлеканале “Лад”. Пры падрыхтоўцы да запісу давялося паспрачацца, канстатуе прэтэндэнт на дэпутацкі мандат:
“Былі ў нас спрэчкі ў сувязі з тым, што я паставіў застаўку, дзе быў адрас АГП — ucpb.org. На гэтым сайце знаходзіцца мая перадвыбарчая праграма цалкам. Яны спачатку сказалі, што гэта ўсё нармальна, што выбарнікі павінны ведаць праграму.
А потым прыйшоў журналіст Юры Леднік, які сказаў, што гэта забаронена, што гэта рэкляма. І тут пачалася спрэчка, пасьля якой стала зразумела, што запісваць мяне яны ня будуць, калі захаваецца гэтая застаўка
Але пасьля нешта спынілася. Мне сказалі, што трэба высьветліць адно пытаньне. Я адказаў, што разумею, пра што ідзе гаворка. А потым прыйшоў журналіст Юры Леднік, які сказаў, што гэта забаронена, што гэта рэкляма. І тут пачалася спрэчка, пасьля якой стала зразумела, што запісваць мяне яны ня будуць, калі захаваецца гэтая застаўка. І таму я пакінуў на застаўцы толькі партыйны лягатып і лягатып АДС”.
Прадпрымальнік з Барысава Віктар Гарбачоў кажа, што ўжо запісаўся для выступу па радыё і тэлебачаньні. Перад пачаткам запісу на тэлебачаньні яго папрасілі паказаць тэкст выступу:
“Папрасілі замяніць толькі адно слова. У мяне быў зварот да выбарнікаў — “біцеся” за свайго кандыдата ў дэпутаты, дэмакратычнага. У сэнсе за мяне. Папрасілі сказаць — ня “біцеся”, а “змагайцеся”. Я вырашыў, што тут нічога прынцыповага няма. Хоць я казаў і пра недахопы ў нашай краіне, пра праблемы прадпрымальніцтва, пра сацыяльныя праблемы, пра скасаваньне льготаў, якія найперш закранулі студэнтаў, пэнсіянэраў, чарнобыльцаў”.
Кандыдаты ў дэпутаты кажуць, што будуць запісваць на відэастужку свае выступы на дзяржаўных каналах. І толькі пасьля можна будзе канстатаваць, ці іхны выступ прайшоў цалкам, ці яго закранулі цэнзарскія нажніцы.
Дагэтуль не відаць, каб зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты пачалі распаўсюджваць свае агітацыйныя матэрыялы. Як тлумачаць прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты, яны яшчэ шукаюць друкарні.